
Адзін удзельнік здолеў выставіць тры плакаты
Арганізатар пікета Рыгор Грык гэтым мерапрыемствам хацеў выказаў пратэст супраць росту цэнаў, а таксама супраць малых заробкаў. “Я сам просты рабочы і ведаю, што вельмі цяжка стала жыць пры такіх цэнах, – кажа ён. – Заробку хапае толькі на аплату паслугаў і на харчаванне. Як выжываюць пенсіянеры, нават не магу ўявіць. Мне хацелася звярнуць увагу на гэтыя праблемы”. Таксама Грык патлумачыў, што гэтае мерапрыемства ён праводзіў, каб нагадаць людзям, што ў нашай краіне ў кожнага чалавека ёсць права арганізоўваць пікеты.

Перад пачаткам пікетавання, міліцыянер спраўдзіў дакументы ў арганізатара
Пікет быў дазволены выканкамам пры ўмове прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі, МНС, хуткай дапамогі і камунальных службаў, якім арганізатар пікета павінен быў аплаціць за час знаходжання на мерапрыемстве. Рыгор Грык падпісаў з усімі дамовы, але дамовіўся аплаціць службам паслугі пасля пікета. Камунальныя службы возьмуць грошы за чыстку двух квадратных метраў, дзе адбываўся пікет. Хуткая дапамога на пікет не прыехала. Не было заўважана і супрацоўнікаў МНС.

На пікеце прысутнічалі два афіцэры міліцыі, а таксама каля старога парку на вуліцы Камсамольскай стаяла машына ДАІ. Некаторыя аўтамабілісты паварочвалі з Камсамольскай на Калініна і сігналамі выказвалі сваю падтрымку. Нешматлікія мінакі спыняліся і чыталі лозунгі, некаторыя выказвалі арганізатару сваю падзяку і згоду з ім.

