Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У бліжэйшы час беларускаму ўраду трэба будзе даць справаздачу перад Аляксандрам Лукашэннкам за працу народнай гаспадаркі краіны ў першым кварталі бягучага году. Магчыма, гэтая справаздача будзе апошняй для кабінэту міністраў. Аляксандар Лукашэнка ўжо неаднаразова ладзіў публічныя разносы ўраду і абяцаў адправіць усіх у адстаўку. Апошні раз гэта адбылося ў пачатку сёлетняга году, калі кіраўнік дзяржавы быў асабліва незадаволены рэзкім скачком коштаў на камунальныя паслугі. Каб ён выправіўся, Лукашэнка даў тэрмін да канца першага кварталю.

У аўторак Савет міністраў на чале з прэм’ерам Генадзем Навіцкім правёў унутраную нараду і абмеркаваў вынікі працы народнай гаспадаркі, пра якія хутка даведаецца прэзыдэнт. З 16 важнейшых прагнозавых эканамічных паказчыкаў чатыры аказаліся нявыкананымі. Два зь іх, як лічыць Генадзь Навіцкі, цалкам "праваленыя" -- гэта сельская гаспадарка і прыцягненьне інвэстыцыяў. Паводле статыстычных дадзеных, дзьве траціны агульнай запазычанасьці па заробку ў Беларусі прыпадаюць менавіта на АПК, прычым грошы ня выплачаныя яшчэ за 2002 год. Замежныя інвэстыцыі за два месяцы бягучага году склалі толькі 40,5 млн. дал, хаця за год плянавалася прыцягнуць 1,5 млрд. дал.

Колькасьць стратных прадпрыемстваў у Беларусі вырасла да 50% (на 1 студзеня іх было на 10% меней). Незадаволенасьць прэм’ера таксама выклікала невыкананьне паказчыкаў па росту рэальнай заробнай платы (паўадсоткі пры пляне 7-8%) і ўзроўню інфляцыі (3% пры прагнозе ня больш за 1,8). Доля прадукцыі беларускай лёккай прамысловасьці на ўнутраным рынку зьнізілася да 35%, а на складох ляжыць 140% месячнага аб’ёму вытворчасьці.

Фармальна з 16 асноўных паказчыкаў эканомікі беларускі ўрад выканаў 12. Гэта дазваляе думаць, што "лебядзінай песьняю" кабинету міністраў справаздача перад кіраўніком дзяржавы ня стане. Як адзначыў у адным з сваіх нядаўніх інтэрвію міністар статыстыкі і аналізу Ўладзімер Зіноўскі, "пакуль складана сказаць, ці можна ў бліжэйшай пэрспэктыве спадзявацца на паварот да лепшага. Калі браць фінансавы стан прадпрыемстваў, то пералому сытуацыі, на жаль, няма..."

Тым не менш беларускі лідэр, прымаючы рашэньне, часьцей кіруецца эмоцыямі, чым фактамі. Так што ці пойдзе ўрад у адстаўку -- залежыць толькі ад таго, у якім настроі будзе кіраўнік дзяржавы трыццатага красавіка.
0058648