Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сяргей Скрабец лічыць, што перасьлед зьвязаны зь ягонай палітычнай дзейнасьцю як кіраўніка дэпутацкай групы "Рэспубліка".

Пра тое, што супраць яго заведзеная крымінальная справа, дэпутат Сяргей Скрабец даведаўся зь ліста старшага сьледчага ў асабліва важных справах пракуратуры Беларусі Вячаслава Цераховіча. Сьледчы паведаміў, што дэпутат падазраецца ў выманьваньні крэдытаў і арганізацыі злачыннай групоўкі. Пакуль Сяргея Срабца не выклікаюць на допыты, а толькі прапануюць наведаць пракуратуру і ўзяць копію пастановы пра завядзеньне справы. У пракуратуру ён дагэтуль не хадзіў, бо лічыць сябе невінаватым і кажа, што "ня мае часу на марныя справы".

(Скрабец: ) "Паводле гэтай крымінальнай справы ўжо асуджана 7 чалавек — 6 у турме і адзін асуджаны ўмоўна. Лічу, што ўсе яны асуджаныя незаконна. Гэта кіраўнікі гандлёвага дома "Бел-Бабаеўскі", фірмы "Белтрэйдэкспа" і 510-й філіі "Беларусбанку", які выдаваў крэдыты. Адна фірма атрымала 320 тысячаў, другая 180 тысяч даляраў. Я маю да гэтага толькі тое дачыненьне, што да майго абраньня дэпутатам Нацыянальнага сходу ў 2000 годзе я быў дырэктарам гандлёвага дому "Бел-Бабаеўскі", а нявернутыя крэдыты браліся ўжо пасьля выбараў, калі я зь фірмы сышоў. Раней да мяне прэтэнзіяў у сьледчых не было, я быў сьведкам у гэтай справе, але вось стаў падазроным".

Гэтыя зьмены дэпутат Сяргей Скрабец тлумачыць тым, што ён узначаліў дэпутацкую групу "Рэспубліка", якая ў шмат якіх пытаньнях займае пазыцыю, адрозную ад парлямэнцкай бальшыні і ад пазыцыі Аляксандра Лукашэнкі. У прыватнасьці, гэтая група вырашыла далучыцца да грамадзкай камісіі ў расьсьледаваньні справаў зьніклых палітыкаў. Пра гэтае рашэньне было абвешчана 7 траўня на прэсавай канфэрэнцыі, якую дэпутаты "Рэспублікі" ладзілі разам з праваабаронцамі й прысьвяцілі 4-м угодкам зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Дарэчы, на той прэсавай канфэрэнцыі было абвешчана, што Сяргей Скрабец пасьля генэрала Валера Фралова ўзначаліў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Дзіўна, але якраз 7 траўня справа Сяргея Скрабца патрапіла да сьледчага Вячаслава Цераховіча.

Між тым, у пракуратуры сьцьвярджаюць, што да дэпутацкай дзейнасьці Сяргея Срабца прэтэнзіяў ня маюць. "Вядзецца сьледзтва, і яно адкажа на ўсе пытаньні", — кажуць у пракуратуры.

Паводле артыкулаў, у якіх падазраецца кіраўнік дэпутацкай групы "Рэспубліка" Сяргей Скрабец, прадугледжаецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск
,