Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне 26 красавіка шэсьця, жалобнага мітынгу і гадзіны смутку з нагоды 17-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы. Заяўнікі прапануюць, каб людзі сабраліся а 16-й гадзіне на плошчы Якуба Коласа, адкуль рушылі да плошчы Парыскай Камуны. Там мяркуецца правесьці жалобны мітынг і гадзіну смутку. Заяўнікі акцыі Міхаіл Ганчарык, Уладзімер Лабковіч, Сяргей Альфер і Зьміцер Марчук падаюць прыкладную колькасьць удзельнікаў — да тысячы чалавек.

У чым адметнасьць сёлетняй акцыі? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да старшыні аргкамітэту Чарнобыльскага шляху члена-карэспандэнта Акадэміі Навук Беларусі прафэсара Івана Нікітчанкі.

(Нікітчанка: ) "Сёньняшні Чарнобыльскі шлях паводле свайго сэнсу асабліва ня будзе адрозьнівацца ад леташняга. Ягоны агульны дэвіз — "Памяць дзеля будучыні". З кожным годам гэты дэвіз будзе мець усё большы сэнс, таму што наступствы Чарнобыльскай катастрофы будуць з году ў год нарастаць".

Вядомы навуковец Іван Нікітчанка, які шмат гадоў займаецца чарнобыльскай праблематыкай, прыводзіць наступныя лічбы. У 2001 годзе ў Беларусі на 1 тысячу чалавек памерла чатырнаццаць, і зь іх толькі адзін у сталым веку. Сярод памерлых асноўная група — гэта людзі ва ўзросьце ад 45 да 49 гадоў. У пяці раёнах Гомельшчыны дасьледавалі стан здароўя людзей, і высьветлілася, што зь дзесяці толькі адзін чалавек быў здаровы, 6–7 чалавек мелі некалькі захворваньняў, а 2–3 — вострыя хваробы, выкліканыя стратай рэзыстэнтнасьці.

Сёлета ў падрыхтоўцы Чарнобыльскага шляху возьмуць удзел 11 палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. У аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, АГП, трох сацыял-дэмакратычных партыяў, "Хартыі-97", дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з групы "Рэспубліка" ды іншыя.

Актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ 26 красавіка зьбіраюцца наладзіць у цэнтры гораду асобную акцыю.

Ганна Соусь, Менск