Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Абмеркаваньне беларускага пытаньня прапанаванае Утай Цапф, кіраўніцаю адмысловай рабочай групы Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Паводле ейных словаў, "круглы стол" пройдзе ў час чарговай сэсіі ПА АБСЭ сёлета летам.

Падводзячы вынікі трохдзённага візыту ў Беларусь Ута Цапф сказала, што яна "ня бачыць паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі". Яна назвала галіны, дзе, на яе погляд, становішча нават пагоршылася. Гэта тычыцца недзяржаўных арганізацыяў і ціску парлямэнтароў з дэпутацкай групы "Рэспубліка". І гэта, сказала Ута Цапф, хвалюе рабочую групу ў справах Беларусі.

Спадарыня Цапф прапанавала правесьці ў Ратэрдаме круглы стол па праблемах Беларусі. Яна зыходзіць з таго, што за гэтым круглым сталом мусяць сабрацца розныя палітычныя сілы. А патронам мерапрыемства выступіць ПА АБСЭ. Паводле сябраў дэлегацыі, і бяз таго высокая цікавасьць гэтай міжнароднай арганізацыі да беларускіх справаў узрастае ў зьвязку з заплянаваным пашырэньнем Эўразьвязу. Таму "круглы стол" прымяркоўваюць да летняй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі.

Спадарыня Цапф паведаміла, што прапанова, да якой, дарэчы, дадаецца арганізацыя шэрагу сэмінараў у справе выбарчага заканадаўства, была "добра прынятая суразмоўцамі дэлегацыі". Сярод іх быў і кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Урал Латыпаў. Для Уты Цапф размова зь ім была нечаканасьцю:

(Цапф: ) "Мы атрымалі ў пэўнай ступені нечаканае запрашэньне ад спадара Латыпава, якое першапачаткова не плянавалася. Мы сустрэліся і мы мелі зь ім дастакова шчырую дыскусію. Яна таксама была і супярэчлівай. Я была вельмі зьдзіўленая, калі ўбачыла там спадара Канаплёва. Але спадар Латыпаў сказаў, што ягоны сябар спадар Канаплёў зараз ёсьць галоўнай палітычнай фігураю, якая змагаецца за нармалізацыю. Гэта значыць, што ён адказны за пэўнае разьвіцьцё падзеяў, і я думаю, мы заўсёды мусім нагадваць яму пра гэтую адказнасьць, калі мы гаворым пра закон аб друку ды іншыя паляпшэньні".

Асноўнай мэтаю знаходжаньня дэлегацыі ў Беларусі было абмеркаваньне магчымасьцяў зьмяненьня выбарчага заканадаўства да выбараў Нацыянальнага сходу 2004 году. Тут галоўныя праблемы, на думку міжнародных парлямэнтароў, наступныя: склад выбарчых камісіяў, кантроль за правядзеньнем датэрміновага галасаваньня і галасаньнем на даму, забеспячэньне правоў назіральнікаў.

Пасьля сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі кіраўніца дэлегацыі сказала, што яна "натхнёная гатоўнасьцю суразмоўцаў разгледзець магчымасьць унясеньня паправак у дзейны Выбарчы кодэкс". Са словаў Уты Цапф можна зразумець, што толькі старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына "не да канца ўпэўненая", што Выбарчы кодэкс ня трэба карэктаваць.

Пасьля гэтага журналісты сталі дапытвацца ў дэлегацыі рабочай групы, ці будзе міжнародная супольнасьць неяк кантраляваць зьмены выбарчага заканадаўства, ці не застануцца спадзяваньні пустымі абяцанкамі?..

(Цапф: ) "Мы размаўлялі пра гэта — якой можа быць працэдура. У рэшце рэшт парлямэнт павінен вырашаць лёс закона. Я спадзяюся, што яны пагодзяцца прыняць папраўкі. І мы прапанавалі адзін "круглы стол" у Ратэрдаме на пачатку ліпеня на гэтую тэму, і з дапамагою БДІПЧ, я так спадзяюся, правесьці "круглы стол" у пытаньнях Выбарчага кодэксу і там мы абмяркуем дэталі паправак".

Уладзімер Глод, Менск
,