Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Варшаве скончыўся чацьверты раўнд кансультацыяў паміж Польшчай і Беларусьсю ў справе ўзаемнага ўвядзеньня візавага рэжыму. Ужо папярэдне вядома, колькі будуць каштаваць польскія візы для грамадзянаў Беларусі й каму яны будуць таньнейшыя.

Паводле супрацоўніка Дэпартамэнту консульстваў Міністэрства замежных справаў Польшчы Багуслава Дубіньскага, у часе чарговага, і, магчыма, апошняга, раўнду кансультацыяў, бакі амаль цалкам узгаднілі тэкст міжурадавай дамовы аб узаемным увядзеньні візавага рэжыму ад 1 ліпеня гэтага году. Падпісаньне дамовы можа адбыцца пры канцы траўня. Аднак ужо цяпер вядома, колькі будуць каштаваць польскія візы.

Гаворыць Багуслаў Дубіньскі:

(Дубіньскі: ) "Польскія візы для беларусаў будуць каштаваць дакладна столькі, як беларускія для палякаў, бо гэтыя кошты вызначаюцца на падставе ўзаемнасьці. Такім чынам, паводле папярэдняга пагадненьня, аднаразовая віза будзе каштаваць 10 эўра. Шматразовая – 50 эўра. Новы польскі закон аб замежных грамадзянах прадугледжвае, што шматразовая віза буддзе выдавацца на адзін год".

Істотнай справай, зьвязанай з увядзеньнем візавага рэжыму, ёсьць тэрмін, у часе якога можна будзе візу атрымаць. Працягвае Багуслаў Дубіньскі:

(Дубіньскі: ) "Пакуль цяжка дакладна сказаць, усё будзе залежаць ад колькасьці беларускіх грамадзянаў, якія зьвернуцца па візы. Аднак паводле папярэдніх разьлікаў, гэты тэрмін не павінен перавышаць некалькіх дзён".

Паводле спадара Дубіньскага, польскую візу можна будзе атрымаць і без запрашэньня, але пры ўезьдзе на тэрыторыю Польшчы беларускі грамадзянін мусіць мець альбо запрашэньне ад асобы ці арганізацыі, што жыве ці дзейнічае ў Польшчы і гарантуе ягонае ўтрыманьне, альбо грошы – 25 даляраў на кожны дзень знаходжаньня ў Польшчы, але ня менш за 125 даляраў.

У амбасадзе Беларусі ў Польшчы нашаму радыё паведамілі, што бакі пагадзіліся ўвесьці льготы ў атрыманьні візаў, а таксама адмовіцца ад візавага рэжыму для беларускіх грамадзянаў, якія праяжджаюць праз тэрыторыю Польшчы, і польскіх, што едуць празь Беларусь транзытам.

(Глушкоў: ) "Дамовіліся пра захаваньне бязьвізавага рэжыму для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў, экіпажаў самалётаў і караблёў, а таксама для грамадзянаў, якія накіроўваюцца ў краіны Шэнгенскага пагадненьня і ў Чэхію, Славаччыну, Вялікабрытанію, Ірляндыю і Вугоршчыну. Грамадзянам абедзьвюх краінаў, ва ўзросьце да 16 гадоў і пасьля 65 гадоў, інвалідам, студэнтам і настаўнікам, удзельнікам навуковых, культурніцкіх і спартовых мерапрыемстваў, а таксама тым, хто наведвае магілы сваякоў, мяркуецца выдаваць візы бясплатна. Але гэта пакуль толькі ў праекце. Удвая таньнейшыя візы будуць для тых, хто едзе да блізкіх сваякоў – бацькоў, родных братоў, сёстраў, бабуляў, дзядуляў, унукаў, а таксама мужа ці жонкі", – паведаміў прадстаўнік беларускай амбасады ў Варшаве Ўсевалад Глушкоў.

Візавы рэжым з Польшчай пачне дзейнічаць 1 ліпеня сёлета.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава
0059072