Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У сталіцы Нэпалу — Катманду — распачаліся сьвяткаваньні Залатога Юбілею першага ўзыходжаньня на Эвэрэст. Беларусь на ўсясьветным форуме прадстаўляе адна з мацнейшых альпіністак сьвету Ірына Велянкова. Але гэтага прадстаўніцтва магло і ня быць: пасьля таго, як усе дзяржаўныя структуры адмовіліся фінансаваць паездку, выдаткі на пералёт у Катманду ўзяў на сябе кансулят Каралеўства Нэпал у Беларусі.

Абсалютныя рэкардысты ўзыходжаньня на Джамалюнгму — нэпальцы: амаль трыста пасьпяховых спробаў, што складае траціну ад усіх усясьветных экспэдыцыяў. Яшчэ паўтысячы зь дзевяці сотняў альпіністаў, якія ўзыходзілі на Эвэрэст цягам паўстагодзьдзя, з усіх куткоў Зямлі прыбываюць на ўрачыстасьці ў Катманду.

Паводле афіцыйных дадзеных, 160 альпіністаў розных нацыянальнасьцяў знайшлі свой вечны прытулак на сьнежных схілах Эвэрэсту. Іхную памяць сёньня ўшанавалі ўдзельнікі форуму.

У сьвяткаваньні 50-годзьдзя скарэньня Эвэрэсту бярэ ўдзел нэпальская каралеўская сям’я, што падкрэсьлівае важнасьць падзеі ў міжнародным маштабе. Усе імянныя запрашэньні падпісваў непасрэдна кароль Г’янэндра. Адзіная беларуская прадстаўніца на сьвяткаваньнях, майстар спорту міжнароднае клясы Ірына Велянкова, таксама атрымала такое запрашэньне, хоць Эвэрэст ёй пакуль не скарыўся. Аднак у запрашэньні напісана, што ўдзел у сьвяце — гэта адзнака заслугаў беларускай спартоўкі ў высотным альпінізьме, даніна яе мужнасьці і адданасьці гарам.

Няпярэдадні ад’езду Ірына Вялянкова адзначыла, што для яе гэта куды болей значыць, чым проста прызнаньне заслугаў.

(Велянкова: ) "Для мяне гэта вельмі важна. Тут адыходзяць назад усе непаразуменьні; наогул робіцца бяз розьніцы — хто якой нацыянальнасьці, якую прэзэнтуе краіну і якога ён веравызнаньня. Людзі яднаюцца духам любові да жыцьця, да прыроды, да Бога. Дух усеагульнага, абсалютнага шчасьця ахоплівае чалавека, калі ён стаіць на вяршыні. Гэта сапраўды прыступка да ўдасканаленьня чалавека. І таму магчымасьць акунуцца ў атмасфэру людзей, блізкіх мне па духу, быць сярод людзей, якіх сапраўды можна называць зь вялікай літары — для мяне гэта вельмі важна".

Накіравацца ў Нэпал Ірына Велянкова плянавала яшчэ на пачатку году. Тады дзясяткі спартоўцаў з усяго сьвету марылі зрабіць пасьпяховыя ўзыходжаньні на вышэйшую кропку сьвету, каб тым самым адзначыць юбілей першай пасьпяховай экспэдыцыі на Эвэрэст. Але патрэбных для гэтага 13 тысячаў даляраў Велянкова так і не знайшла. Асабістыя наведваньні міністра спорту, дарадцаў Лукашэнкі, блуканьні ў пошуках патэнцыйных фундатараў плёну ня мелі. Ніхто не зразумеў яе, не палічыў, што гэта — укладаньне сродкаў ня проста ў альпінізам, а ў гонар краіны.

Зрэшты, і патрэбнай зараз тысячы даляраў на пералёт ў Катманду дзяржава гэтаксама не знайшла. Толькі асабістае ўмяшаньне ў апошнім момант ганаровага консулу Нэпалу ў Беларусі Махата Ўпэндры, які ад імя свайго Каралеўства прапанаваў пакрыць транспартныя і візавыя выдаткі, зрабіла магчымым удзел ва ўсясьветьным форуме беларускай альпіністкі — Ірыны Велянковай.

Ігар Карней, Менск
0058045