Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амбасадары Вялікабрытаніі, Нямеччыны і Францыі наведалі пацярпелыя ад Чарнобылю Хойніцкі і Брагінскі раёны. Прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу прапануюць новыя падыходы да пераадоленьня наступстваў катастрофы.

Прадстаўнікі місііяў, а амбасадары Нямеччыны і Францыі былі нават з жонкамі, пабывалі ў Палескім радыяцыйна-экалягічным запаведніку, у выселенай вёсцы Астрагляды, яны мелі гутарку і з жыхарамі пацярпелай вёскі Малейкі. У раённым цэнтры Брагін амбасадары ўсклалі кошык кветак да помніка беларускаму пажарнаму Міхалу Ігнаценку. Ён родам з Брагінскага раёну, служыў на Чарнобыльскай атамнай станцыі, удзельнічаў у тушэньні пажару і памёр у траўні 86-га году ад сьмяротнай дозы радыяцыі.

Я спытаў у кіраўніка місіі Нямеччыны Гельмута Фрыка пра мэту сёньняшняга візыту ў Чарнобыльскую зону…

(Фрык: ) "Мы хочам усімі палітычнымі сродкамі, што ёсьць у нас, а таксама палітычнымі і фінансавымі сродкамі, якія ёсьць у краінаў Эўразьвязу, зьмякчыць наступствы трагедыі. Для мяне пасьля паўтарагадовай працы і знаёмства з маштабамі катастрофы, стала ясна, што Беларусь атрымала вельмі мала дапамогі ад замежных краінаў. Калі на Захадзе зьвярнуцца да любога чалавека ці нават вашых калегаў-журналістаў і спытаць пра Чарнобыль, яны будуць казаць пра Ўкраіну. Нам хацелася б спрыяць таму, каб насельніцтва, а парлямэнтары і палітыкі ў першую чаргу, пачуўшы слова "Чарнобыль", падумалі пра Беларусь".

Паводле амбасадара Нямеччыны, прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу спрабуюць зараз распачаць фактычна новую ініцыятыву і новы падыход да вырашэньня чарнобыльскіх праблемаў шляхам аб’яднаньня намаганьняў ня толькі краінаў Эўразьвязу, але й Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Праца ў гэтым кірунку вядзецца разам з Камчарнобылю. Амбасадар перакананы, што ўдасца выпрацаваць новы мэмарандум.

Зь нямецкага боку Гэльмут Фрык мяркуе далучыць да справы пераадоленьня наступстваў Чарнобылю звыш 800 грамадзкіх аб’яднаньняў, які працуюць у справе аказаньня гуманітарнае дапамогі й выдаткоўваюць на гэта штогод каля 800 мільёнаў эўра. Сродкі гэтыя, на думку прадстаўніка Нямеччыны, мусяць ісьці найперш на зьмякчэньне наступстваў Чарнобылю.

У паездцы мусіў быў узяць удзел і кіраўнік італьянскай місіі, але ён праз колькі дзён пакідае Беларусь. У ліпені будзе новы амбасадар Італіі.

Заўтра амбасадары Гэльмут Фрык, Стэфан Шмілеўскі і Бэнэт Брайен наведаюць вёску Роўкавічы Чачэрскага раёну.

Казімер Яноўскі, Брагін
0058648