Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пра гэта заявіў на сваёй прэсавай канфэрэнцыі старшыня расейскага Цэнтарвыбаркаму Аляксандар Вешнякоў. Прычына, паводле Вешнякова, у тым, што няма палітычнага рашэньня аб правядзеньні плебісцыту. Старшыня расейскага Цэнтарвыбаркаму заявіў, што не чакае гэтага рашэньня і ў наступным годзе.

Праект канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы, які і меркавалася вынесьці на рэфэрэндум, быў падрыхтаваны 2 месяцы таму. Аднак паседжаньне найвышэйшага савету саюзу, на якім зьбіраліся яго разгледзець, за гэты час не адбылося. Аднак, акрамя гэтай фармальнай перашкоды адбылося шмат іншых падзеяў, якія палягаюць цалкам у рэчышчы заявы старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму:

- разгараецца, можа, самы важны канфлікт у двухбаковых адносінах – вакол прыватызацыі "Белтрансгазу", умовы продажу, прапанаваныя афіцыйным Менскам, абсалютна не задавальняюць "Газпрам";

- не адбыліся таргі па акцыях беларускага нафтахіму, расейскіх інвэстараў, зноў жа, не зацікавілі беларускія прапановы;

- на міжурадавых перамовах пра пераход на расейскі рубель беларускі бок працягвае жорстка настойваць на парытэтных правох эмісіі;

- прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у сваім штогадовым пасланьні парлямэнту ані словам не прыгадаў расейска-беларускую інтэграцыю і ўвогуле Беларусь;

- паседжаньне парлямэнцкага сходу саюзу, якое плянавалася правесьці ў пачатку чэрвеня ў Магілёве, было адкладзенае на няпэўны тэрмін.

Расейскія "Известия" надрукавалі з гэтай нагоды камэнтар, паводле якога перанос паседжаньня – праява сур’ёзных супярэчнасьцяў паміж Масквою і Менскам. Публікацыя выклікала рэзкія абвінавачаньні з боку афіцыйных беларускіх мэдыяў, на якія прагучаў ня менш рэзкі адказ саміх "Известий".

Пералічаныя падзеі маюць розную вагу, але ўсе яны сьведчаць пра адно: у такіх варунках любыя размовы пра аб’яднаньне – недарэчныя.

Сваё меркаваньне, чаму Крэмль сёлета адмовіўся ад правядзеньня інтэграцыйнага рэфэрэндуму, выказвае старшыня партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) "Пуцінскае кіраўніцтва Расеі абрала найперш эканамічныя рычагі для захаваньня Беларусі ў сфэры расейскага ўплыву і замацаваньня гэтага ўплыву. Правядзеньне такога рэфэрэндуму ў Беларусі непазьбежна было бы спалучанае з рэфэрэндумам пра трэці тэрмін для Лукашэнкі. Пуціну было б невыгодна адвязваць лукашэнкаўскі павадок, на якім ён цяпер ходзіць і які становіцца карацейшы і карацейшы менавіта дзякуючы інструмэнтам эканамічнага ціску, бо калі б Лукашэнка праз правядзеньне такога рэфэрэндуму атрымаў бы прынамсі ў маскоўскіх вачах легітымнасьць свайго трэцяга тэрміну, гэта азначала бы пэўную большую свабоду яго індывідуальных лукашэнкаўскіх паводзінаў – не краіны Беларусь, а менавіта Лукашэнкі, і гэта Пуціну было б невыгодна. І Пуціну, я думаю, спатрэбяцца пэўныя юрыдычныя захады для легалізацыі ўключэньня альбо шчыльнага далучэньня Беларусі, калі сам Пуцін пойдзе на трэці тэрмін. Цяпер ён на другі тэрмін і так лёгка ідзе і перамагае".

Паводле зьвестак беларускага палітоляга Андрэя Суздальцава, беларускія ўлады робяць усё магчымае, каб рэфэрэндум адбыўся, прычым менавіта сёлета.

(Суздальцаў: ) "Правядзеньне супольнага рэфэрэндуму ў Беларусі і Расеі было б для Лукашэнкі ідэальнай магчымасьцю паставіць сваё лёсавызначальнае пытаньне – аб трэцім тэрміне. Таму зараз усе сілы кінутыя, каб пралябіяваць у Расеі правядзеньне саюзнага рэфэрэндуму сёлета. Самае позьняе – у наступным годзе, хаця гэта ўжо небясьпечна для Лукашэнкі. Галоўны лябіст тут – Генадзь Селязьнёў. Разам з тым мабілізаваныя лябісцкія групы ў адміністрацыі прэзыдэнта Расеі, ва ўрадзе, у Думе. Выдзеленыя рэсурсы, грошы. Яны будуць змагацца да апошняга, каб гэта адбылося".

Вінцук Вячорка мяркуе, што, ведаючы пільную патрэбу Лукашэнкі ў рэфэрэндуме, расейскія ўлады карыстаюцца гэтай тэмаю як сродкам ціску на Менск.

(Вячорка: ) "Гэтыя заявы – гэта ёсьць таксама сваёго роду ўскосны ціск на Лукашэнку, які вельмі якраз хацеў бы правядзеньня аб’яднанага дзьвюхтэмнага рэфэрэндуму ў Беларусі, бо калі б такі рэфэрэндум паказаў – ну, у нас рэфэрэндум што хочаш можа паказаць, што закажаш, тое й пакажа – калі б ён паказаў, што нібыта бальшыня беларусаў за канстытуцыйны акт, за стварэньне саюзнай дзяржавы, то ён бы паслужыў такім чынам паравозікам для Расеі, якая змушаная была бы прызнаць – а ўсьлед за Расеяй яшчэ й краіны тыпу Казахстану прызналі бы, а там, як спадзяецца нехта, глядзіш, і Парлямэнцкая Асамблея АБСЭ прызнала бы – і нейкія рашэньні наконт трэцяга тэрміну".

Андрэй Суздальцаў лічыць, што зараз рэфэрэндуім ня выгадны Крамлю палітычна, акрамя таго, на думку палітоляга, у пытаньні прыватызацыі "Белтрансгазу" на карту пастаўленая асабістая рэпутацыя Ўладзімера Пуціна.

(Суздальцаў : ) "Любы рэфэрэндум сёньня ў Расеі – гэта падтрымка левага блёку. Любы рэфэрэндум сёньня ў Расеі – гэта падтрымка Лукашэнкі. Падтрымкі такой ён не атрымае. І гэта зьвязана з прыватызацыяй "Белтрансгазу". Гэта крытычнае і вельмі вострае пытаньне. Яно мусіць быць вырашанае ў бліжэйшыя тыдні. Пакуль яно ня будзе вырашанае, ніякай падтрымкі яму ня будзе".

Пэўны час таму шэраг экспэртаў меркавалі, што напярэдадні выбараў – сёлета думскіх, ў наступным годзе прэзыдэнцкіх , расейскае кіраўніцтва будзе вымушанае скарыстаць папулярную інтэграцыйную карту. Аднак заява старшыні расейскага Цэнтарвыбаркаму пра тое, што аб’яднаўчага рэфэрэндуму ня будзе, сьведчыць нібыта пра адваротнае. Гаворыць Андрэй Суздальцаў:

(Суздальцаў: ) "Згуляе карта інтэграцыі, але на ўсёй постсавецкай прасторы. Гэтае аб’яднаньне чатырох – гэта вельмі актуальна для Пуціна. У апошнія гады адбылося збліжэньне расейскага і ўкраінскага капіталаў, украінскі капітал зараз пайшоў у Расею. Зараз вялікую ролю адыгрывае інтэграцыя з Казахстанам і Ўкраінай, Беларусь у гэтым аб’яднаньні – збоку. Гэтая тэма будзе выкарыстоўвацца".

Юры Дракахруст, Прага