Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Апошні часам сярод разнастайных фірмаў зьявілася мода самарэклямы праз распаўсюджаньне адмысловых каляндарыкаў. Слынная ў нашай краіне турыстычная фірма "АлатанТур" ня стала выключэньнем. Яна забясьпечыла ўсе рэгіянальныя філіі каляндарыкам на 2001 год зь пералікам сваіх паслугаў ды адрэсаю адпаведнае філіі, якія, апрача Менску, ёсьць ува ўсіх абласных ды некаторых раённых цэнтрах Беларусі.

Але толькі ў Віцебску рэклямны каляндарык выклікаў да сябе пільную ўвагу. З аднаго боку, каляндарыкі актыўна раскупляліся ў шапіках Белсаюздруку, а з другога, - на адрас Віцебскае філіі фірмы, пазначаны ў каляндарыку, пайшлі лісты закранутых за жывое грамадзян. Адзін з аўтараў, упрыгожваючы самыя яскравыя месцы свайго ліста словам "блін", паведаміў, што купіў аж 20 каляндарыкаў і накіраваў іх па адрэсах цэлага сьпісу дзяржаўных дзеячоў Расеі ды Беларусі - у тым ліку, Лукашэнку, Пуціну, а таксама Білу Клінтану, Тоні Блэеру й чамусьці Леаніду Кучму ды Гейдару Аліеву.

Некаторыя неабыякавыя грамадзяне пайшлі па рэдакцыях віцебскіх газэтаў. У выніку ў газэце "Віцебскі рабочы" зьявіўся аповед абуранай чытачкі з раённага цэнтру Гарадок, дзе каляндарык распаўсюджваўся дарма пад час канцэрту Іны Афанасьевай. Прычым, газэта, адным з заснавальнікам якой лічыцца Віцебскі аблвыканкам, з гатоўнасьцю аздобіла дадзены артыкул выявай аголенай жанчыны з каляндарыка, якая й выклікала грамадзкае абурэньне.

Урэшце, 18 студзеня афіцыйным лістом азваўся й сам Віцебскі аблвыканкам. У лісьце, падпісаным старшынём абласное экспэртнае камісіі па перадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту й жорсткасьці, намесьніцай начальніка ўпраўленьня культуры Ірынай Козінай, утрымлівалася папярэджаньне пра адказнасьць за распаўсюджаньне эратычнай прадукцыі без ліцэнзіі й пагроза наступным разам накіраваць матар'ялы ў Падаткавую інспэкцыю. У прыкладзеным да ліста заключэньні экспэртнай камісіі было засьведчана, што больш за 50% плошчы каляндарыка займае аголеная жаночая постаць, і таму сам каляндарык зьяўляецца друкаванай прадукцыяй эратычнага характару й павінен быць запакаваны ў непразрыстую абалонку.

Зь неафіцыйных зьвесткаў, апошнія 400 непрададзеных каляндарыкаў былі зьнятыя з гандлю ў шапіках Белсаюздруку.

Міхал Чарвінскі, Віцебск

Радыё Рацыя
0058045