Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Многія зь іх робяцца нявольніцамі або зьнікаюць бязь сьледу. Праблемы незаконнага гандлю людзьмі абмяркоўвае міжнародная канфэрэнцыя, якую ладзіць у Менску Міжнародная арганізацыя міграцыі пры ААН.

Зьвесткі пра незаконны гандаль грамадзянамі Беларусі абвесьціў на канфэрэнцыі "Гандаль людзьмі — праблема міжнароднай супольнасьці" міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Аднак уразіла ня толькі агучаная ім лічба — 20 тысяч штогадовых ахвяраў гэтага злачыннага бізнэсу — а тое, што гэта прыблізныя зьвесткі, насамрэч праблема можа быць значна большай. Прызнаўся міністар і ў тым, што сілаў і фінансаў для вырашэньня праблемы ў міліцыі не хапае.

Між тым, Беларусь з кожным годам аказваецца ўсё глыбей зацягнутая ў гэты ганебны бізнэс. У сьвеце гандаль людзьмі займае трэцяе месца паводле прыбыткаў пасьля гандлю зброяй і наркотыкамі. У абароце мільярды даляраў. Беларусь у ім спэцыялізуецца на пастаўках таннай працоўнай сілы на ўсясьветны рынак жаночай, падлеткавай, а апошнім часам — і мужчынскай прастытуцыі.

Паводле адмыслоўцаў, больш за палову тых, хто выехаў за мяжу займацца прастытуцыяй, на доўгі час трапляюць у сапраўдную сэксуальную няволю, зь іх да 20% увогуле зьнікаюць. Вырвацца зь няволі ўдаецца лічаным шчасьліўцам.

Праваабаронца Сяргей Куркін зь менскага Цэнтру правоў чалавека нядаўна аказваў юрыдычную дамапогу дзяўчыне з Гомельскай вобласьці. Натальля Д. у былой Югаславіі больш за два гады была сэксуальнай нявольніцай. Сяргей Куркін распавядае:

(Куркін: ) "Яна прайшла праз 16 бардэляў, яе прадавалі з аднаго ў другі. Цана за яе вырасла з 1 тысячы эўра да 4 тысяч. Але ёй ніякіх грошай не плацілі: толькі харчаваньне і праца па поўнай праграме ў які заўгодна час. Калі дзяўчына ня згодная ці нечым не падыходзіць, яе проста кідаюць з гары ў цясьніну. Гэтак сама проста кінулі ў гарах цела беларускай дзяўчыны, якая загінула падчас перастрэлкі мясцовых бандытаў".

Паводле зьвестак, агучаных на канфэрэнцыі, жывы тавар зь Беларусі найчасьцей прадаюць у Турэччыну і краіны былой Югаславіі, а таксама транзытам праз Польшчу ў Нямеччыну і далей у Эўропу, аж да Вялікабрытаніі. Апошнім часам зафіксаваныя выпадкі гандлю жанчынамі з краінаў СНД нават у Японіі, Арабскіх Эміратах, Эгіпце.

Колькасна беларускія прастытуткі займаюць сярод калегаў з СНГ трэцяе месца і вызначаюцца пакорлівасьцю ды працаздольнасьцю. Магчыма, таму яны меней за расіянак ці ўкраінак трапляюць у канфліктныя сытуацыі. Але калі ўжо гэтак здараецца, ім складаней перамагчы. Натальля з Гомельскай вобласьці вырвалася з сэксуальнага палону выпадкова — дзякуючы дапамозе багатага кліента, які яе пашкадаваў.

Паводле Сяргея Куркіна, дзяўчатам, якія жадаюць зарабіць грошай у Эўропе, не стае самых простых юрыдычных ведаў і зьвестак пра норавы ў тых краінах, куды яны зьяжджаюць. Таксама Сяргей Куркін раіць больш уважліва вывучаць дакумэнты фірмаў, якія прапануюць свае паслугі ў пошуках працы за мяжой. А збольшага праваабаронца лічыць, што гандаль беларускамі квітнее з прычыны росту беспрацоўя і паніжэньня заробкаў грамадзянаў унутры краіны.

Алег Грузьдзіловіч, Менск
,