Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Месца жыхарства для беспрытульных шукалі аж тры гады. Як толькі прымалася рашэньне, пачыналі бунтаваць супраць суседства з асацыяльнымі асобамі жыхары навакольных дамоў. Дзьве спробы праваліліся. І таму на трэці раз - амаль да дня адкрыцьця начлежкі - журналістам адмаўляліся назваць яе канкрэтны адрас.

Цяпер вядома, што месьціцца прытулак у рэканструяваным будынку былога псыха-нэўралягічнага дыспансэру ў Дражні.Рэканструкцыя абышлася ў 190 міл. беларускіх рублёў, улічваючы 30 000 даляраў, выдадзеных беларускім прадстаўніцтвам кампаніі "Філіп Морыс".

Адкрываць прытулак прыехаў сам мэр сталіцы Міхаіл Паўлаў. Ён адзначыў, што пасьпяховая рэалізацыя дадзенага праекту стала магчымаю толькі дзякуючы аб'яднаным намаганьням кіраўніцтва гораду, грамадзкім арганізацыям і бізнэсу.

Аднак нават такой талацэ не пад сілу забясьпечыць дахам над галавой усіх, хто туліцца зараз у падваротнях сталіцы. Начлег, харчаваньне й элемэнтарную мэдычную дапамогу ў прытулку змогуць атрымліваць штодзённа толькі 60 - 70 чалавек.

За тры гады работы пункту рэгістрацыі асобаў бяз вызначанага месца жыхарства па дапамогу туды зьвярнуліся 1895 беспрытульных. 950 зь іх атрымалі прапіску, 347 - месца працы, 84 - грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Аднак, са словаў Людзьмілы Валодзькі, якая ачольвае Ўпраўленьне сацыяльнай дапамогі Мінгарвыканкаму, колькасьць такіх асобаў у Менску прыкладна ў 10 разоў большая. Яна дадала: "Гэта шанец для тых, хто жадае вярнуцца ў грамадзтва, але гэта не азначае падтрымку на ўсё астатняе жыцьцё".

Жыхары прытулку ёсьць часовымі: за месяц, - у выключных выпадках за паўгоду - яны павінны будуць знайсьці працу, сродкі для існаваньня.

Першы крок да стварэньня начлежкі зрабілі не беларускія ўлады, але прадстаўніцтва кампаніі "Філіп Морыс" у Беларусі. Яно й надалей зьбіраецца аказваць грашовую дапамогу, што вельмі даспадобы Мінгарвыканкаму.

Ля дзьвярэй часовага прытулку задоўга да адкрыцьця ўтварыўся натоўп людзей калярытнага выгляду - тых, каму ў ім жыць. Яны цярпліва чакалі, пакуль скончаць свае прамовы дзяржаўныя асобы, - і дом адчыніць дзьверы.

Мар'яна Дунцава, Менск

Радыё Рацыя