Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


За першыя чатыры месяцы гэтага году ўдалося прыцягнуць толькі палову ад аб’ёму інвэстыцыяў, якія патрабавалася атрымаць за гэты пэрыяд. У Міністэрстве эканомікі не выключаюць, што гадавы плян, калі не зрабіць сур’ёзных захадаў, можа быць сарваны.

Агульны аб’ём прыцягнутых замежных інвэстыцыяў у беларускую эканоміку сёлета за студзень-красавік склаў 270 мільёнаў даляраў. Калі згадаць, што за год трэба прыцягнуць 1,5 мільярды даляраў, то бачна, наколькі сума нязначная. Прычым асноўная доля прыцягнутых сродкаў — гэта рознага кшталту крэдыты пад гарантыі ўрада, а ўласна простых інвэстыцыяў усяго 37%.

Намесьнік міністра эканомікі Леанід Дзямідаў пракамэнтаваў гэтую сытуацыю так.

(Дзямідаў: ) "У нас у мінулым годзе ў першым квартале былі дастаткова вялікія ўкладаньні замежных інвэстыцыяў у шэраг буйных праектаў. Але канечне ж, тыя аб’ёмы, якія цяпер ёсьць — 270 мільёнаў супраць 1,5 мільярды даляраў заданьня, калі не паставіць гэтую працу, не дазволяць забясьпечыць 1,5 мільярды".

Каб выправіць становішча, урад хоча правесьці шэраг сустрэчаў-нарадаў з найбуйнымі інвэстарамі, каб высьветліць, якія прычыны стрымліваюць іх ад укладаньня грошай у беларускую эканоміку. Бо інакш сарвуцца ня толькі шматлікія канкрэтныя праекты, але й плян напаўненьня бюджэту. Сёлета разьлічвалі атрымаць у бюджт ад інвэстыцыяў больш за 400 мільярдаў рублёў.

Гаворачы пра продаж акцыяў прадпрыемстваў нафтахімічнай прамысловасьці — галоўны для краіны шанс атрымаць рэальныя інвэстыцыі — намесьнік міністра эканомікі сказаў, што істотна ўмовы конкурсу мяняцца ня будуць, бо гэтыя прадпрыемствы ня трэба прадаваць за капейкі. Разам з тым ён цьвердзіць, што сродкі, атрыманыя ад продажу пакетаў акцыяў ня трапяць у бюджэт і ня пойдуць на пакрыцьцё розных выдаткаў, кшталту выплаты заробкаў.

Эканаміст Леанід Злотнікаў гаворыць, што атрыманыя ўрадам сродкі інвэстыцыямі назваць нельга, бо яны збольшага ня йдуць на канкрэтныя праекты.

(Злотнікаў: ) "Калі трэба пасеяць або сабраць ураджай, або заплаціць заробкі, яны пойдуць туды, куды яны ішлі да гэтага часу. Таму нельга лічыць, што гэтыя грошы будуць інвэстыцыямі. Вось калі яны насамрэч пойдуць у інвэстыцыі, тады можна будзе іх і ўлічваць. Наўпростыя замежныя інвэстыцыі былі й засталіся вельмі малымі. Яны не ўплываюць на разьвіцьцё беларускай эканомікі, бо іх мала. Яны не ўплываюць на інвэстыцыйны клімат Беларусі, бо складаюць усяго 1-2% ад усіх інвэстыцыяў у беларускую эканоміку".

Паводле словаў эканаміста Злотнікава, невысокія паступленьні інвэстыцыяў паспрыяюць значнаму пагаршэньню агульнага эканамічнага становішча ў Беларусі. У Расеі, якая зьяўляецца асноўным рынкам збыту для беларускіх тавараў, аб’ём інвэстыцыяў на душу насельніцтва ўдвая большы, чым у Беларусі.

Юлія Шарова, Менск