Вольга КУЛІНКОВІЧ, / Вольга Кулінковіч

Тытунь, алкаголь, наркотыкі... Наўрад ці знойдзецца бацька, які захоча, каб яго дзіця ўжывала гэтыя рэчывы і было залежнае ад іх. Але як засцерагчы сына або дачку ад такой залежнасці? Універсальнага рэцэпта, на жаль, не існуе. Але некаторыя парады спецыялісты даюць. 

Каб зменшыць фактары рызыкі залежных паводзін для вашага дзіцяці, неабходна разумець, у якім асяроддзі яно расце. Прытрымлівайцеся рэкамендацый дзіцячых псіхолагаў аб тым, што і ў якім узросце павінны глядзець і чытаць вашы дзеці, будзьце чулымі і ўважлівымі да іх спраў і праблем у падлеткавым узросце і не забывайце пра самы эфектыўны прыклад — уласны. 

Залежныя паводзіны

Залежныя паводзіны ў той або іншай ступені складаюць сутнасць чалавечага жыцця. І гэта неабавязкова павінна быць залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў. Тыя ж харчовыя звычкі, музычныя прыхільнасці, выбар партнёраў не абыходзяцца без элементаў залежнасці. Пытанне толькі ў тым, калі цяга набывае паталагічны характар. Па вялікім рахунку, залежныя паводзіны — гэта своеасаблівая спроба ўцёкаў ад рэальнасці, сыход у зменены псіхічны стан. Галоўнае, каб яны забяспечвалі бяспеку (хоць бы ўяўную) і эмацыйны камфорт.

Крытэрыі залежнасці:

- чалавек пачынае ігнараваць раней значныя для яго падзеі;

- распадаюцца ранейшыя стасункі і сувязі, змяняецца найбліжэйшае асяроддзе;

- неразуменне або нават варожасць з боку значных для залежнага чалавека людзей;

- скрытнасць, раздражняльнасць, калі навакольныя крытыкуюць яго паводзіны;

- адчуванне віны або хваляванне адносна ўласнай залежнасці;

- беспаспяховыя спробы скарачаць залежныя паводзіны.

Пачаць з сябе

Вядома, што ні алкагалізм, ні наркаманія ў спадчыну не перадаюцца. Перадаецца толькі схільнасць. Тым не менш, гэты факт неабходна ўлічваць. Так, у дзяцей з сем'яў, дзе бацькі п'юць, у 7 разоў большая верагоднасць фарміравання алкагалізму, чым у выхадцаў з сем'яў, дзе практычна не п'юць. Але нават наяўнасць схільнасці зусім не азначае, што захворванне абавязкова разаўецца.

Велізарнае значэнне маюць паводзіны будучай маці падчас цяжарнасці. Ужыванне псіхаактыўных рэчываў у любых дозах негатыўна ўплывае на дзіця. Гэта даказаны і неаспрэчны факт. У гераінавых наркаманак дзеці нараджаюцца са сфарміраванай наркатычнай залежнасцю, прычым ужо праз 4 гадзіны пасля родаў у немаўляці можа пачацца самая сапраўдная "ломка". Быццам бы "бяскрыўднае" курэнне падчас цяжарнасці таксама аказвае ўплыў на будучыя паводзіны дзяцей і іх здароўе. Рызыка стаць залежнай для дзяўчыны-падлетка ў 5 разоў большая, калі яе маці курыла больш як 10 цыгарэт у дзень на працягу цяжарнасці. Сярод юнакоў, маці якіх курылі падчас цяжарнасці, узнікненне прыступаў неадэкватных паводзін у 4 разы вышэй, чым у юнакоў, чые маці не курылі.

Павышаюць рызыку фарміравання залежных паводзін у дзіцяці наяўнасць у мамы псіхічных траўмаў, празмерныя стрэсы падчас цяжарнасці і нават непажаданая цяжарнасць.

Такім чынам, прафілактыка алкагалізму і наркаманіі ў дзіцяці пачынаецца задоўга да яго нараджэння і нават зачацця.

Быць прыкладам

Псіхолагі даўно заўважылі: у якім псіхічным стане знаходзіцца маці, у такім стане знаходзіцца і дзіця, асабліва ва ўзросце да 2 гадоў. Гэта вельмі важна, бо дзіця капіруе з бацькоў і спектр псіхічных рэакцый, і іх інтэнсіўнасць.

Дапусцім, маці працуе выхавальнікам у дзіцячым садзе і прывыкла да "прыўзнятай" мовы, залішніх жэстаў, перабольшанага выражэння пачуццяў, часам і да каманднага тону. У дзіцяці такой маці, калі яна не будзе рабіць "папраўку на дом", з вялікай доляй верагоднасці практычна не будуць фарміравацца тонкія эмацыйныя адценні, а парог псіхічных рэакцый акажацца штучна завышаным. І ў падлеткавым узросце гэтыя парушэнні яно цалкам можа пачаць кампенсаваць цыгарэтамі, алкаголем або наркотыкамі.

Калі маці ставіцца да свайго дзіцяці адчужана, сістэма "маці—дзіця" можа наогул не сфарміравацца. І тады псіхічныя рэакцыі дзіцяці будуць развівацца з адставаннем, эмацыйна збедненымі. Яму будзе цяжка ў будучым наладжваць міжасобасныя адносіны, яно замкнецца ў сабе. І справіцца з гэтымі праблемамі падлетак таксама паспрабуе пры дапамозе псіхаактыўных рэчываў. Разам з тым, важна памятаць пра баланс заахвочванняў і пакаранняў пры выхаванні. Такім чынам дзіця трэніруецца перажываць непрыемнасці, няхай і нязначныя. Чалавек, які вырас у атмасферы залішняй "любові", не зможа "трымаць удар" і будзе шукаць сурагат той самай атмасферы, у тым ліку і сярод наркотыкаў.

Падбіраць ключык

Дзіцячы садок і школа, дзе праходзяць працэсы сацыяльнай адаптацыі дзіцяці, — гэта таксама зона рызыкі. Асабліва складаны ў гэтым сэнсе першы клас. Для дзяцей, якія прывыклі ўспрымаць свет праз цялесныя адчуванні (дакрануцца, падкінуць, пакруціць у руках, пагуляць), нерухомае сядзенне за партай на працягу 30—45 хвілін — сапраўднае катаванне. Іх фактычна пазбаўляюць асноўнага канала паступлення інфармацыі. Адгэтуль складанасці ў засваенні матэрыялу, канфлікты з настаўнікам і аднакласнікамі.

У іншай групы дзяцей ступень засваення матэрыялу залежыць ад таго ўражання, якое ён робіць, ад тых інтанацый і эмоцый, якія "выдаў" настаўнік падчас урока. Такім вучням складана ўспрымаць дакладна сістэматызаваную інфармацыю (напрыклад, матэматыку), яны лічаць яе сухой і сумнай. І ў іх таксама ўзнікае "эмацыйнае галаданне", але ўжо па іншай прычыне.

Што ж рабіць бацькам?

Не перашкаджайце, калі дзеці спрабуюць наведваць мноства гурткоў і секцый, не затрымліваючыся надоўга ні ў адным з іх. Гэта нармальна. Такім чынам яны прымяраюць на сябе розныя віды дзейнасці, набіраюцца досведу атрымання задавальнення ад творчасці або самарэалізацыі. Чым больш падобнага досведу атрымае дзіця, тым меншая рызыка, што яно будзе шукаць сурагатнае задавальненне ў псіхаактыўных рэчывах.

У школе, прыкладна з 9—10 гадоў, фарміруюцца і групавыя паводзіны дзіцяці. Яны фарміруюцца па розных прынцыпах: двор, інтарэсы, музыка, спорт і да т.п. Рана ці позна ў групу можа выпадкова патрапіць псіхаактыўнае рэчыва. І, калі падлетак імкнецца "быць як усё", калі статус у групе для яго вышэй за ўсё астатняе, ён абавязкова яго паспрабуе. На шчасце, групы рэдка адразу ж пачынаюць спрабаваць гераін — часцей за ўсё гаворка ідзе пра псіхастымулятары або марыхуану.

Напамінак бацькам

- Не імкніцеся зрабіць з дзіцяці сваю копію — яно будзе сабой, нават калі вы гэтаму будзеце актыўна супрацьдзейнічаць.

- Не патрабуйце ад дзіцяці падзякі толькі за тое, што вы далі яму жыццё. У свой час яно дасць жыццё вашым унукам і ўжо гэтым верне свой доўг з лішкам.

- Не спаганяйце на дзіцяці сваю злосць і крыўды за няўдачы ў працы або асабістым жыцці.

- Стаўцеся сур'ёзна да праблем дзіцяці, нават калі вам яны здаюцца смешнымі. У яго менш жыццёвага досведу, дапамажыце яму, падзеліцеся сваімі ведамі.

- Не зневажайце дзіця. Памятайце, што яно — такая ж асоба, як і ўсе астатнія, у яго таксама ёсць пачуццё ўласнай годнасці.

- Выхоўвайце ў дзіцяці ўменне адмаўляцца — сёння ён адмовіцца ад ласункаў, падсунутых сваякамі, а заўтра зможа адмовіцца ад псіхаактыўных рэчываў.

- Вучыце ўласным прыкладам: пакажыце, як можна праводзіць святы і выхадныя без алкаголю, каб ён не стаў жаданым атрыбутам дарослага жыцця, які абавязкова неабходна паспрабаваць.

- І заўсёды будзьце гатовыя прыйсці дзіцяці на дапамогу. 
{banner_819}{banner_825}
-30%
-50%
-20%
-50%
-20%
-20%
-20%