Рэдактар сатырычнае газэты "Навінкі" Павал Канавальчык пакараны штрафам на 100 базавых адзінак — 1400000 рублёў. Судзьдзя Маскоўскага раённага суду Менску спадар Фалько палічыў, што адзін з артыкулаў у "Навінках" дыскрэдытуе гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі.

Група анархістаў разгарнула перад будынкам, дзе ладзілася судовае паседжаньне супраць Паўлюка Канавальчыка, плякат "Разам за "Навінкі", а таксама партрэт Паўлюка Канавальчыка ў каўбойскім капелюшы з надпісам па-ангельску "У вышуку". Гэта — жарт калегаў па газэце. Спадар Канавальчык адмовіўся назваць імя аўтара спрэчнага артыкулу, а таму сам трымае адказ.

Спрэчны артыкул завецца "Другая беларуская кантатыўная рэвалюцыя". Артыкул прысьвечаны прыняцьцю Палаты прадстаўнікоў у Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ. Паўлюк Канавальчык зьдзіўлены, што менавіта гэты артыкул стаўся падставай для ўзбуджэньня адміністратыўнае справы:

(Канавальчык: ) "Гэты артыкул абсалютна нармальны і звычайны для нашай газэты. Чытачы газэты "Навінкі" ведаюць, што ў нас былі й нашмат больш сур’ёзныя й рызыкоўныя. Але чамусьці быў абраны менавіта гэты матэрыял".

Зрэшты, у судовае пастанове гаворыцца ня столькі пра зьмест артыкулу, колькі пра зьмест подпісаў да ілюстрацыяў. Артыкул ілюструюць два варыянты перадвыбарчага плякату Аляксандра Лукашэнкі, дзё ён стаіць на фоне натоўпу з прыціснутай да сэрца рукой. Паводле Паўлюка Канавальчыка, першы варыянт подпісаў у гратэскавай форме дэманструе стаўленьне АБСЭ да Аляксандра Лукашэкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Другі варыянт — пасьля выбараў. Вось прыклад: "Пінжак, зьняты зь пляча Шарэцкага ў лістападзе 1996 году". Другі варыянт: "Пінжак, набыты ў магазіне сэканд-гэнд. Так, на заробак прэзыдэнта не разгуляесься".

Газэта "Навінкі" не хавае свайго сарказму й гіроніі. Тым ня менш, выданьне цытавала прэзыдэнцкая газэта "Советская Белоруссия":

(Канавальчык: ) "Цытавала, і нават цалкам перадрукоўвала нашыя матэрыялы. І БТ нас цытавала… таму хтосьці хоча пасварыць газэту "Навінкі" з нашым прэзыдэнтам. Не сакрэт, што прэзыдэнт РБ зьяўляецца самым любімым пэрсанажам нашае газэты".

Паўлюка Канавальчыка ў судзе прадстаўляе адвакат Павал Сапелка, які ўжо абараняў у падобных справах шклоўскіх "зуброў" — за пэрформанс з вусатай маскай, і Аксану Новікаву — за распаўсюд улётак з саркастычнымі выказваньнямі ў бок Аляксандра Лукашэнкі.

(Сапелка: ) "Здаецца, трэці раз за апошнія два гады я буду прасіць суд выклікаць у судовае паседжаньне пацярпелага — прэзыдэнта".

Суд быў закрыты, і цягнуўся нядоўга.

(Канавальчык: ) "Так ці йнакш, мы чакалі, што гэта можа ў кожным выпадку здарыцца".

Сярод прычынаў узбуджэньня адміністрацыйнае справы Паўлюк Канавальчык найперш называе агульную сытуацыю ўціску незалежнае прэсы ў Беларусі. Рашэньне раённага суду Паўлюк Канавальчык плянуе абскардзіць у вышэйшых інстанцыях.

Cевярын Квяткоўскі, Менск
{banner_819}{banner_825}
-31%
-30%
-20%
-20%
-44%
-50%
-10%