Общество


Фінансавы крызіс ударыў і па планах дэмаграфічнага выбуху ў нашай краіне. Месячнай “дзіцячай” дапамогі пасля абясцэньвання нашага рубля цяпер хапае на дзве пачкі якасных памперсаў.

"Вырашайма дэмаграфічную праблему!" — заклікаюць чыноўнікі ўсіх узроўняў. Па тэлевізары бадзёранька рапартуюць, што дзяржаўная дапамога бацькам першага, другога і тым больш пятага дзіцяці няўхільна павялічваецца. Але мала нарадзіць, трэба выгадаваць, выхаваць і дагледзець хаця б адно дзіця. Дапамога дзяржавы пры гэтым будзе заключацца ва ўмоўна бясплатным медыцынскім абслугоўванні, вылучэнні месца ў дзіцячым садку, а таксама ў фіксаванай выплаце дапамогі па доглядзе за дзіцем да 3 гадоў: з 1 мая 2011 года гэтая дапамога складае 343 260 рублёў (з 1 лютага па 30 красавіка было 296 870 рублёў).

Паколькі афіцыйная статыстыка міла забываецца суаднесці намінальную дапамогу бацькам з рэальнымі выдаткамі, то зробім гэта самастойна.

Дзеля большай аб'ектыўнасці параўнаем, на што хапала "дзіцячых" грошай да фактычнай дэвальвацыі рубля, і што на іх можна набыць сёння.

Харчаванне

Шчаслівыя тыя бацькі, чыё дзіця абсалютна здаровае і корміцца грудным малаком: да 4—6 месяцаў немаўляці ў спісе іх выдаткаў пункт "харчаванне" адсутнічае ўвогуле. Іншая справа, калі дзіцяці патрэбны штучныя сумесі: адзін пачак малочнай сумесі беларускай вытворчасці каштуе ад 8 да 19 тысяч беларускіх рублёў, замежнай — 20—40 тысяч рублёў; для "праблемных" дзетак (з алергіяй, непрымальнасцю пэўных кампанентаў малака) давядзецца выкласці па 30—100 тысяч за пачак (на месяц іх трэба 3—6).

З узростам растуць і выдаткі. Так, 1 слоік дзіцячага пюрэ з садавіны ці агародніны каштуе ад 1870 (фіксаваная цана беларускага вытворцы) да 6 тысяч рублёў, мясная і рыбная кансервы — ад 2 да 9 тысяч. На месяц дзіцяці да года патрэбна як мінімум 15 мясных і рыбных кансерваў, ад 30 да 50 слоікаў пюрэ ды яшчэ 2—5 пачкаў кашы ад 5700 да 20 тысяч за пачак, плюс адмысловыя кісламалочныя прадукты, сок, яйкі, свежая садавіна і г.д. За месяц дзіцячае харчаванне падаражэла як мінімум на 200—500 рублёў за слоік/пачак, а некаторыя замежныя маркі ўвогуле зніклі з прылаўкаў крам.

Безумоўна, можна самім гатаваць дзіцяці ежу. Прыкінем: кілаграм брокалі і квяцістай капусты сёння каштуе 13—15 тысяч (месяц назад — 8—9), яблыкаў — 7500 — 13 000, груш — 10 000—17 000 і г.д., без уліку расходу вады, электрычнасці і мамінага часу на кухні.

Асабістая арыфметыка

Яшчэ 2 месяцы назад можна было накарміць дзіця выключна фабрычным харчаваннем абранага вытворцы; цяпер на гэта спатрэбіцца не менш як 200 тысяч, або 2/3 ўсяго "дзіцячага" бюджэту.






Адзенне, абутак 


Як правіла, "пасаг" немаўлятам яшчэ да нараджэння збіраюць бацькі і бабулі-дзядулі, а далей уступае ў сілу кругазварот дзіцячых рэчаў у прыродзе і абмен са знаёмымі ды сябрамі. І гэта літаральна выратоўвае, бо на дзіцячую вопратку можна непрыкметна спусціць мільёны. Другі шлях адчувальнай эканоміі — сэканд-хэнд. Што да абутку, то, прыкладам, сандалі беларускай вытворчасці ў крамах каштуюць ад 40 тысяч, расійскай — ад 80 да 100 тысяч, адмысловы артапедычны абутак яшчэ больш дарагі.

Асабістая арыфметыка

Цёплы дзіцячы камбінезон, які ў крамах каштаваў 250—300 тысяч рублёў, у сэкандзе абышоўся ў 60.





Гігіена 

Адзін з прадметаў ажыятажу сёлета — дзіцячыя падгузнікі, дакладней, самыя папулярныя ў бацькоў Pampers, якія ў сувязі з валютнымі праблемамі на пэўны час увогуле зніклі з продажу, а потым з'явіліся па касмічнай цане. Памперсы, якія ў красавіку каштавалі 68 тысяч за пачак (70 штук), цяпер можна набыць за 135—140 тысяч. Што да іншых марак, то і сярод іх танней за 30 тысяч за 20 падгузнікаў не знойдзецца. Штодня ж іх трэба некаму ўсяго 2, а некаму і 16. Ды вільготныя сурвэткі — ад 10 тысяч за ўпакоўку, і крэм пад падгузнік (як мінімум 5—7 тысяч).

Каб скараціць і гэты артыкул выдаткаў, трэба раскашэліцца на пральны парашок (ад 10 тысяч за пачак, які месяц назад каштаваў 6—8 тысяч), кандыцыянер для бялізны (10—15 тысяч, месяц назад — 6—12), мноства пялёнак або марлю, ваду, электраэнергію і нікім не ўлічаны мамін час.

Асабістая арыфметыка

Месяц назад дзіцячай выплаты хапала на 3 пачка якасных памперсаў, цяпер — на 2, але тады малое застанецца без ежы.






Здароўе 

Паўторымся: шчаслівыя тыя бацькі, у каго дзіця абсалютна здаровае. Але нават ім рана ці позна педыятры прапішуць кропелькі "ад жывоціку", вітаміны, сродкі для лячэння дысбактэрыёзу, насмарку, алергічных праяў і г.д. Добра, калі гэтымі дробязямі і планавымі візітамі стасункі з бюджэтнай медыцынай і абмяжуюцца. Выдатна, калі ваша дзіця без праблем пераносіць прафілактычныя прышчэпкі, і няма неабходнасці набываць платны комплекс (цэны істотна адрозніваюцца ў залежнасці ад патрэбнай вакцыны). Цудоўна, калі вам не прызначаць тэрміновы масаж: калі бясплатна, то чаргі ў паліклініцы вам давядзецца чакаць 3—5 месяцаў, калі звернецеся да прыватных масажыстаў, якія бяруць 10 умоўных (як ніколі ўмоўных) адзінак за сеанс. Курс масажу — 10 сеансаў, у асабліва запушчаных выпадках 10 у.а. ператвараюцца ў 12—15, а долары — у еўра. Канчаткова можна лічыць сябе шчасліўчыкам, калі пашанцуе з урачамі ў дзіцячай паліклініцы, і тройчы — калі для дзіцяці (цьфу-цьфу) не спатрэбіцца шукаць рэдкіх спецыялістаў або рабіць яму дарагія аперацыі...

Асабістая арыфметыка

У красавіку "дэкрэтных" грошай хапала на курс масажу для дзіцяці, па майскіх расцэнках — толькі на 4 сеансы.






Іншае 

Зрэшты, на гэтае "іншае" — разнастайныя цацкі і развіццёвыя элементы, забавы і ласункі, касметычныя сродкі — практычна нічога не застаецца. На дзяржвыплату дзіця можна або накарміць, або апрануць, і тое часткова.

Мусім нагадаць, што пасля года выдаткі на дзіця ідуць як на паўнацэннага дарослага чалавека, а бацькам даводзіцца або забыцца на ўласныя патрэбы, або паддацца тэлепрапагандзе і тэрмінова нарадзіць чацвярню ды чакаць бясплатную кватэру або шукаць няньку (ад 5—10 тысяч да 3—5 долараў за гадзіну) і працаваць абодвум, разлічваючы толькі на ўласныя сілы.

Асабістая арыфметыка

Яшчэ два тыдні назад за "дзіцячыя" грошы можна было набыць новенькую каляску-"тростачку", цяпер — палову новай або істотна патрыманую

.






Даведка:

На перыяд з 1.05. да 31.07.2011 г. у Беларусі вызначаны наступныя памеры дзяржаўных выплат:

- адначасовая дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці — 1 716 300 рублёў;

- адначасовая дапамога пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — 2 402 820 рублёў;

- адначасовая дапамога жанчыне, якая стала на ўлік у медустанове да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці — 343 260 рублёў;

- штомесячная дапамога на дзяцей да 3 гадоў для маці-адзіночак — 600 710 рублёў;

- дапамога па доглядзе за дзіцем-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў — 223 120 рублёў. 

Вікторыя Пракаповіч, маці аднагадовай Дашы
0059804