Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка ў 1995 годзе пазбавіў ліквідатараў асноўнай колькасьці ранейшых ільготаў, ім, паводле закону, засталіся гарантыі мэдычнага абслугоўваньня і бясплатнага лячэньня ў санаторыях. Два гады таму Міністэрства аховы здароўя выдала распараджэньне ўсім мэдычным установам не выпісваць ліквідатарам бясплатных рэцэптаў на некаторыя прэпараты. На чатырох старонках пералічваліся лекі, якія перасталі быць бясплатнымі. Сярод іх былі ня толькі дарагія прэпараты, але нават настоі зёлак і вітаміны.

Менскае аб’яднаньне ліквідатараў "Сож" налічвае каля тысячы чалавек. Асноўную колькасьць іх складаюць людзі, якія сем месяцаў працавалі ў зоне катастрофы адразу пасьля выбуху. Старшыня арганізацыі Валеры Ягур распавёў Радыё Свабода:

-- Недаступныя сталі мэдычныя паслугі. Нам выпісваюць чатыры бясплатных рэцэпты штомесяц. Але мы гэтым ужо й не карыстаемся. Уявіце сабе, што нам выпісваюць... Замест неабходных прэпаратаў нам выпісваюць самыя танныя. Напрыклад, асьпірын, ці яшчэ што-небудзь, тое, што каштуе капейкі. Дык гэта ў Менску. У іншых рэгіёнах і гэтага няма. Нават вітаміны мы набываем за свае грошы.

Сёлета ліквідатары прыйшлі ў камісію, якая займаецца разьмеркаваньнем санаторных пуцёвак, але ім там адмовілі і ў гэтай адзінай ільгоце, якая дагэтуль гарантавалася заканадаўствам.

"Згодна з 19 артыкулам нам павінны даць бясплатную пуцёўку ў санаторый. Але практыка гэта абвяргае. А набыць пуцёўку за грошы мы таксама ня ў стане, бо такіх грошай у нас папросту няма. Раней, калі я набываў пуцёўку за свой кошт, мне яе пазьней кампэнсавалі. Цяпер гэтага ўжо няма..." , -- расказвае Валеры Ягур.

Ліквідатары абвінавачваюць улады ў спробах выклікаць у часткі грамадзтва непрыхільнае стаўленьне да чарнобыльцаў.

"Мы добра ведаем, што ў Беларусь дастаўляецца шмат гуманітарнай дапамогі. Гэта і лекі, і абсталяваньне. Куды гэта ўсё трапляе?!.. Мы бачым, што з кожным годам нас усё менш і менш. Мы нічога не чакаем ад дзяржавы. Але нам крыўдна за сваіх дзяцей. Што іх чакае? Хто будзе клапаціцца пра іх? Дзяржава?!.. Асабліва абурае цынічная кампанія, якую распачынаюць улады напярэдадні трагічнай даты. У дзяржаўным друку пішуць і пра тое, што нам даюць нейкія сродкі і іншыя рэчы. Але гэта нахабная хлусьня. Людзі думаюць, што яны жывуць бедна з тае прычыны, што на нас ідзе шмат бюджэтных грошай. Мы мяркуем, што ўлады наўмысна робяць гэта", -- лічыць ліквідатар.

26 красавіка ў Менск прыедуць ліквідатары з розных рэгіёнаў. Кіраўнікі аб’яднаньняў чарнобыльцаў не выключаюць, што выйдуць на асобную вулічную акцыю пратэсту.

Любоў Лунева, Радыё Свабода
0058045