Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Гэта адбылося нягледзчы на тое, што кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргарт Гайкен загадзя заплаціў Белпрэсцэнтру за правядзеньне прэсавай канфэрэнцыі. Сябра дэлегацыі Урбан Алін папярэджвае Нацыянальны сход, што на сэсіях ПА АБСЭ яго прадстаўнікоў чакаюць непрыемныя пытаньні.

Сваю прэсавую канфэрэнцыю пра вынікі візыту дэлегацыі рабочай групы ПА АБСЭ яе сябры былі вымушаныя ладзіць у адгароджаным куточку рэстарацыі "Вэстфалія", які знаходзіцца побач з офісам АБСЭ ў Менску. Кіраўніца дэлегацыі Ута Цапф назвала гэта "незвычайнай прэсавай канфэрэнцыяй у незвычайных абставінах". Паводзіны Нацыянальнага прэсавага цэнтру яна назвала "дзіўнымі й загадкавымі".

Паводле спадарыні Цапф, амбасадар Гайкен зрабіў замову й заплаціў прэсаваму цэнтру, але за дзень да прызначанай прэсавай канфэрэнцыі яму паведамілі, што памяшканьне ня будзе даступным. "Як я зразумела, адбылося ўмяшаньне з боку МЗС — міністэрства запыталася, чаму яно недаступнае, і адказ быў адзін: з тэхнічных прычынаў", — распавяла Ута Цапф.

Толькі зараз высьветлілася, што менскі офіс АБСЭ аплачваў Нацыянальнаму прэсаваму цэнтру канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў АБСЭ. Я задаў кіраўніку офісу Эбэргарту Гайкену пытаньне — ці ёсьць гэта нармальнай практыкай?

(Гайкен: ) "Наколькі я ведаю, так. Гэта так — гэта нармальна, што мы заплацім грошы".

Але нават грошы часам у Беларусі не дапамагаюць. Паводле зьвестак з Нацыянальнага прэсавага цэнтру, аплачанае мерапрыемства з удзелам Уты Цапф загадаў скасаваць новы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алег Праляскоўскі, які адказвае за ідэалёгію.

Сябры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ апынуліся ў той самай сытуацыі, што й беларуская апазыцыя, якую не пускаюць у дзяржаўныя СМІ. Пра становішча апазыцыянэраў спадарыня Цапф выказалася гэтак: "Яны не зьяўляюцца ў навінах, не зьяўляюцца ў газэтах, яны ня могуць даваць камэнтары на тэлебачаньні. Гэта тое, што мусіць мець дачыненьне да новага закону аб сродках масавай інфармацыі, але гэта ня толькі закон — гэта палітычная стратэгія адмаўляць ім у пашырэньні іх ідэяў". Ута Цапф назвала гэта прадметам заклапочанасьці, таму што крытэры АБСЭ не зьмяніліся.

Афіцыйнаму Менску ня трэба чакаць палёгкі й пасьля таго, як дэлегацыя Нацыянальнага сходу атрымала паўнавартаснае месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Нагадаўшы пра гэта, іншы сябра рабочай групы швэдзкі парлямэнтар Урбан Алін сказаў:

(Алін: ) "Заняць месца — адна рэч. А каб вас паважалі — іншая рэч".

Урбан Алін і Ута Цапф казалі на прэсавай канфэрэнцыі ў рэстарацыі "Вэстфалія", што пашырэньне Эўрапейскага Зьвязу ў наступным годзе зможа даць Беларусі магчымасьць атрымаць "морквіны". У ангельскай мове фраза "морквіны й палкі" значыць тое самае, што й "пернікі й пугі". Таму я спытаўся, а ці гатуюць для Беларусі "палкі" або "пугі"?

(Алін: ) "Пра палкі. Як вы можаце ведаць, я — старшыня камісіі міжнародных справаў швэдзкага парлямэнту, і часта працую з краінамі ў цяжкім становішчы. Калі быць шчырым, найлепшай палкаю ў гэтых краінах ёсьць звычайнае жыцьцё звычайных людзей. Звычайныя людзі адчуваюць у сваім жыцьці, што становіцца горш. Цэны падвышаюцца, праблемы павялічваюцца, з кожным днём усё цяжэй выжыць. І гэта мусіць быць найбольш важнай палкаю ў гэтай краіне.

Што да іншых палак з боку міжнароднай супольнасьці, я кажу, што цяпер яны (беларускія дэпутаты) занялі месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. І я падкрэсьліваю — гэта не бясплатная паездка. Калі вы маеце палітычную сілу, вы таксама маеце палітычную адказнасьць. І гэта тое пытаньне, якое будзе закранацца Парлямэнцкай асамблеяй АБСЭ. Парлямэнтары будуць сустракацца з парлямэнтарамі іншых краін, задаючы ім пытаньне: як можа быць так, што расьсьледаваньні наконт зьніклых людзей закрытыя, чаму вы зьмяняеце закон, які яшчэ больш ускладняе правядзеньне дэманстрацыяў у вашай краіне, калі вы зьбіраецеся зьмяніць Выбарчы кодэкс, каб ён больш адпавядаў міжнародным стандартам і каб мы вас маглі паважаць. Вось гэта — палкі. Адначасова гэта й маркоўка, таму што я ведаю: парлямэнтары хочуць, каб іх выбіралі і каб іх паважалі".

Юры Сьвірко, Менск
,