Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


16 траўня ў Ленінскім судзе Менску пачаўся другі за два гады працэс над Аляксандрам Чыгіром, сынам былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра.

Аляксандра Чыгіра судзяць у той самай судовай зале, дзе 4 гады таму судзілі дэпутата Андрэя Клімава. Нават вартаўнікі адныя й тыя ж. Вельмі бледны тварам, з паголенай галавой Чыгір-малодшы сядзіць у жалезнай клетцы і ўсьміхаецца толькі ў адказ на ўсьмешкі сваякоў і знаёмых. За кратамі ён правёў жо болей за 2 гады. Паводле першага прысуду яму яшчэ заставацца ў няволі 5 гадоў, а калі яго прызнаюць вінаватым і зараз, то тэрмін пакараньня можа быць павялічаны ўдвая.

Цяпер Аляксандру Чыгіру інкрымінуюць незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, але самае істотнае — шматразовыя крадзяжы аўтамабіляў. Нібыта 15 разоў на заяўку Чыгіра-малодшага ў Менску выкрадалі іншамаркі і прыганялі яму для таго, каб разьбіраць на запчасткі і прадаваць.

Аднак своесаблівасьць справы ў тым, што саўдзельнікаў малодшага Чыгіра не знайшлі. У тым ліку і гэта дае падставы экс-прэм’еру Міхаілу Чыгіру заяўляць пра фальшаваньне доказаў.

(Чыгір: ) "Адзін сьледчы на высокім узроўні казаў мне, што колькі ён працуе — не сустракаўся з такой крымінальнай справаю. У ёй гэтак шмат эпізодаў, ажно 15(!), і паводле ўсіх напісана, што аўтамабілі выкрадаліся па дамове з нявысьветленымі асобамі. Атрымліваецца — саўдзельнікаў не знайшлі! Тады адкуль вядома пра дамову зь імі?!! Безумоўна, сфабрыкаваная справа", — лічыць Міхаіл Чыгір.

Дадам, што ягоны сын сваёй віны не прызнаваў на першым працэсе і цяпер таксама не прызнае.

Працэс толькі пачаўся, а судзьдзя Зінкевіч ужо сутыкнулася са значнай працэсуальнай памылкаю, якую дапусьціла пракуратура. Выявілася, што падсудны і ягоны адвакат нават не былі азнаёмленыя з пастановаю пракуратуры пра перадачу справы ў суд. Судзьдзя прапанавала прадстаўніку пракуратуры выправіць гэтую памылку ў судовай зале, і той з даволі засаромленым выглядам перадаў Чыгіру-малодшаму патрэбныя паперы. Падсудны амаль ня гледзячы падпісаў іх. А далей судзьдзя вымушаная была абвесьціць перапынак на 5 дзён, бо раней закон не дазваляе пачынаць слуханьні.

(Чыгір: ) "Будзем спадзявацца, што гэта не прывядзе да горшага. Асноўнае — каб суд кіраваўся фактамі, а ня выдумкамі",— сказаў былы прэм’ер МіхаілЧыгір, малодшага сына якога зноў судзяць як выкрадальніка аўтамабіляў.

Алег Грузьдзіловіч, Менск