Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Гэтае Бюро лічыцца найбольш аўтарытэтнай арганізацыяй у справе назіраньня за выбарамі, незалежна ад таго, у якой краіне яны праходзяць.

На чале групы экспэртаў — каардынатар у справе праектаў Бюро пані Эва Чэліньска. Адмыслоўцы маюць намер правесьці ў Беларусі два дні — панядзелак і аўторак. Намесьнік кіраўніка менскага офісу АБСЭ Вагран Абаджан паведаміў пра мэты візыту экспэртаў Бюро:

(Абаджан: ) "Мэта гэтай паездкі — абмеркаваньне праграмаў і праектаў, якія будуць выконвацца сумесна тут, у Беларусі. Гэтыя праграмы тычацца, як мандат БДІПЧ і прадугледжвае, станаўленьня і ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці, праўных пытаньняў".

На працягу двух дзён экспэрты правядуць у сталіцы Беларусі шэраг сустрэчаў, перш-наперш з прадстаўнікамі ўладных структураў. Міжнародныя чыноўнікі спадзяюцца атрымаць згоду беларускага ўраду на шэраг сумесных мерапрыемстваў, накіраваных на разьвіцьцё праўных умоваў у грамадзкім жыцьці. Яны закрануць і выбарчае заканадаўства Беларусі, бо толькі такім чынам можна ўвосень 2004 году правесьці, згодна са стандартамі АБСЭ свабодныя і справядлівыя выбары ў парлямэнт, якія будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

Адзін з найлепшых знаўцаў выбарчага заканадаўства ў Беларусі Сяргей Альфер упэўнены, што зьмены ў Выбарчым кодэксе неабходныя.

(Альфер: ) "У нас падрыхтаваныя зьмены ў 13 артыкулаў Выбарчага кодэксу. Яны тычацца зьменаў толькі па трох кірунках. Першы — гэта вылучэньне ў склад выбарчых камісіяў; другое — падлік галасоў; трэцяе — назіраньне. Калі нашых прадстаўнікоў уключаць у выбарчыя камісіі, то намнога цяжэй будзе махляваць. Калі будзе празрысты падлік галасоў — таксама. Тое ж самае і з назіраньнем. Будзе цяжэй фальшаваць выбарчы працэс. Але, мне падаецца, што найбліжэйшым часам улада не плянуе нічога мяняць".

Уладзімер Глод, Менск