Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пад пытаньнем і лёс астатніх літаратурных выданьняў, якія летась былі дзяржаваю аб’яднаныя ў адну рэдакцыйна-выдавецкую ўстанову "Літаратура і мастацтва".

Нягледзячы на ўсе гучныя леташнія заявы кіраўніцтва аб’яднаных часопісаў пра тое, што мэта гэтага аб’яднаньня якраз і палягала ў падтрымцы беларускае літаратурна-мастацкае пэрыёдыкі, фінансавая сытуацыя ў іх па-ранейшаму незайздросная. Спробы ўвесьці на старонках часопісаў непрыхавана ідэялагізаваную — ва ўгоду цяперашняй уладзе — публіцыстыку адштурхнулі ад іх і без таго нешматлікую чытацкую аўдыторыю і таленавітых аўтараў зь вядомымі імёнамі. На іхных старонках ня знойдзеш цяпер твораў Васіля Быкава, Янкі Брыля, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна…

Агульныя наклады аб’яднаных у гэтак званы голдынг выданьняў ужо скараціліся амаль удвая і не перасягаюць тысячы асобнікаў. Выключэньне складае хіба толькі тыднёвік "Літаратура і мастацтва", наклад якога застаецца на леташнім узроўні — паўтары тысячы асобнікаў.

Асабліва складаная сытуацыя ў часопісах "Крыніца", які, дарэчы, ад новага году называецца "Славянскі сьвет", і "Всемирная литература". У "Крыніцы" ўсяго некалькі дзясяткаў падпісчыкаў, а агульны наклад апошняга трэцяга нумару — 774 асобнікі. Пад 80% папярэдніх нумароў распаўсюднікі вяртаюць рэдакцыі не распрададзенымі. Паводле неафіцыйных зьвестак зь Міністэрства інфармацыі, калі сытуацыя з распаўсюдам часопісу да канца году ня зьменіцца, ён будзе закрыты як стратны. Афіцыйна камэнтаваць нашаму радыё гэтую інфармацыю чыноўнікі адмаўляюцца.

Між тым, да канца году перад пагрозаю закрыцьця могуць апынуцца і астатнія выданьні. Дырэктарка гэтак званага голдынгу Таіса Бондар у гэтыя дні праводзіць сустрэчы з калектывамі рэдакцыяў, перад якімі ставіць задачу знайсьці ўласныя сродкі фінансаваньня. Надзеі на рэклямадаўцаў, якія ўскладаліся летась, ня спраўдзіліся. "Шукайце фундатараў", — кажа дырэктарка дзяржаўнае рэдакцыйна-выдавецкае ўстановы галоўным рэдактарам.

Між тым, дзеля таго, каб часопісы сталі акупнымі, яны мусяць мець ня менш як па 6 тысяч падпісчыкаў. Насамрэч на пачатак году "Полымя" мела 115 індывідуальных падпісчыкаў, "Нёман" — 78, "Маладосць" — 62. З другога кварталу гэтыя лічбы скараціліся яшчэ амаль напалову.

Валянціна Аксак, Менск