Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Тады ў цісканіне, якая здарылася падчас піўнога сьвята, загінулі 53 чалавекі. У памяць ахвяраў трагедыі сёньня ў Менскім Сьвята-Духавым Катэдральным саборы адбылося памінальнае набажэнства. Бацькі й сваякі загіблых таксама ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі на месцы трагедыі. Яны ўжо страцілі надзею прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у сьмерці іх родных, але яшчэ спадзяюцца ўзьвесьці тут праваслаўную капліцу. Усе жалобныя ўрачыстасьці параходзяць без удзелу ўладаў.

Памінальнае набажэнства распачалося ў Сьвята-Духавым саборы й прадоўжылася на месцы трагедыі. Сёлета яго адпраўляў мітрапаліт Філарэт. Паводле чальцоў цэнтру сацыяльнай абароны "Няміга–99", якія арганізавалі жалобную ўрачыстасьць, менавіта зь ягонай дапамогаю ўдалося дамагчыся дазволу ад гарадзкой адміністрацыі на Хросны ход ад сабору да станцыі мэтро "Няміга". У адрозьненьне ад мінулых гадоў, грамадзянскага мітынгу тут не было. Бо, паводле чальцоў цэнтру, уладныя чыноўнікі адмаўляюцца ад удзелаў у жалобных імпрэзах. Гэтаксама яны адмаўляюцца і дапамагаць сем’ям ахвяраў трагедыі.

Гавораць бацькі загіблых дзяцей Ганна Саладкевіч і Сьвятлана Карпека.

(Саладкевіч: ) "Усюды абыйшлі, па ўсіх інстанцыях і засталіся без дзяцей і без нічога".

(Карпека: ) "На сёньня ніякіх ільготаў у нас няма. То бок, нікому мы сёньня не патрэбныя. Засталіся адзін на адзін са сваім горам".

Менавіта гэтыя жанчыны, а таксама яшчэ 6 сем’яў, спрабавалі праз суд прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у масавай гібелі людзей падчас піўнога сьвята — гарадзкія ўлады, ахоўнікаў правапарадку і камэрцыйныя сруктуры. Аднак паседжаньні ў судах розных узроўняў цягам 4 гадоў так і не далі плёну. Улады па-ранейшаму ня лічаць сябе вінаватымі, і бацькі кажуць, што ўжо адчаяліся дамагчыся справядлівасьці. Гаворыць Натальля Навакоўская.

(Навакоўская: ) "Няма сэнсу нікуды болей зьвяртацца. Мы, канечне, можам перагледзець справу, як цяпер спрабуюць перагледзець у Расеі па "Курску" і "Норд-Осту". Іншая рэч, ці хопіць у бацькоў сілаў".

Але бацькі яшчэ спадзяюцца ўвасобіць у жыцьцё мару гэтаксама чатырохгадовае даўніны — узьвесьці на месцы трагедыі капліцу. За дапамогаю яны намерваюцца зьвярнуцца да Філарэта і ўжо распачалі збор подпісаў пад адпаведным лістом. Гавораць маці загіблых Сьвятлана Рабаконь і Любоў Кулак.

(Рабаконь: ) "Кіраўніцтва гораду адмовілася дазволіць гэта зрабіць, хоць гэта і было магчымым. Але будзем дамагацца, каб дазволілі".

(Кулак: ) "Зьвяртаемся з просьбаю да Філарэта. А пакуль — гэта застаецца нашым болем".

Сёньня ўвечары ў памяшканьні Дому вэтэранаў адбудзецца вечарына для бацькоў, прысьвечаная памяці іх загіблых дзяцей. Яе на грамадзкіх пачатках арганізоўвае кампазытар і музыка Яўген Стахоўскі. Гэтаксама ўвечары адбудзецца памінальная імша ў Чырвоным касьцёле.

Галіна Абакунчык, Менск
,