Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зміцер Лукашук,

Як даведалася Еўрарадыё, заробак дэпутатаў скараціўся амаль на палову, і яны зараз таксама пачалі абмяжоўваць сябе ў пакупках.

Калі яшчэ некалькі дзён таму заробак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў паводле курсу Нацбанка складаў каля 1 тысячы долараў, то цяпер - 600. І народныя абраннікі на ўласнай кішэні адчулі не толькі дэвальвацыю, але і рост коштаў у крамах.

Як прызнаецца Еўрарадыё сябра камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Тамара Ісачэнка, сёння яна вымушаная адмаўляцца ад набыцця тых прадуктаў, якія раней купляла без роздумаў.

Тамара Ісачэнка: “Я атрымліваю фіксаваны заробак, прыбыткаў дадатковых у мяне, акрамя гэтага заробку, няма ніякіх... Усе мы адчулі, што магчымасці нашага кашалька зараз значна менш. Даводзіцца крыху падціскаць свае інтарэсы спажывецкія. Ужо пачынаеш задумвацца: калі раней ішоў на рынак і, да прыкладу, выразку набываў свабодна, то цяпер думаеш, ці патрэбная табе выразка, ці можна абыйсціся іншай часткай! Якая каштуе не 35 тысяч, а, да прыкладу, 28”.

І амаль адмовілася ад набыцця шакаладных цукерак і добрага шакалада.

А намеснік старшыні камісіі па аграрных пытаннях Уладзімір Маёраў расказвае, што дэвальвацыя стала для яго нечаканасцю. Даведаўся ён пра новы курс рубля толькі з прэсы. І гэта прымусіла яго адкласці на нявызначаны тэрмін даўно запланаваны рамонт кватэры.

Уладзімір Маёраў: “Даведаліся ўчора з прэсы нашай, што такі курс афіцыйны. Я планаваў сёлета рамонт зрабіць, нешта яшчэ набыць - зразумела, што гэта адпадае. І скажам прама: гэта хвалюе”.

Хвалюе гэта, таму што, кажа дэпутат, у яго ёсць пэўныя абавязкі перад сям’ёй: жонкай, дзецьмі, унукамі. Вось толькі мяняць працу на больш прыбытковую дэпутат не збіраецца. І ўсё... з-за любові да прэзідэнта.

Уладзімір Маёраў: “Я аддадзены да глыбіні душы, гэта без падхалімства, кіраўніцтву і прэзідэнту. Жонка гэта выдатна ведае, яна гэта бачыць, адчувае. Таму - з разуменнем да гэтага ставіцца. І, як і я, кажа, што ўсё гэта часова, як-небудзь і перажывем”.

Тое, што заўважна адбіўся рост коштаў на яе сямейным бюджэце, гаворыць Еўрарадыё сябра Камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, справах сям’і і моладзі Марына Рэмша. Вось толькі абмяжоўваць сябе падчас паходаў па крамах гэта не прымусіла.

Марына Рэмша: “Не, не адмаўляю сабе - іду і набываю тое, што мне патрэбна. Не абмяжоўваючыся”.

А намеснік старшыні Камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні Ларыса Вершаловіч прызнае, што ў сённяшняй сітуацыі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў - не самыя пакрыўджаныя людзі.

Ларыса Вершаловіч: “Я думаю, што ёсць людзі -— без каментароў, што называецца. Дэпутаты ў гэтай сітуацыі не самыя пакрыўджаныя, а больш нічога каментаваць я не буду”.

Народныя абраннікі не супраць таго, каб ім павысілі зарплату. Усе законныя падставы для такой індэксацыі, сцвярджае Тамара Ісачэнка, ёсць.

Тамара Ісачэнка: “Калі перавышае індэкс спажывецкіх коштаў 5%-парог з моманту папярэдняй індэксацыі, то надыходзяць умовы для індэксавання. У абавязковым парадку. Гэта - пенсіі, стыпендыі і той заробак, які выплачваецца за кошт бюджэтных сродкаў”.

Дэпутаты - тыя ж бюджэтнікі. І хоць Тамара Ісачэнка як сябра Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве кажа, што яе найперш хвалюе павелічэнне заробкаў настаўнікаў, пра ўзровень сваіх прыбыткаў народныя абраннікі таксама клапоцяцца. Не далей, як 27 траўня, паводле Уладзіміра Маёрава, яны будуць дапытваць кіраўніцтва ўрада, як тыя плануюць павышаць заробкі людзям.

Уладзімір Маёраў: “27-га урад будзе прысутнічаць - у нас “Дзень адказаў урада” для дэпутатаў. Я спадзяюся, што мы пачуем тое, што хочам і самі пачуць, і што народ хоча пачуць”.

На колькі могуць павысіць заробкі бюджэтнікам, пенсіі і стыпендыі, ніхто з дэпутатаў прагназаваць не ўзяўся. У той жа час Марына Рэмша шчыра прызнаецца, што не супраць была б, калі б дэпутатам заробак узнялі разоў у дзесяць: грошай шмат ніколі не бывае! 
 

0058648