У Беларусі быццам бы ніхто не супраць беларускай мовы. Але сцвярджаць, што яе шануюць на высокім узроўні, не даводзіцца. Аднак эксперты адзначаюць: у беларускай мовы ёсць добрыя перспектывы, нягледзячы на тое, што асаблівай зацікаўленасці ў яе развіцці сённяшняе кіраўніцтва дзяржавай не выказвае.
Беларус найчасцей выбірае мову начальніка
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) заклікала маладых спецыялістаў карыстацца роднай мовай у сваёй прафесійнай дзейнасці.
"Сёлета, калі наша краіна адзначае 20-я ўгодкі незалежнасці, не цурайцеся роднай мовы вашых продкаў, карыстайцеся словам Янкі Купалы і Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Кожны еўрапейскі бізнесовец ці навуковец не цураецца сваёй роднай мовы і штодня ёю карыстаецца. Дык будзем жа годнымі еўрапейцамі ў сваім стаўленні да тысячагадовай мовы нашых продкаў!" — адзначаецца ў звароце ТБМ.
Але відавочна, што ў час крызісу мова хутчэй за усё далёка не першае, пра што дбаюць маладыя людзі, будуючы сваю кар’еру. Тым больш што начальнікаў – і малых, і вялікіх – яе лёс асабліва не турбуе. Беларус жа найчасцей за ўсё выбірае мову начальніка.
Мова мае патрэбу ў заканадаўчай абароне
Між тым знаходзяцца людзі, якія сваімі паводзінамі парушаюць стэрэатыпы ў дачыненні да мовы. Напрыклад, жыхар Гомеля Ігар Случак арганізаваў кампанію "Справаводства па-беларуску". У якасці каардынатара кампаніі Случак разаслаў персанальныя лісты кожнаму са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з прапановай унесці змены ў Закон аб мовах, а менавіта змяніць 28 артыкул закона, дзе гаворка ідзе аб вядзенні справаводства на "беларускай і (або) рускай мове". Грамадскі актывіст прапануе пакінуць у фразе толькі "і", што будзе азначаць патрабаванне весці справаводства на дзвюх мовах адначасова. Тады будзе рэальная, а не фармальная роўнасць моў, даводзіць Случак.
Аднак дэпутаты палічылі немэтазгодным уносіць змены ў Закон аб мовах, бо, па іх меркаванні, прапановы Случака прывядуць да ўскладнення ў парадку выкарыстання дзяржаўных моў, да непатрэбнага ў большасці выпадкаў дублявання тэкстаў, а значыць, да значнага павелічэння грашовых і матэрыяльных выдаткаў.
- Няма ў парламенце, як аказалася, чалавека, які б займаўся абаронай нацыянальных інтарэсаў беларускага народа. А такі чалавек павінен быць. Спадзяюся, ён з'явіцца пасля наступных парламенцкіх выбараў, - заўважае Ігар Случак.
На яго думку, беларуская мова сёння не можа развівацца ў грамадстве без нарматыўнай абароны. Ёй неабходныя пэўныя заканадаўчыя прэферэнцыі для таго, каб увайсці ў кабінеты чыноўнікаў і больш актыўна выкарыстоўвацца ў грамадстве.
- Калі будзе загад ці пэўная палітыка зверху, людзі пяройдуць на беларускую мову без усялякіх складанасцяў. Калі б існавала нарматыўная база, якая спрыяла большаму распаўсюджванню беларускай мовы, гэта б аблегчыла становішча, - лічыць Ігар Случак. - Пакуль на мове асабліва не размаўляюць, бо ў прафесійным жыцці людзі вымушаныя карыстацца рускай мовай. Гэта ў шматлікіх выпадках сапраўды прасцей.
Эксперт падкрэслівае: у пытаннях мовы нельга спадзявацца толькі на ўнутранае адчуванне людзей і асабістыя адносіны да мовы. Большасць людзей ні пра што такое накшталт лёсу роднай мовы асабліва не задумваецца.
- Гэта, дарэчы, адбываецца не толькі ў нас, але і ў большасці краін свету, - канстатуе Случак. - Людзі вывучаюць тую мову, якая запатрабаваная ў грамадстве.
Дарэчы, перад тым як звярнуцца да дэпутатаў, Ігар Случак пісаў лісты ў розныя ўстановы і міністэрствы наконт больш шырокага ўжывання імі беларускай мовы. Ягоны аналіз такі - большасць адказаў маюць станоўчы настрой. Гэта значыць, што чыноўнікі не супраць ужывання беларускай мовы ў перапісцы, справаводстве, але сказаць, што яны зробяць усё, каб гэта стала распаўсюджанай з’явай, таксама нельга.
- Калі Міністэрства культуры змагло перайсці на беларускую мову як асноўную мову справаводства і выступаў, дык чаму не могуць гэтага зрабіць чыноўнікі з іншых ведамстваў? Хаця б пачалі адказваць па-беларуску на лісты, напісаныя на беларускай мове. У гэтым сэнсе з’яўляецца вельмі важным прыняцце такого палажэння ў Законе "Аб звароце грамадзян".
Будзе незалежнасць - будзе і мова, і каўбаса
Між тым кожны беларус можа паспрыяць адраджэнню роднай мовы, калі будзе карыстацца ёю ў паўсядзённым жыцці. Стымулам для гэтага, лічыць старшыня ТБМ Алег Трусаў, павінна стаць імкненне да захавання незалежнасці і разуменне, што будзе незалежнасць - будзе мова, будзе каўбаса.
- У савецкія часы маглі нацыяналістам назваць чалавека, які размаўляў па-беларуску. Зараз сітуацыя рэзка змянілася. У нас нармальнае грамадства, і людзі добра ставяцца да ўсяго беларускага, - лічыць эксперт.
Таварыства беларускай мовы пастаянна вядзе перапіску з уладамі.
- Зараз яны ў 90% выпадкаў адказваюць на нашыя лісты па-беларуску, а раней было наадварот, - адзначае Алег Трусаў.
Дасягненнем ТБМ у галіне пашырэння мовы ў асяродку прадстаўнікоў улады можна лічыць аднаўленне курсу "Афіцыйна-дзелавая лексіка і стылістыка беларускай мовы" у сістэме перападрыхтоўкі кадраў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Беларусі. У красавіку 2011 года грамадскае аб'яднанне звярнулася да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея з лістом пра неабходнасць аднаўлення скасаванага курсу, які на працягу амаль 20 гадоў існаваў у гэтай навучальнай установе. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандр Радзькоў паведаміў аб аднаўленні ў сістэме перападрыхтоўкі кадраў Акадэміі кіравання вышэйназванага курсу. Ён будзе выкладацца на ўсіх спецыяльнасцях на працягу 24 гадзін.
У сітуацыі, якая склалася з мовай у Беларусі, Алег Трусаў з’яўляецца прыхільнікам тэорыі малых спраў.
- Без малых спраў не будзе вялікіх. У апошнія стагоддзі загінула дастаткова моў і народаў. Беларускую мову абараняе Бог. Паглядзіце, колькі кніжак выдаецца недзяржаўнымі выдавецтвамі на беларускай мове. Развіваецца рэклама на беларускай мове. Пашыраецца ўжытак мовы сярод амбасадаў у Беларусі. Ні прадстаўнікі сур’ёзнага бізнесу, ні амбасады не ўкладвалі б рэсурсы ў справу адраджэння беларускай мовы, калі б яна не мела перспектыў, - падкрэслівае Алег Трусаў.
Разделы
- TAM.BY — поиск компаний и услуг
- hoster.by — хостинг и регистрация доменов
- Rebenok.by — энциклопедия для родителей
- Ты можешь им помочь — благотворительность
- tutby.com — реклама на TUT.BY