Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амбасадар Іраку ў Беларусі Сальман Зайдан атрымаў пісьмовае распараджэньне Камітэту ў справе аднаўленьня дзейнасьці Міністэрства замежных справаў сваёй краіны згарнуць дыпляматычную дзейнасьць і вярнуцца ў Ірак. Сам спадар Зайдан адмаўляецца камэнтаваць свае далейшыя дзеяньні. Але адмыслоўцы прагназуюць, што ён пачне шукаць палітычнага прытулку ў Беларусі ці некаторых іншых краінах.

Аналягічныя распараджэньні Камітэт у справе аднаўленьня дзейнасьці Міністэрства замежных справаў Іраку накіраваў ва ўсе свае замежныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы. Гэтая структура на сёньня лічыцца часовым урадам Іраку, а таму ягоныя загады мусяць выконвацца безумоўна.

Пракамэнтаваць афіцыйны дакумэнт, а гэтаксама свае далейшыя дзеяньні кіраўнікі ірацкай дыпмісіі ў Менску Сальман Зайдан адмовіўся, спаслаўшыся сваю нядаўнюю шпіталізацыю й цяперашняе дрэннае самаадчуваньне.

Аднак у Міністэрстве замежных справаў Беларусі пацьвердзілі, што ірацкага амбасадара сапраўды адклікаюць у Багдад для кансультацыяў, а таксама, што ніякіх афіцыйных заяваў у сувязі з гэтым спадар Зайдан не рабіў.

Але былы намесьнік міністра замежных справаў Андрэй Саньнікаў прагназуе, што Сальман Зайдан будзе шукаць палітычнага прытулку або хавацца ў Беларусі ці іншых краінах. А ў цяперашнім становішчы адкліканьне дыпмісіі для кансультацыяў, раўназначнае яе закрыцьцю. Гаворыць Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) "Кансультацыі — гэта вельмі зручнае слова. Бываюць і насамрэч кансультацыі, але тое што зараз адбылося, а таксама мы ведаем, што будуць выказваньні лідэраў ірацкай апазыці паводле стасункаў зь Беларусьсю, то ў гэтай сытуацыі відавочна, што тыя супрацоўнікі назад больш ня вернуцца. Што будзе з амбасадаю — гэта іншая справа — я думаю, што дыпляматычныя стасункі зь Беларусьсю прыпыніць ірацкі бок. Чаму гэтага не рабілася раней? Таму, што ў Іраку не было такога воргану, які б мог гэта зрабіць. Думаю, што гэта датычыць многіх краінаў.

Але калі мы гаворым пра Беларусь, то я на месцы амбасадара ня ехаў бы ў Ірак, бо ён тут вельмі добра папрацаваў, падтрымліваючы рэжым Хусэйна. Я думаю, што ён будзе хавацца ці тут, ці ў іншых краінах", — сказаў былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў.

Галіна Абакунчык, Менск