Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Новая прадукцыя ўжо зьявілася ў крамах і пацясьніла аналягічныя імпартныя тавары. Але цаной і якасьцю беларускія пралкі наўрад ці выйграюць у параўнаньні з імпартнымі.

Новая прадукцыя айчыннай прамысловасьці пачала прадавацца зусім нядаўна. Прадпрыемства пачало сэрыйны выпуск пралак – у красавіку выпусьцілі ўжо 350 пралак. Усяго сёлета плянуецца выпусьціць каля 20 тысяч адзінак прадукцыі. А праз два гады завод хоча выпускаць паўмільёну машын штогоду. Як сьцьвярджаюць на заводзе, новая прадукцыя адпавядае сучаснай клясе гэтак званай "белай пабытовай тэхнікі". Распрацавана тры мадыфікацыі пралак "Атлянт" — на 500, 800 і 1000 абаротаў. Пакуль завод прапануе гэты тавар толькі беларускім спажыўцам, але ўжо робяцца разьлікі, каб прасоўваць яго на зьнешнія рынкі.

Але ж рэчаіснасьць выглядае не настолькі аптымістычна. Па-першае, беларускія пралкі, якія насамрэч пацясьнілі ў крамах імпартную прадукцыю (адметна, што айчынныя машыны часта стаяць асобна ад замежных), ня надта выйграюць цаной. Сярэдняя цана пралкі "Атлянт" — 400 даляраў, а вядома, што за тыя ж самыя грошы беларуская сям’я зь сярэднім прыбыткам можа набыць пралку сусьветна вядомых вытворцаў, прычым новую. У Расеі, куды, найверагодней за ўсё, "Атлянт" хоча пастаўляць сваю прадукцыю, сытуацыя тая ж самая. Таму цэнавая канкурэнтаздольнасьць гэтага тавару выклікае сумневы.

Па-другое, ёсьць сумневы і наконт тэхнічнай дасканаласьці пралак. Камплектныя дэталі "Атлянт" узяў у ня надта вядомай італьянскай фірмы. Хоць айчыннае прадпрыемства і дае гарантыю на свае пралкі, усё ж пакупніка можа насьцярожыць гэты факт. Яшчэ адна акалічнасьць, на якую зважаюць хатнія гаспадыні, зь якімі мне давялося пагутарыць — усе мадэлі атлянтаўскіх пралак вялікія, яны не разьлічаныя на стандартнае жытло беларусаў. І тут вытворца відавочна дапусьціў памылку: варта было пачынаць з драбнейшых мадэляў.

Да таго ж вядома, што "Атлянт" адносна нядаўна навучыўся рабіць якасныя лядоўні — сваю асноўную прадукцыю. То бок, нават маючы неблагія камплектныя, немагчыма адразу пачаць выпускаць высокаякасную прадукцыю. Тым болей, гэта зусім новы для прадпрыемства від вытворчасьці.

Па-трэцяе, цяжка верыцца ў камэрцыйны посьпех гэтай задумы. Не сакрэт, што спажывец болей давярае раскручаным брэндам, чым новым. У дадзеным выпадку "Атлянт" асацыюецца ў спажыўцоў з даволі якаснымі лядоўнямі. Наўрад ці пакупнік паверыць у тое, што і пралкі будуць настолькі ж добрымі.

Юлія Шарова, Менск
0058648