Зміцер Лукашук, / Зміцер Лукашук

Былы прэтэндэнт на пост прэзідэнта Іван Кулікоў расказаў Еўрарадыё, што добрага ў зняволенні, як трапіў пад эканамічны артыкул і чаму хоча будаваць АЭС.

10 траўня адбыўся суд над экс-прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы прафесарам Іванам Куліковым. Завадскі суд сталіцы асудзіў прафесара на 5 гадоў з адтэрміноўкай выканання прысуду на 2 гады. Кулікоў працаваў загадчыкам лабараторыі ў Інстытуце энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны". У студзені яго арыштавалі: нібыта цягам 8 гадоў ён налічваў заробак "мёртвым душам". Як распавёў Іван Кулікоў, ён прызнаў віну толькі ў тым, што "несвядома парушыў закон", крадзеж ён не прызнаў.



- Суд па вашай справе быў хуткім, і ўжо сёння вы на свабодзе...

- Але ж абвінавачванні з мяне не знялі. Мяне насамрэч асудзілі: тэрмін далі – 5 гадоў з адтэрміноўкай выканання на 2 гады. Гэта азначае, што пасля двух гадоў адтэрміноўкі будзе рашэнне суда, і далей я магу альбо адбываць пакаранне ў 5 гадоў, ці гэты тэрмін будзе з мяне зняты.

- Як бы вы самі ацанілі тое, як праходзіў суд?

- Судзілі мяне ў Завадскім судзе, суддзя Алена Раманава. І я мушу сказаць, што суд быў вельмі добразычлівы ў адносінах да мяне. Карэктныя былі паводзіны суда.

- Ці збіраецеся вы аспрэчваць прысуд?

- Я не хачу сюды прывязваць ніякай палітыкі. Пакуль у мяне ёсць адтэрміноўка, і я хачу разабрацца, які складнік у вызначэнні меры пакарання быў галоўным.

- А самі вы прызнаеце сваю віну?

- Я прызнаў у той частцы, што я несвядома парушыў закон, але не прызнаў у той частцы, што я здзейсніў раскраданне.

- Як вы адчувалі сябе ў зняволенні, якое ваша здароўе?

- Здароўе добрае, а турма – нельга сказаць, што там усё дрэнна. Там ёсць і станоўчыя моманты. Гэта, у пэўнай ступені, нейкая школа для людзей, якія лічаць, што ўсё жыццё складаецца толькі з дабрабыту.

- Што станоўчага вы для сябе знайшлі падчас знаходжання ў месцах зняволення?

- Мне спадабалася тое, што там жорсткая дысцыпліна, што на вышэйшым узроўні гігіена падтрымліваецца. Нейкае ўзаемапаразуменне і ўзнікненне добразычлівых адносін людзей адзін да аднаго. Нягледзячы на тое што некаторымі былі здзейсненыя даволі сур’ёзныя злачынствы. Мне падалося, што часам адносіны паміж людзьмі больш добразычлівыя, чым у рэальнасці, на свабодзе.

- З аднаго боку, вы былі прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. З другога – у вас эканамічны артыкул. За каго вас у калоніі прымалі: за палітычнага ці за эканамічнага “зэка”?

- Там не размаўлялі на палітычныя тэмы, але гэта пастаянна мелася на ўвазе. Але я паўсюль акцэнтаваў увагу на тым, што мне прад’яўленае эканамічнае абвінавачванне, і мне трэба абараняцца ад эканамічнага абвінавачвання.

- Вы маеце дастаткова вялікі досвед адміністрацыйнай працы. Як вы дапусцілі такое, каб вам змаглі прад’явіць эканамічны артыкул?

- Справа ў тым, што я ўсё жыццё прапрацаваў у навуковай сферы, і быў перыяд, калі заробкі былі нізкія ў інжэнерна-тэхнічных супрацоўнікаў. І для таго, каб вырашыць пэўныя праблемы, асабліва там, дзе вялікі аб’ём эксперыментальнай працы, і для таго, каб людзей гэтых падтрымаць, каб яны не сыходзілі з працы, трэба было выкарыстоўваць дадатковыя меры. Каб яны маглі працаваць паспяхова і вырашаць праблемы. Мы працавалі над вельмі цікавай тэхналогіяй. І тады ніхто не думаў, што гэта парушэнне закона. Гэта было з 2000 па 2008 год. Гэта практыкавалася не толькі мной, пра гэта і сведкі на судзе казалі, гэта практыкавалася і іншымі загадчыкамі лабараторый. Бо інакш у тых умовах фінансавання, якім яно было, цяжка было б нешта сур’ёзнае зрабіць. А мы здолелі распрацаваць цікавую тэхналогію.

- Ці не лічыце вы, што распачатая супраць вас крымінальная справа была сігналам усім навуковым супрацоўнікам, разумным людзям, не лезці ў палітыку?

- Для мяне і затрыманне, і арышт, я ж правёў у турме амаль 4 месяцы, былі нечаканымі. І каб адказаць на ваша пытанне, я зараз павінен усё прааналізаваць – як гэта адбывалася і што за гэтым стаіць. Пакуль адказаць на ваша пытанне вельмі складана.

- А тое, што адразу, як пачаліся ў вас непрыемнасці, і сына вашага ў войска забралі, і ў дачкі пачалося нешта не тое, можна лічыць спробай ціску на вас?

- Магчыма, нешта і было такое. Але сына забралі ў войска планава – ён скончыў ВНУ, і я збіраўся праводзіць яго ў войска 18 студзеня. Адзінае, я не здолеў яго праводзіць, бо мяне забралі 17 студзеня. А вось што атрымалася з дачкой, я пакуль дакладна не ведаю, бо пакуль не размаўляў з ёй.

- Калі вы былі ў зняволенні, да вас даходзіла інфармацыя пра тое, як развіваюцца падзеі на волі?

- Інфармацыя даходзіла. Як з боку дзяржаўных органаў, так і з апазіцыйных выданняў.

- І як вы ацэньваеце тое, што адбываецца з экс-кандыдатамі? Як ставіцеся да выступу Раманчука на тэлебачанні?

- Калі сыходзіць з маіх прынцыповых пазіцый, якія я займаю па жыцці, то я не ўхваляю такія дзеянні Раманчука. Бо ён ішоў у камандзе, і не трэба было яму так паступаць.

- З тых, хто прэтэндаваў на пасаду прэзідэнта, вам першаму вынеслі прысуд. Як вы лічыце, ці не азначае гэта, што і астатнія атрымаюць падобнае пакаранне?

- Я бы вельмі хацеў на гэта спадзявацца і дзесьці, інтуітыўна, я думаю, што, магчыма, так і будзе.

- Якія ў вас планы на будучае?

- Пакуль у мяне адпачынак – да 18 траўня. 18 траўня я буду высвятляць сітуацыю – якія ў мяне шанцы працаваць далей у інстытуце. Я хачу працаваць. Я прысвяціў большую частку жыцця, пачынаючы з 25 гадоў, ядзернай энергетыцы. Я зацікаўлены вярнуцца. Асабліва зараз, калі будуецца атамная станцыя.

- Вы лічыце, што жаданне ўлады пабудаваць Астравецкую АЭС правільнае?

- У прынцыпе, рашэнне аб будаўніцтве АЭС правільнае. Адзінае, я б настойваў, калі б мне такую магчымасць нехта даў, каб будаваць у Магілёўскай вобласці – на Краснапалянскай альбо Кукшынаўскай пляцоўцы. Але тое, што развіваць атамную энергетыку ў Беларусі трэба – гэта мая пазіцыя прынцыповая.

- Вы супраць будаўніцтва ў Астраўцы, каб не напружваць адносіны з Літвой, ці па іншых меркаваннях?

- Тут вельмі шмат меркаванняў. Уключаючы і адносіны з Літвой. З пункту гледжання эканамічнай мэтазгоднасці, лепш будаваць станцыю ў Магілёўскай вобласці.

- Да новых выбараў вы яшчэ будзеце чалавек з судзімасцю і не зможаце браць у іх удзел. Вас гэта расстройвае?

- Не. Бо ёсць іншыя людзі, якіх я магу падтрымаць, калі іх праграмы будуць адпавядаць маім поглядам на сітуацыю ў краіне і развіццё эканомікі.

Даведка Еўрарадыё:

Іван Кулікоў — кандыдат тэхнічных навук, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар. З 2005 года ўзначальваў лабараторыю абсталявання ядзерных энергетычных установак і рэсурсазберагальных тэхналогій Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў "Сосны" Акадэміі навук. Удзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах, але на этапе збору подпісаў зняў сваю кандыдатуру. У студзені быў затрыманы. Кулікова абвінавацілі ў выкраданні шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, здзейсненае ў буйным памеры – нібыта цягам 8 гадоў ён налічваў заробак "мёртвым душам". 
{banner_819}{banner_825}
-40%
-60%
-70%
-20%
-15%
-70%
-20%
-20%
-50%