Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сёньня раніцай родныя загінуўшых удзельнічалі ў жалобных мерапрыемствах з нагоды 4-й гадавіны трагедыі на Нямізе.

Жалобныя мерапрыемствы з нагоды 4 гадавіны трагедыі арганізуе цэнтар сацыяльнай абароны "Няміга-99". У рамках жалобных урачыстасьцяў ураніцу адбылася паніхіда ў Сьвята-Духавым Катэдральным Саборы і ўдзень — мітынг на станцыі мэтро "Няміга", дзе ў 1999 годзе загінулі людзі. Увечары жалобная імша па ахвярах Нямігі адбудзецца ў Чырвоным касьцёле.

Грамадзкая арганізацыя "Праўная дапамога насельніцтву" дапамагала адстаяць правы бацькоў, дзеці якіх загінулі на Нямізе, аднак, безвынікова. Крымінальная справа супраць міліцэйскіх начальнікаў Віктара Русака і Мікалая Кандраціна, якія адказвалі за забесьпячэньне грамадзкага парадку ў той трагічны дзень, спыненая ў пачатку 2002 годзе за тэрмінам даўнасьці.

Акрамя крымінальнае справы бацькі дзяцей загінуўшых на Нямізе падалі ў суд грамадзянскія пазовы. Бацькі 8-мі загінуўшых дзяцей дамагаюцца ад дзяржавы выплаты ў памеры 55-ці тысячы даляраў. Як патлумачыў абаронца інтарэсаў гэтых людзей Алег Воўчак (кіраўнік арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву"), менавіта такая сума ў базавых велічынях ёсьць блізкая да рэальнасьці. Хаця жыцьцё загінуўшых дзяцей немагчыма абазначыць у грошах.

Суды дзьвюх інстанцыяў адмовілі бацькам у задавальненьні пазоваў, бо лічаць, што 30 траўня 1999 году міліцыянты дзейнічалі слушна. Прычына пагібелі людзей, паводле судзьдзяў — зьбег абставінаў і акалічнасьцяў, а таксама кепскае надвор’е. На меркаваньне Алега Воўчака, бацькі загінуўшых на Нямізе дзяцей наўрад ці атрымаюць ад дзяржавы кампэнсацыю, бо ўладам нявыгадна ўзгадываць гэтую трагедыю. Як паведаміў нашаму Радыё Алег Воўчак, бацькі загінуўшых дзяцей будуць дамагацца задаваленьня сваіх пазоваў у Вярхоўным Судзе.

Для ўшанаваньня памяці ахвяраў Нямігі ўлады вылучылі месцы на тых могілках, дзе хацелі бацькі. Часткова былі аплачаны помнікі, але ня цалкам. У асноўным мэмарыялы па загіблых на Кальварыі і Ўсходніх могілках рабілі самі бацькі. Алег Воўчак гаворыць, што менскі гарвыканкам гатовы выдаць яшчэ адну разавую выплату блізкім і родным 53-х загінуўшых на Нямізе. Сума гэтай разавай выплаты трымаецца ў таямніцы.

Альгерд Невяроўскі, Менск