Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Мінгарвыканкам не даў дазволу на правядзенне працэсіі Божага Цела ў Мінску па традыцыйным маршруце. Незразумелым лічыць дадзенае рашэнне Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, паведамляе catholic.by.

Замест ўжо традыцыйнага маршрута (ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы па тратуары ўздоўж праспекта Незалежнасці да Чырвонага касцёла) гарадскія ўлады накіроўваюць працэсію па тратуарах вуліц Казлова, Бядулі, Першамайскай, Ульянаўскай і Свярдлова.

Дадзены маршрут уяўляе сабою вузкія тратуары, вялікую колькасць машын уздоўж тратуараў, шматлікія светлафоры, трамваі і рынак.

У некаторых месцах вядуцца рамонтныя працы, у сувязі з чым на зямлі ляжаць трубы, а навокал раскапаныя ямы.

У такіх умовах няпроста прайсці вялікай колькасцю людзей, а тым больш складана засяродзіцца на малітве. Акрамя гэтага, у працэсіі будуць удзельнічаць дзеці з усіх мінскіх парафій, якія будуць апрануты ў белае адзенне. Працэсія вельмі расцягнецца і зойме больш часу, чым звычайна.

У атрыманым адказе ад Мінгарвыканкама таксама гаворыцца толькі пра адзін прыпынак каля Чырвонага касцёла. Гэта, як адзначае Мітрапаліт Кандрусевіч, з’яўляецца прамым умяшальніцтвам у правядзенне літургіі свята, якая прадугледжвае чатыры прыпынкі (чатыры алтары), дзе абвяшчаецца Евангелле.

"Незразумелае рашэнне гарадскіх уладаў — гэта непавага да вернікаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі сваёй краіны і жыхарамі яе сталіцы, якія працуюць на карысць грамадства, — падкрэслівае арцыбіскуп Кандрусевіч. — Такое рашэнне не спрыяе кансалідацыі нашага грамадства, бо што можна казаць вернікам, якія не перастаюць тэлефанаваць і з трывогаю пытацца ў святароў: чаму? Тым больш, ніхто з гарадскіх уладаў не запрасіў прадстаўнікоў Касцёла, каб абмеркаваць маршрут".
0058648