Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пасьля нядаўніх веснавых вакацыяў школьнікі вёскі Хутар Сьветлагорскага раёну нечакана атрымалі яшчэ адзін перапынак у школьных занятках. Спрычыніўся да незаплянаваных канікулаў Аляксандар Лукашэнка, якога падазраюць у падпале мясцовай школы.

21-гадовы жыхар вёскі Хутар Аляксандар Лукашэнка вядомы вяскоўцам як хлапец, які не ў ладах з Крымінальным кодэксам. Не так даўно ён вярнуўся ў вёску пасьля адбыцьця пакараньня ў папраўчай калёніі.

Міліцыя і мясцовыя жыхары падазраюць, што менавіта ён, даведаўшыся, што ў школьнай сталоўцы захоўваюцца такія-сякія харчы, ноччу абакраў яе, а потым учыніў пажар у будынку школы.

Міліцыянты ў хуткім часе знайшлі ў камунальным доме, дзе жыве спадар Лукашэнка, зьніклыя са школьнай сталоўкі вядро павідла і згушчанае малако.

Ад агня ў школе пашкоджаныя музычныя інструмэнты, кабінэт дырэктара Валянціны Варабей ды іншая маёмасьць. Цяпер у Хутарской школе вядзецца тэрміновы рамонт. Паводле некаторых зьвестак, заняткі ў школе будуць адноўленыя толькі 15 красавіка.

Дырэкцыя школы і міліцыя, якая вядзе сьледзтва, неахвотна падаюць інфармацыю пра начны пажар. Асабліва ня хочуць называць імя і прозьвішча галоўнага падазраванага.

Казімер Яноўскі, Сьветлагорскі раён