Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У склад дэлегацыі таксама ўваходзяць прадстаўнікі кампаніяў "Кэйс Нью Холанд", "Фіят Польска" і "Нью Холанд Бізон". Замежныя бізнэсоўцы маюць намер абмеркаваць зь беларускім бокам канкрэтныя накірункі супрацоўніцтва.

Кампанія "Фіят" была заснаваная ў 1899 годзе. Зараз яна зьяўляецца буйнейшай прыватнай кампаніяй у Італіі ды адной зь вядучых груп у сьвеце. Она мае 800 даччыных фірмаў болей чым у 60 краінах сьвету. Працуе на іх 200 тысяч чалавек. Асноўныя сфэры дзейнасьці кампаніі - вытворчасьць легкавых ды грузавых аўтамабіляў, трактараў і камбайнаў, выдавецкая, банкаўская, страхавая дзейнасьць і рэклямныя паслугі. Савецкаму Саюзу "Фіят" у свой час падараваў легендарную "капейку", а зараз кампанія патроху запаўняе беларускі рынак апошнімі мадэлямі легкавых аўтамабіляў.

Але па ўсім відаць, што "Фіят" хоча пашырыць сфэру свайго ўплыву ў Беларусі. У праграме візыту прадстаўнікоў кампаніі - сустрэчы з кіраўніцтвам беларускага ўраду, некаторых міністэрстваў, а таксама наведаньне вытворчага аб'яднаньня "Менскі трактарны завод". Пра тое, якія пытаньні будуць абмяркоўвацца пад час гэтых сустрэчаў, паведаміў Радые Рацыя прэс-сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка.

П.Л.: - Пад час сустрэчаў, якія павінны адбыцца, прадстаўнікі кампаніі "Фіят" маюць намер абмеркаваць зь беларускім бокам канкрэтныя накірункі супрацоўніцтва ў галіне вытворчасьці й паставак зернеўборачных камбайнаў, пэрспэктывы паставак беларускай камплектацыі ў Польшчу, а таксама пытаньні арганізацыі прэзэнтацыяў розных сфэраў дзейнасьці кампаніі "Фіят".

Канкрэтныя праекты абмяркоўвацца пакуль ня будуць. Паводле словаў Паўла Латушкі, візыт прадстаўнікоў кампаніі "Фіят" мае азнаямляльны характар: замежныя бізнэсоўцы пакуль не сьпяшаюцца прапаноўваць інвэстыцыі. Яны хочуць упэўніцца, што ў беларускай эканоміцы нешта сапраўды зьмянілася ў лепшы бок.

Беларускія ўлады ўскладаюць на гэты візыт вялікія надзеі, аднак добра ўсьведамляюць, што чарговая замежная дэлегацыя прыехала ў Беларусь "на разведку".

П.Л.: - Па-першае, гэта кампанія хацела б пазнаёміцца з тымі ўмовамі, якія існуюць на сёньняшні дзень у гаспадарцы Беларусі, атрымаць прапановы аб канкрэтных інвэстыцыйных праектах, якія маглі б разглядацца праз гэтую кампанію. Таму мы разглядаем гэта як вельмі важны першы крок для ўсталяваньня супрацоўніцтва зь "Фіятам". Але мы таксама хацелі б і не перабольшваць вынікі гэтага візыту, бо гэта першае наведаньне Беларусі за апошні час, і яно будзе мець, канечне ж, азнаямляльны характар.

Такім чынам, пакуль яшчэ дакладна невядома, ці пусьціць "Фіят" карані ў Беларусі. Застаецца толькі спадзявацца, што гісторыя з "Фордам", які летась фактычна разьвітаўся з нашай краінаю, не паўторыцца.

Юлія Шарова

Радыё Рацыя
0058648