Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская падалі скаргу ў суд на дзеяньні пракуратуры Менску за спыненьне справы пра выкраданьне Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Жонкі зьніклых не выключаюць, што ўрэшце зьвернуцца і ў адзін з эўрапейскіх судоў, дзе прымаюцца справы пра злачынствы супраць чалавецтва.

Расьсьледаваньне справы выкраданьня Віктара Гачара і Анатоля Красоўскага беспасьпяхова вялося гарадзкой пракуратурай Менску два гады, напрыканцы мінулага году яно было ўвогуле прыпыненае, афіцыйна — з прычыны адсутнасьці пэрспэктывы ягонага завяршэньня.

Аднак з гэтым не пагадзіліся жонкі зьніклых палітыкаў, якіх закон прызнаў пацярпелымі. Цягам пяці месяцаў Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская абскарджвалі пастанову пра прыпыненьне расьсьледаваньня на розных узроўнях пракуратуры, але выніку гэта не дало. Супрацоўнікі пракуратуры адмаўляліся аднавіць справу. Таму 20 траўня жанчыны зьвярнуліся ў суд Цэнтральнага раёну Менску са скаргаю на дзеяньні пракуратуры.

Ірына Красоўская лічыць, што пракуратура проста не жадае далей расьсьледаваць гэтую справу.

(Красоўская: ) "Калі б яны захацелі, яны б даўно ўсё высьветлілі й далі адказ на пытаньне, што здарылася з нашымі мужамі. Але пракуратурай у нас кіруе чалавек, якога мы лічым падазраваным у датычнасьці да гэтых справаў. Мяркую, што таму пракуратура нічога ня будзе рабіць без загадаў зьверху".

Цягам 10 дзён у Цэнтральным судзе павінныя вызначыцца, ці прымаць скаргу да разгляду. Калі раённы суд адмовіць, жонкі зьніклых палітыкаў маюць намер зьвярнуцца ў гарадзкі, а потым і Вярхоўны суд. Яны лічаць, што хутчэй за ўсё іхную скаргу паўсюль адхіляць, але тады яны будуць мець законныя падставы для звароту ў суд адной з эўрапейскіх краінаў. Як верагодны называецца суд у Бэльгіі або ў іншай эўрапейскай краіне, дзе прадугледжаны разгляд справаў пра злачынствы супраць чалавецтва. Адвакат Гары Паганяйла прагназуе далейшыя падзеі.

(Паганяйла: ) "Калі эўрапейскі суд прызнае дастатковымі нашыя доказы пра немагчымасьць разгляду справы ў Беларусі і прыме яе да свайго разгляду, пэўныя асобы ў Беларусі будуць абвешчаныя падазронымі і тады праз "Інтэрпол" магчыма будзе дамагацца іхнага затрыманьня і прымусовага дастаўленьня ў гэты суд. Мяркую, прыблізна ўвосень мы дойдзем да эўрапейскага суду".

Алег Грузьдзіловіч, Менск