Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пры канцы пазамінулага стагодзьдзя магілёўцы сабралі грошы, каб пабудаваць тэатар, і гэты будынак стаў першым у Беларусі, які быў створаны спэцыяльна для тэатру. Магілёўскі тэатар старэйшы за менскі Купалаўскі на два гады.

Будынак Магілёўскага драматычнага тэатру ўпрыгожвае горад, які апошнім часам у архітэктурным пляне шмат страціў, – так сказаў учора ўвечары на ўрачыстым сходзе да юбілею мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі. І зь ім нельга не пагадзіцца. У гэтага будынку багатая гісторыя. На сцэне тэатру выступалі Камісаржэўская, Шаляпін, Рахманінаў. Тут у царскай ложы глядзеў хронікі імпэрыялістычнай вайны Мікалай ІІ.

Пасьля 10-гадовага рамонту гістарычнага будынку трупа два гады таму ў яго перасялілася, і з гэтага часу, лічыцца, і пайшло яе аднаўленьне. У прыватнасьці, адбыўся паварот да супрацоўніцтва зь беларускімі драматургамі. У Магілёве паставілі творы Кавалёва, Паповай, Дударава. Ёсьць сярод іх спэктаклі й на беларускай мове.

Дарэчы, Аляксей Дудараў учора выступаў на ўрачыстым сходзе і аб’явіў, што магілёўцы паставяць яшчэ дзьве ягоныя п’есы. Таксама старшыня аблвыканкаму Барыс Батура публічна замовіў яму п’есу пра Магілёў – у сувязі з тым, што цяпер абласны цэнтар дамагаецца званьня гораду-героя Беларусі.

Падарункі акторам на юбілей тэатру былі самыя розныя. Дарылі карціны, кнігі, гадзіньнікі, розную бытавую тэхніку, нават сувэнірную гарэлку. Таксама граматы й прэміі – і гэта было, напэўна, самым каштоўным. Бо маладыя артысты цяпер атрымліваць 100 тысяч рублёў штомесяц, сталыя – менш за 200 тысяч, і заробак хранічна затрымліваецца.

А самы арыгінальны падарунак атрымаў артыст Аляксандар П’янзін: набор прадукцыі малаказаводу і пару абутку ад крамы. Актор быў вельмі шчасьлівы. Нездарма трупе часта шчыра жадалі справядлівай ацэнкі працы актораў з боку дзяржавы ці проста мець грошы ў кішэні.

Тэатар адзначыў свой юбілей прэм’ерай. Паказвалі камэдыю Тырса дэ Маліна "Дон Хіль – зялёныя штаны". Яе добра прынялі гледачы, бо ў гэтым сэзоне магілёўскі тэатар паказваў шмат сур’ёзных твораў. А 15 траўня 1888 году, калі адчыніўся магілёўскі тэатар, паказвалі дабрачынны спэктакль з чатырох п’есаў. Гісторыкі засьведчылі, што асабліва папулярная ў магілёўцаў была бытавая п’еса з камічнымі сытуацыямі "Сямейныя сцэны". Так што можна сказаць, што густы публікі за 115 гадоў не зьмяніліся.

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў