Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Сотні бел-чырвона-белых сьцягоў, плякатаў, футболак і пудзілаў міліцыянты адабралі ў дэманстрантаў за час пасьля рэфэрэндуму 1995 году. Усю гэтую маёмасьць уладальнікам не вярталі. Што сталася з гэтымі рэчамі — высьвятляла нашая карэспандэнтка.

У міліцэйскіх пастарунках захоўваюцца дзясяткі бел-чырвона-белых сьцягоў. Пераважная іх большасьць адабраная ва ўдзельнікаў вулічных акцыяў. Некалькі дзясяткаў сьцягоў міліцыянты зьнялі з дахаў будынкаў. Натуральна, па гэтыя сьцягі ніхто не зьвяртаўся. Супрацоўнікі міліцыі неахвотна адказваюць, чаму дэманстрантам не вяртаюць маёмасьць пасьля таго, як тыя выходзяць на волю, адбыўшы чарговае пакараньне за кратамі. Галоўны аргумэнт — сьцягі незарэгістраваныя. Насамрэч, сьцягі, як і астатнія рэчы затрыманага, лічацца ягонай маёмасьцю і, згодна з законам, канфіскаваныя могуць быць толькі паводле судовага рашэньня.

Намесьнік начальніка аддзела грамадзкай бясьпекі Савецкай раённай управы міліцыі Ўладзімер Леановіч так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю:

(Леановіч: ) "Яны ж удзельнічалі ў дэманстрацыі. Сьцягі выкарыстоўваліся на несанкцыянаванай дэманстрацыі. Мы сьцягі аддаем старшыне, а што ён там зь імі робіць — мы ня ведаем. Што нам гэты сьцяг? Для нас ён ня сьцяг, а ануча. Ёсьць такія сьцягі, якія перавязаныя чорнымі ніткамі: нейкі, папросту, набор тканіны.

Сьцягоў шмат адбіралі. У іншых аддзелах, можа, ёсьць лепшыя. У нас шмат сьцягоў, якія моладзь усталёўвала на дахах. Шмат здымалі са шпіля — з будынку, дзе рэдакцыя "Вечернего Минска". …Дык, хто ж яму будзе аддаваць гэты сьцяг? Я ж яго, калі злаўлю… то ён зьляціць адтуль разам са сьцягам. Я, што, павінен лезьці за ім па хісткай лесьвіцы?!"

Калі апазыцыянэраў абурае сытуацыя зь незаконна канфіскаванымі сьцягамі, то з адабранымі футболкамі ўсё наадварот. Каардынатар моладзевага руху "Зубр" Цімафей Дранчук падчас прэзыдэнцкай кампаніі неаднойчы трапляў у міліцэйскія пастарункі, калі разам са сваімі сябрамі распаўсюджваў на вуліцы футболкі зь інфармацыйным матэрыялам.

(Дранчук: ) "Не адзін выпадак вядомы, калі футболкі застаюцца ў міліцыянтаў без складаньня пратаколаў. Нам вядома, што амапаўцы, якія адбіралі футболкі, жывуць у інтэрнатах. Яны з задавальненьнем носяць іх і, такім чынам, "распаўсюджваюць інфармацыю". А нам гэта і трэба!

Не адзін дзясятак разоў мы патрабавалі ў міліцыянтаў, каб тыя складалі адпаведныя пратаколы. Тады яны пачыналі дамаўляцца з намі. Казалі: "Хлопцы, ну, давайце мы сабе пакінем пяць футболак, а астатнія дваццаць вернем. Я хачу сыну падарыць, ды й сам буду насіць на лецішчы". Ну, мы такімі дамовамі былі ў прынцыпе задаволеныя. Былі выпадкі, калі міліцыянты адвозілі сваякам і суседзям футболкі ў вёску. Гэта вельмі добра".

Што тычыцца пудзілаў, то іх канфіскуюць паводле судовага рашэньня. Звычайна судзьдзя агалошвае прысуд дэманстранту і паведамляе, што пудзіла канфіскуецца і падлягае зьнішчэньню. Але судовыя пастановы выконваюцца не заўсёды. У 1999 годзе судзьдзя Іна Шэйко канфіскавала хакейную клюшку, на якой зьверху былі прымацаваныя вусы, шчотка і хакейны шлем. Міліцыянты ў міліцэйскім пратаколе напісалі, што гэта "пудзіла Лукашэнкі"… У судзьдзі таксама не ўзьнікла пытаньняў наконт гэтай рэчы. Праз тры гады падчас судовых працэсаў затрыманыя ўдзельнікі вулічнага маршу "Так жыць нельга!" зноў убачылі знаёмую выяву ў кабінэце судзьдзі — за сэйфам.

Любоў Лунёва, Менск
,