Леанід Лахманенка,

10 чэрвеня спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння В.Ф. Кебіча, слыннага палітычнага і дзяржаўнага дзеяча, якому лёсам было наканавана кіраваць беларускім урадам на зломе эпох, стаць удзельнікам і сведкам падзей планетарнага маштабу. Напярэдадні юбілею з ім сустрэўся карэспандэнт "Звязды" і папрасіў расказаць аб сабе і тым часе, а таксама пракаментаваць асобныя факты свайго жыццёвага шляху. Нагадаем, амаль пяць гадоў Вячаслаў Францавіч узначальваў урад у самы, бадай, адказны і складаны перыяд пасляваеннай гісторыі Беларусі. 

— Вячаслаў Францавіч, аднойчы вы публічна параўналі палітыку з наркотыкам: маўляў, калі ўцягнуўся, то потым няма паратунку ад палітыкі, ёю толькі і жывеш. А цяпер, з цягам часу вы пазбавіліся палітычнай залежнасці?

— Не. Спрабаваў — не атрымалася. Па-ранейшаму "хварэю" гэтым. Вось бачыце, на маім рабочым стале стос вядучых беларускіх выданняў. Я штодзень спажываю шмат свежай палітычнай і эканамічнай інфармацыі, аналізую і асэнсоўваю яе. Нярэдка думаю, а якое б я прыняў рашэнне ў той ці іншай сітуацыі. Так што я з палітыкі не пайшоў.

— Прабачце, Вячаслаў Францавіч, а навошта вам гэта трэба?

— Цікава, вельмі цікава назіраць за падзеямі ў нашай краіне і за яе межамі, канфліктамі ў "гарачых" кропках планеты, інтрыгамі вялікіх дзяржаў па прасоўванні сваіх нацыянальных інтарэсаў. Напрыклад, я ўважліва сачыў за палітыкай і непарыўна звязанай з ёю эканомікай у час драматычнага развіцця сусветнага фінансавага крызісу і г. д. І што самае дзіўнае, гэта атрымоўваецца незалежна ад маёй волі і жадання. Калі я сёння застаўся без інфармацыйнай падпіткі, то становіцца нейк неспакойна на душы, здаецца, што я нешта недарабіў, прапусціў штосьці важнае. Адчуванне, што я дарэмна пражыў гэты дзень. Таму ёсць унутраная патрэба не адставаць ад жыцця. І таму я чытаю перыёдыку, гляджу тэленавіны і... суперажываю. Кажу шчыра.

— У палітыку сёння прыходзяць маладыя амбіцыйныя людзі, якія мараць зрабіць гучную і яркую палітычную кар'еру, пакінуць сваё імя ў гісторыі, праславіцца на службе ў народа. Што б вы ім параілі?

— Першае, моцна падумаць, які з цябе атрымаецца палітык. Можа лепш паспрабаваць у іншай сферы дзейнасці, каб не было шкада змарнаваных лепшых гадоў жыцця. Бо не такі салодкі хлеб палітыка, і не заўсёды людзі аб'ектыўна, справядліва і з удзячнасцю ацэньваюць зробленае для іх тым ці іншым палітыкам. І яшчэ хачу нагадаць, што кожны, хто ідзе ў палітыку ці ўжо зараз непасрэдна альбо ўскосна знаходзіцца ў ёй, павінен памятаць, што рана ці позна прыйдзецца завяршыць актыўную палітычную дзейнасць. Потым жыць як звычайны чалавек побач з тымі, якіх ты агітаваў галасаваць за сябе, нешта абяцаў ім, ды не выканаў.

— Але вы, наколькі я разумею, сябе загадзя не рыхтавалі да вялікай палітыкі, ролі дзяржаўнага дзеяча. Мяркую па вашай біяграфіі. Але ў вас была адна перавага перад аднагодкамі, якая давала вам неблагія шанцы для кар'еры, — залаты медаль выпускніка сярэдняй школы. Ці не прага ведаў прывяла вас у палітыку?

— Хутчэй, мая адданасць вытворчасці. Пачатак дарослага жыцця не абяцаў усыпанай ружамі шырокай дарогі ў светлую будучыню хлопцу са звычайнай сялянскай сям'і з Валожынскага раёна. Ды і потым на маім жыццёвым шляху было больш шыпоў, чым кветак, нечаканых паваротаў лёсу. Я ніколі не імкнуўся ва ўладу. Пасля заканчэння Беларускага політэхнічнага інстытута прыйшоў на мінскі завод радавым інжынерам-тэхнолагам. Для мяне гэта было здзяйсненнем усіх мар. Я вельмі рана, зноў жа на мой погляд, прыкіпеў да атмасферы вялікага станкабудаўнічага прадпрыемства, у заводскім калектыве адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Відаць, быў на сваім месцы і ўсё ў мяне атрымоўвалася. І менавіта заводская прахадная, як спяваецца ў папулярнай савецкай песні, у людзі вывела мяне.

І яна ж "завяла" мяне і ў кабінет другога сакратара Мінскага гаркама. Прапанова заняць гэтую пасаду паступіла ад Машэрава — першага сакратара ЦК КПБ. Ён вырашыў прызначыць на высокую партыйную пасаду не камсамольскага функцыянера, а вылучыць кіраўніка паспяховага прадпрыемства. Выбар Пятра Міронавіча выпаў на мяне — генеральнага дырэктара вытворчага аб'яднання імя Кірава. Вось так з яго лёгкай рукі я трапіў у палітыку. Я развітаўся з калектывам літаральна са слязамі на вачах. Часта потым успамінаў завод.

Не скажу, што партыйная работа была мне па душы. На пасадзе загадчыка цяжкай прамысловасці ЦК КПБ зусім "заела" папяровая дзейнасць: даводзілася з дня ў дзень пісаць і пісаць праекты пастаноў, рашэнняў Бюро ЦК, устаўкі ў даклады, выступленні і г. д. І я папрасіўся ў Мікалая Мікітавіча Слюнькова, тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ, перавесці мяне на іншую работу, пажадана звязаную з прамысловай вытворчасцю. І мяне перавялі... другім сакратаром Мінскага абкама КПБ. І зноў я курыраваў падрыхтоўку дакладаў на ўсе адказныя мерапрыемствы. Прызнаюся, няўдзячная справа. Адзін прыклад. Прыношу першаму сакратару канчатковы даклад на заўтрашні пленум абкама. Той быў не ў гуморы і выгаворвае мне: "Што ты падсунуў? Як можна з гэтым ісці на пленум? Перарабіць!". Часу няма, і тады я на свой страх і рызыку пераставіў асобныя кавалкі дакладу, зрабіў стылістычныя папраўкі і прыношу зноў той жа самы, па сутнасці, даклад. "Першы" кажа: "Вось гэта зусім іншы дакумент, малайчына".

— Аднак вы ў абкаме доўга не затрымаліся. Зноў папрасіліся на іншую работу?

— Не зусім так. Праз восем месяцаў мне прапанавалі месца старшыні Дзяржплана БССР. Пасада, на першы погляд, быццам бы чыста гаспадарчая, але, я мушу сказаць, з вялікім палітычным падтэкстам. Дзяржплан у пэўным сэнсе быў "малым" Саўмінам, і за пяць гадоў працы яго кіраўніком я навучыўся там вельмі многаму. У прыватнасці, бачыць за нярэдка схаванымі за ветлівымі словамі і прыязнымі пратакольнымі ўсмешкамі сапраўдныя, часам варожыя адносіны высокага начальства. У Дзяржплане я таксама навучыўся апаратнай дыпламатыі, а прасцей кажучы — лавіраваць паміж партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі, уменню ладзіць і са сваім беларускім кіраўніцтвам, і маскоўскімі чыноўнікамі, прадбачыць узнікненне верагодных праблем і непрыемнасцяў і па магчымасці іх пазбягаць ці мінімізаваць. І самае галоўнае — дасягаць пры гэтым пастаўленых мэт. Відаць, школа кіраўніцтва Дзяржпланам моцна дапамагла, бо мяне рэкамендавалі на пасаду старшыні Саўміна БССР. Выбралі мяне на альтэрнатыўнай аснове падчас закрытага тайнага галасавання на пленуме ЦК КПБ. Сітуацыя тады ў савецкай краіне імкліва мянялася, і праз два месяцы зноў адбылося перавыбранне на пасаду старшыні Саўміна БССР — ужо на сесіі Вярхоўнага Савета. Той дзень запомніўся і тым, што за мяне прагаласавалі і прадстаўнікі БНФ. Толькі было 8 галасоў супраць з больш чым 320-ці дэпутатаў.

Праўда, потым амаль кожная сесія Вярхоўнага Савета пачыналася з прапановы Беларускага народнага фронту: " Кебіча ў адстаўку!". Пытанне абавязкова ставілася на галасаванне. Кожны раз 32 бэнээфаўскія галасы супраць мяне. Прычыны для зняцця прыдумваліся самыя розныя, і ў большасці сваёй яны не мелі прамога дачынення да дзейнасці Саўміна. Я часам здзіўляўся нейкай езуіцкай вынаходлівасці бэнээфаўцаў выдумляць абвінавачванні ў адрас урада, які перашкаджаў ім захапіць выканаўчую ўладу. Ды Бог ім суддзя.

— Вас многія памятаюць не толькі як старшыню Саўміна і палітыка, але і як аўтара трапных характарыстык і выразаў. Мне, напрыклад, запомніліся фраза: "Кебіч сваіх не здае". Чытачам нагадаю, што ў свой час супраць вашага намесніка М. М. Косцікава была разгорнута атака нядобразычліўцаў і палітычных канкурэнтаў з мэтай адправіць яго ў адстаўку. Хоць вам у той няпросты момант, як мне здаецца, было б выгадна менавіта "здаць" Косцікава, зрабіць яго "стрэлачнікам" і, як гаворыцца, павесіць на яго ўсіх сабак, а самому заняць зручную пазіцыю справядлівага начальніка. Аднак вы не пайшлі па такім шляху. Чаму?

— Я добра памятаю тую гучную гісторыю. Насамрэч удар БНФ і спачуваючымі ім быў накіраваны супраць мяне. Каб аслабіць пазіцыі ўрада, абвінавацілі яго кіраўніцтва (у прыватнасці, М. М. Косцікава) у розных грахах. Разлік быў такі: калі атрымаецца зняць віцэ-прэм'ера, то затым можна будзе паспрабаваць "скінуць" самога Кебіча. Такую задачу-максімум ставіў перад сабой БНФ. Пад выглядам клопатаў аб народзе і чысціні радоў членаў урада прадстаўнікі фронту ў парламенце час ад часу рабілі на мяне відавочныя ці замаскіраваныя наезд за наездам. Вось і Косцікава выбралі ў якасці адной з прамежкавых ахвяр. Прызнаць іх надуманыя абвінавачванні і зняць з пасады Мікалая Мікалаевіча было б несумленна перад сабой і народам. Так, гэты крок дазволіў бы мне пазбегнуць адказнасці за пэўныя праблемы, але гэта было б вельмі несалідна. Ды і як потым чалавеку глядзець у вочы? І я тады публічна заявіў: "Кебіч сваіх не здае". Не ў тым сэнсе, што я кагосьці абараняю ад пакарання, заплюшчваю вочы на правалы ў рабоце, маральныя хібы. Увогуле здаваць ці падстаўляць — гэта подлы метад, брудныя тэхналогіі, якія я ніколі яго не выкарыстоўваў у палітычнай дзейнасці. Хоць мяне час ад часу падштурхоўвалі да гэтага.

— Тут, каб устаяць, моцны характар трэба мець. Дзе ж вы, Вячаслаў Францавіч, так загартаваліся?

— Як і большасць хлопцаў майго пакалення, у арміі і ў заводскім калектыве. А яшчэ для мяне важнай школай жыцця стала служба ў адным з падраздзяленняў ГРУ — слыннага Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Савецкай Арміі. Хоць гэта быў і пасляваенны час, але мне за нядоўгі тэрмін службы ў ГРУ хапіла і рамантыкі, і выпрабаванняў.

— Першыя гады незалежнасці Беларусі былі поўныя драматызму і нечаканых падзей. Што вам асабліва запомнілася?

— Той час сапраўды быў дзіўным, трагічным і супярэчлівым: развал СССР, параліч КПСС, усплёск нацыяналізму, крывавыя бойкі на гэтай глебе... Людзі сталі паводзіць сябе зусім інакш, чым раней. Памятаю, калі адбыўся крах Камуністычнай партыі СССР, паўстала пытанне аб выхадзе з яе радоў. Кожны член КПСС павінен быў напісаць адпаведную заяву. Ва ўрадзе пасля даволі жорсткай і працяглай дыскусіі на гэты конт мы прыйшлі да высновы, што ў інтарэсах народа мець беспартыйны ўрад. Мы кіраваліся логікай жыцця. Але чым кіраваліся дэпутаты Вярхоўнага Савета, 80 працэнтаў якіх былі камуністамі: сакратары ЦК і абкамаў, загадчыкі аддзелаў гэтых партыйных камітэтаў? Дзіўна, але факт: усе яны, за выключэннем Анатоля Аляксандравіча Малафеева, прагаласавалі фактычна за самаліквідацыю Кампартыі Беларусі. Тым больш дзіўна, што іх ніхто (акрамя БНФ) не прымушаў знішчаць сваю партыю, дзе яны былі кіраўнікамі. А тым часам набіраў моц БНФ. У гэтых надзвычай складаных умовах цэнтрам палітычнай і эканамічнай улады стаў урад.

І менавіта мне, як яго кіраўніку, выпала складаная місія весці перамовы з раз'юшанымі прадстаўнікамі мінскіх заводаў, якія, абураныя дарагоўляй, галапіруючай інфляцыяй, няпэўнай палітычнай і эканамічнай сітуацыяй, выйшлі на плошчу. Да масавага пратэсту людзей падбухторвалі завадатары з БНФ. Я асабіста даў каманду міліцыі не перашкаджаць дэманстрантам сабрацца на плошчы перад Домам урада. Цікава, што гнеў натоўпу БНФ спрабаваў накіраваць не супраць урада, а на стварэнне ціску на старшыню Вярхоўнага Савета Мікалая Іванавіча Дземянцея. Менавіта яго адстаўкі патрабавалі пратэстуючыя. Хоць у той дзень мне было трэба вырашыць некалькі неадкладных пытанняў, але якая работа, калі пад акном гудуць некалькі дзясяткаў тысяч чалавек? Я заходжу да Дземянцея і кажу: "Мікалай Іванавіч, пайшлі на плошчу, няма іншага выйсця". Дземянцей адмовіўся.

А ўжо гарачыя галовы ва ўнутраным двары Дома ўрада сцягвалі спецназ, бронетранспарцёры. Я забараніў пускаць у ход сілу і ў суправаджэнні аднаго ахоўніка (уся мая ахова была з двух чалавек), які ўсяляк угаворваў мяне не выходзіць з будынка ўрада, пайшоў да людзей. Размовы, на жаль, не атрымалася. Ведаеце, велізарны натоўп — страшная з'ява. Тут звычайная логіка не заўсёды дзейнічае. Можна чакаць рознай правакацыі. Дастаткова адной неасцярожнай фразы, каб выклікаць незваротную агрэсіўную рэакцыю. Відаць, прадстаўнікі БНФ чакалі маёй памылкі, але не дачакаліся. Я вярнуўся ў кабінет і назіраю за падзеямі на плошчы. Праз хвілін дзесяць натоўп пачаў радзець. А праз гадзіну засталася толькі невялікая групка прыхільнікаў БНФ з бела-чырвона-белымі сцягамі. Праўда, на наступны дзень зноў сабралася каля пяці тысяч чалавек. Яны трохі пашумелі і разышліся.

— Вядома, не ад добрага жыцця людзі выйшлі пратэставаць. Што іх так усхвалявала? Тады, наколькі я памятаю, узнікла нейкая блытаніна з грашыма. Расія замест дапамогі нам моцна сапсавала абедню? Так было?

— Да мяне сталі даходзіць чуткі, што Расія тайком ад Беларусі збіраецца ўводзіць уласную валюту замест савецкага рубля. Я спытаў аб гэтым напрамую ў Ягора Гайдара, які выконваў абавязкі старшыні ўрада. Той у адказ: "Ну што вы, Вячаслаў Францавіч? Калі што і будзе, то мы вас загадзя папярэдзім". Падмануў Ягор Цімуравіч. Неўзабаве Расія ўвяла свой рубель. Нам прыйшлося тэрмінова рэагаваць, уводзіць сваіх слынных "зайцоў". Пакуль тое-сёе, эканамічная сітуацыя пагоршылася, папаўзлі ўгору цэны, людзі сталі выказваць незадаволенасць. Гэта паспрабавалі выкарыстаць апазіцыйныя сілы, і у першую чаргу БНФ.

— А як узнікла ідэя ўвядзення ў Беларусі пасады прэзідэнта?

— Вось тады і ўзнікла як рэакцыя на тую неразбярыху і анархію ў калідорах заканадаўчай улады. Ураду даводзілася працаваць у вельмі неспрыяльных умовах. З падачы БНФ дэпутаты Вярхоўнага Савета замест таго, каб быць нашымі партнёрамі, дапамагаць нам у вырашэнні вострых гаспадарчых праблем, часта займалі неканструктыўную пазіцыю, блакіравалі нашы ініцыятывы і прапановы. Сітуацыя паступова пераходзіла ў рэчышча актыўнага супрацьстаяння ўрада і парламенту. Так не магло доўга працягвацца, і таму была прапанавана ідэя пераходу да прэзідэнцкай рэспублікі. Я і сёння ўпэўнены ў правільнасці гэтага кроку. 

— А як у гады вашага прэм'ерства, калі не толькі кожны рэгіён, а нават раён і больш-менш значны завод, былі сам сабе галава, чым неверагодна ўскладнялі дзейнасць урада, удавалася вырашаць канкрэтныя гаспадарчыя пытанні?

— Дзякуючы асабістым сувязям і знаёмствам. Яны аказаліся дзейсным эканамічным фактарам у той надзвычай складаны перыяд пачатку пераходу да рынкавай эканомікі былых савецкіх рэспублік. Агульнавядомы "парад суверэнітэтаў" выклікаў рэзкі і амаль што адначасовы разрыў гаспадарчых сувязяў беларускіх прадпрыемстваў з партнёрамі ў Расіі, Украіне, іншых рэспубліках. Кожная з іх пачала рашуча дэманстраваць сваю незалежнасць, шукаць сваю выгаду і свой шлях далейшага развіцця. Савецкая эканоміка страціла ўсялякую кіруемасць, былыя пагадненні і дамоўленасці ўжо не дзейнічалі. І тут адна надзея была на асабістыя сувязі. Мне, ды і (не пабаюся здацца нясціплым) Беларусі, моцна пашанцавала, што з Чарнамырдзіным — сапраўдным рускім чалавекам, чалавекам шырокай, шчырай душы і выдатным арганізатарам — у нас яшчэ далёка да развалу Саюза склаліся прыязныя і сяброўскія адносіны. Віктар Сцяпанавіч, як кіраўнік расійскага ўрада, у цяжкія моманты для эканомікі нашай краіны заўсёды ішоў мне насустрач. Напрыклад, па спісанні даўгоў за энерганосьбіты, пастаўкі сыравіны і камплектуючых для нашых заводаў і фабрык, заахвочванні імпарту беларускай прадукцыі ў Расію і г.д. Нашы адносіны дапамагалі вырашаць многія гаспадарчыя пытанні. У выніку айчынная прамысловасць не спынілася, няхай з перабоямі, вялікімі праблемамі, але працавала. На фоне неверагоднай інфляцыі ні адно з больш-менш значных прадпрыемстваў не закрылася канчаткова, як гэта здарылася ў суседніх былых савецкіх рэспубліках. Дасягнута гэта было цаной велізарнага напружання, выкарыстання ўсіх рэзерваў, у тым ліку і асабістых сувязяў.

Кіраўніком справы і слова, Чалавекам, без перабольшвання, з вялікай літары таксама аказаўся і казахстанскі лідар Нурсултан Назарбаеў. Ён разумеў нашы эканамічныя цяжкасці і ў меру сваіх магчымасцяў дапамагаў іх вырашаць. Як ні дзіўна, у Літве, дзе былі моцныя антысавецкія настроі і якая ў ліку першых выйшла са складу СССР, таксама мы знайшлі сяброў у асобе Альгірдаса Бразаўскаса, Казіміры Прунскене, іншых кіраўнікоў краіны. Тое, што ўдалося пакінуць за Беларуссю нашы здраўніцы ў Сочы, Місхоры, Друскінінкаі, было вынікам маіх перамоў з кіраўнікамі новых незалежных дзяржаў.

— У свой час, як старшыня Саўміна, вы актыўна выступалі за аб'яднанне грашовых сістэм Беларусі і Расіі, увядзенне адзінай валюты. Тады гэты варыянт не прайшоў. Чаму? На той час не саспелі аб'ектыўныя ўмовы для такога адказнага кроку? Не была праведзена адпаведная папярэдняя работа?

— Усё загадзя было ўзважана і падлічана па некалькі разоў. У прыватнасці, неабходная агульная колькасць грошай для абедзвюх краін. Доля Беларусі складала прыкладна 10 працэнтаў. Эмісія (друкаванне грошай) была магчымай толькі пасля згоды кіраўнікоў Нацбанка і Цэнтрабанка. Аднак ідэю ўвядзення адзінай валюты не ўдалося рэалізаваць. Тут галоўную адмоўную ролю адыграў чалавечы фактар, як модна зараз казаць. Урады Беларусі і Расіі зрабілі ўсё, што ад іх залежала, каб у нас з'явіліся агульныя грошы. Тады абменны курс быў бы такім: адзін расійскі рубель — два беларускія рублі. Для нашага насельніцтва, лічу, гэта быў бы выгадны курс. Наколькі я ведаю, у народзе чакалі аб'яднання грашовых сістэм. Справа заставалася за малым: падпісаць неабходныя дакументы. Я і тагачасны старшыня Нацбанка Станіслаў Багданкевіч выехалі ў Маскву на сустрэчу з расійскімі прэм'ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным і старшынёй Цэнтрабанка Віктарам Герашчанкам — дарэчы, выхадцам з Гродзенскай вобласці.

У купэ вагона, натуральна, працягвалі абмяркоўваць мэту камандзіроўкі. Багданкевіч падтрымліваў стварэнне адзінай валюты, выказваў слушныя аргументы на карысць гэтага кроку. Але за некалькі хвілін да падпісання пагаднення Чарнамырдзін раптам кліча мяне для размовы з вока на вока і паведамляе непрыемную навіну: "Багданкевіч не будзе падпісваць дакументы". Я літаральна аслупянеў: "Не можа быць, мы ж канчаткова дамовіліся, удакладнілі пазіцыі ўрада і Нацбанка". Чарнамырдзін гаворыць: "А мы зараз пабачым". І запрашае мяне ў залу, дзе было ўсё падрыхтавана для цырымоніі падпісання. І сапраўды, Багданкевіч адмовіўся ставіць свой подпіс. Я да яго: "У чым справа?" Той у адказ: "Мне забараніў рабіць гэта Шушкевіч". Вось такая выйшла сумная гісторыя з аб'яднаннем грашовых сістэм.

— А сёння можна паўтарыць спробу?

— Цяпер выкананне гэтай задачы значна ўскладнілася. Расія забагацела на экспарце нафты і газу, ужо хоча атрымаць аднабаковыя прэферэнцыі і выгады для сабе, патрабуе ад кіраўніцтва Беларусі ісці на ўступкі, якія часам зусім не прымальныя. Скажам, за свае крэдыты Масква настойвае на продажы буйной дзяржаўнай уласнасці. Гэтага патрабуе вялікі расійскі капітал, які тады не меў такой палітычнай вагі, як цяпер. А вось тады ўмовы і абставіны для ўвядзення адзінай валюты былі непараўнальна больш спрыяльныя. Сёння гэта амаль немагчыма, бо, на мой погляд, пагражае стратай палітычнай і эканамічнай самастойнасці беларускай дзяржавы.

Пачытайце ўважліва Белавежскія пагадненні. Там, між іншым, замацоўвалася існаванне адзінай эканамічнай прасторы, адзінай грашовай сістэмы і шмат яшчэ чаго адзінага. Вялікая памылка ўдзельнікаў сустрэчы ў Віскулях была ў тым, што яны дэнансавалі Саюзны дагавор 1922 года, ці, інакш кажучы, пагадненне аб стварэнні СССР. Але Віскулі — тэма асобнай вялікай размовы.

— Ваша жыццё пасля адстаўкі: чым займаецеся, як адпачываеце?

— Спачатку анекдот, так бы мовіць, ад Кебіча. Раней Сочы, як вядома, быў знакаміты падпольнай гульнёй прэферансістаў. Дык вось, прыязджаюць туды тры сябры і з раніцы да вечара гуляюць у карты. У апошні дзень адпачынку яны нарэшце агледзеліся, і адзін з іх здзіўлена гаворыць: "Хлопцы, дык тут і мора ёсць!" Так і я пасля адстаўкі зрабіў для сябе адкрыццё: акрамя дзяржаўнай службы, ёсць іншае — нармальнае жыццё, а не праца з 8 раніцы да 9-10 вечара і, як правіла, з адным выхадным у нядзелю. Хоць, прызнаюся, першыя тыдні і месяцы пасля адстаўкі не мог прывыкнуць да вымушанага бяздзеяння, нязвыклай цішыні вакол сябе. Але потым жыццё, як гаворыцца, пачало наладжвацца. Я быў абраны старшынёй Беларускага гандлёвага саюза, выбіраўся дэпутатам парламента, удзельнічаю ў эканамічным жыцці краіны. Наш саюз, калі ў двух словах, — гэта грамадская арганізацыя, галоўная мэта якой садзейнічаць прытоку інвестыцый у Беларусь і дапамагаць нашым экспарцёрам выходзіць на замежныя рынкі. Я стаў нарэшце адпачываць як чалавек. Для мяне цяпер выхадныя без рыбалкі не адпачынак ужо. Гэта вялікая асалода заехаць як мага далей ад сталіцы і парыбачыць.

— Ведаеце, сёння рыбалка — не такое ўжо і таннае хобі. Адны сучасныя імпартныя прылады чаго каштуюць...

— А я не бедны чалавек. Магу сабе дазволіць якасную рыбацкую амуніцыю. Прэзідэнт пасля адстаўкі сваім указам прызначыў мне персанальную пенсію з фармулёўкай: "За асаблівыя заслугі перад народам Рэспублікі Беларусь". Невялікую зарплату атрымоўваю ў нашым саюзе.

— Прабачце за бестактоўнасць, і гэта ўсе вашы крыніцы даходаў?

— Усе. А што вас засмучае?

— Кажуць, што вы, калі былі яшчэ пры ўладзе, абзавяліся на ўсялякі выпадак уласнай аўтазаправачнай станцыяй у Мінску.

— І вы пра гэту міфічную "запраўку Кебіча"? Няма яе і ніколі не было. Нехта калісьці пусціў такую плётку, і мне ўжо абрыдла яе абвяргаць.

— Тады час быў такі, што многія расійскія і беларускія начальнікі абагаціліся на бартарных здзелках, "прыхватызацыі", "адкатах" за лабіраванне інтарэсаў пэўных груп бізнэсу. А чыноўнікі самага высокага рангу паўдзельнічалі ў падзеле "золата" партыі. Вы мелі да гэтага дачыненне?

— Не, хоць аднойчы быў запрошаны і прысутнічаў у Маскве на сакрэтнай нарадзе высокапастаўленых партыйных функцыянераў, буйных гаспадарнікаў, банкіраў. Размова ішла аб ратаванні фінансаў КПСС, раскіданых у банках па ўсім свеце, для будучых пакаленняў камуністаў. Агучваліся розныя меркаванні: захоўваць валюту ў спецыяльных банкаўскіх сейфах, праз падстаўных асоб укладваць сродкі ў прыбытковыя акцыі, аблігацыі, інвестыцыйныя фонды, якія варочалі мільярднымі сумамі. Мне прапанавалі стаць адным з захавальнікаў часткі скарбаў партыі. Я адмовіўся. Больш са мной гутаркі на гэтую тэму не заводзілі.

— І чаму вы адмовіліся?

— Тут некалькі прычын. Я не быў да канца ўпэўнены ў тым, што гэта менавіта "золата" партыі, а не "брудныя" грошы з крымінальным следам. Акрамя гэтага, я быў вельмі заняты на працы ва ўрадзе і не меў часу на легальнае ўладкаванне партыйных фінансаў. Таксама спрацавала і пачуццё самазахавання. Бо я ведаў, што там, дзе велізарныя грошы, там і небяспека стаць ахвярай тых, хто захацеў бы завалодаць імі. А па "золата" партыі абавязкова прыйшлі б. Хутчэй за ўсё, гэта былі б прадстаўнікі злачынных кланаў.

— У якую суму ў доларавым эквіваленце вы ацэньваеце партыйныя скарбы?

— На той момант, на мой погляд, па вельмі прыблізных ацэнках можна казаць, што ад 400 да 500 мільярдаў долараў належалі КПСС.

— І як вы думаеце, захавалася нешта да нашых дзён?

— Відаць, толькі нязначная частка. Як мне здаецца, шмат партыйных грошай было раскрадзена замежнымі банкамі сумесна з расійскімі прайдзісветамі ад бізнэсу і палітыкі. Дзякуючы гэтым шалёным грошам яны потым сталі буйнымі прадпрымальнікамі, уладальнікамі ці саўладальнікамі банкаў, карпарацый, фірмаў, вялікіх пакетаў акцый, і зараз шыкоўна жывуць за мяжой. Заўважце, што сёння ў Расіі ўжо не шукаюць "золата" партыі.

— Вячаслаў Францавіч, а ці не ўзнікала жаданне пасля няўдачы на прэзідэнцкіх выбарах з'ехаць жыць за мяжу, хоць бы ў Расію, як гэта зрабілі асобныя адстаўныя дзеячы ўжо прэзідэнцкай Беларусі?

— Магчымасць такая была. Я ўжо казаў, што мяне звязвалі сяброўскія адносіны з Чарнамырдзіным. Віктар Сцяпанавіч, калі быў прэм'ерам, неаднойчы клікаў мяне жыць і працаваць у Маскве. Там і сёння ў мяне шмат сяброў і знаёмых ва ўсіх слаях грамадства. Я думаю, што мая кваліфікацыя кіраўніка дазволіла б няблага зарабляць ва ўмовах пад'ёму расійскай эканомікі. Але не ўсё вымяраецца матэрыяльнымі дабротамі. Для мяне радзіма — гэта не толькі месца нараджэння. Тут магілы маіх бацькоў, тут прайшлі лепшыя гады майго жыцця, тут нарадзіліся мае дзеці, тут жывуць родныя і блізкія, сотні людзей, з якімі я разам ішоў па жыцці, тут мілыя майму сэрцу мясціны і прырода. Я думаю, што гэта пераканаўчыя аргументы.

{banner_819}{banner_825}
-45%
-30%
-20%
-10%
-50%
-10%
-20%
-20%
-10%