Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Віталь Ругайн,

Як высветліла Еўрарадыё, у масоўку на палітычныя працэсы прыходзяць студэнты юрфака за залік і замест заняткаў.

Кожны раз на палітычных судах два апошнія шэрагі займаюць маладыя хлопцы і дзяўчаты, якія з'яўляюцца невядома адкуль. Вось і побач з Мінскім гарадскім судом 11 траўня дзясятак маладзёнаў з'явіўся ўжо да 9 раніцы.

"Нам жа ў Фрунзенскі суд”, - кажуць адны. – “Не. Сказалі чакаць тут", – кажа самы дасведчаны з хлопцаў.

Пазней усю групу правялі ў суд Фрунзенскага раёна праз асобны ўваход, мінаючы ўсе пасты. Карэспандэнт Еўрарадыё паразмаўляў з хлопцамі ў перапынку паседжання. Аказалася, гэта студэнты БДУ.

"Мы з юрфака. Нам тут залічваюць практыку. У судах мы праходзім дадатковую практыку. Мы навучаемся па спецыяльнасці “Судова-пракурорска-следчая дзейнасць” у межах дадатковай практыкі тут. Пары ў нас ёсць, але нас вызваляюць, мы тут замест заняткаў".

Па словах студэнтаў, іх накіравалі ў суд на практыку і прапанавалі пайсці на судовы працэс у якасці праходжання судовай практыкі. Прычым ходзяць яны ва ўсе суды Мінска. Што праўда, для многіх гэта толькі дзеля заліку.

"Для мяне асабіста гэта толькі для таго, каб залічылі практыку".

Сяргей Вазняк, падсудны па справе 19 снежня, вельмі ўдзячны ўніверсітэту за студэнтаў, якія займаюць два шэрагі ў судовай зале.

"Я стаўлюся да гэтага добра, таму што студэнт, якога сюды прымусілі ісці, у сваім універсітэце слухае муць пад назвай дзяржаўная ідэалогія, а тут чуе нармальных людзей".

Па словах Вазняка, студэнты бачаць, што працэс гэты не крымінальны, а палітычны. І для іх гэта добры ўрок "палітычнай сталасці і грамадзянскага станаўлення".

"Я задаволены тым, што ў кіраўніцтве ўніверсітэтаў адшукваюцца круглыя ідыёты, якія ўсё гэта прыдумалі. І вось хлопцаў і дзяўчат сюды прывялі, са спадзяваннем на тое, што яны будуць нас асуджаць. Але я не адчуваю ніякага асуджэння з іх боку. На маю думку, усе разумеюць, што адбываецца ў гэтых судах, за што нас судзяць. Мы не злачынцы, мы нікога не забівалі, не кралі нічога".

Раней з'яўленне на судах маладых людзей, якіх называлі БРСМаўцамі, выклікала абурэнне прысутных, бо ўсім жадаючым не хапала месца ў зале. Але сёння зала была напалову пустая. Ці напалову поўная - каму як падабаецца.