Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Гэтак назваецца артыкул у сёньняшнім нумары "Gazety Wyborczej", у якім распавядаецца пра двухдзённую міжнародную канфэрэнцыю "Беларусь і Эўрапейскі Зьвяз – сёньняшні дзень і пэрспэктывы", якая завершылася ў нядзелю ў Беластоку.

У беластоцкай канфэрэнцыі бралі ўдзел вядомыя палітыкі і навукоўцы з Польшчы, Нямеччыны і Беларусі.

"Gazeta Wyborcza" падкрэсьлівае занепакоенасьць прадстаўнікоў беларускай апазыцыі і грамадзкіх арганізацыяў тым, што Эўрапейскі Зьвяз зачыніць дзьверы перад Беларусьсю яшчэ да таго, як беларускі народ зможа вызваліцца ад рэжыму Аляксандра Лукакашэнкі. І гэта пры тым, што, нягледзячы на антыэўрапейскую прапаганду беларускіх уладаў, большасьць беларусаў хочуць далучэньня сваёй краіны да аб’яднанай Эўропы.

Газэта адзначае, што ўдзельнікі канфэрэнцыі зь беларускага боку асабліва спадзяюцца на тое, што Польшча пасьля ўваходу ў Эўрапейскі Зьвяз стане прадстаўніком інтарэсаў Беларусі на Захадзе. "Польшча павінна несьці Захаду адназначную тэзу аб тым, што Беларусь – гэта эўрапейская краіна, і калісьці, ужо без Лукашэнкі, таксама будзе прэтэндаваць на сяброўства ў Эўразьвязе", – паведаміў "Gazecie Wyborczej" Андрэй Саньнікаў.

У тым, што заходнія краіны, асабліва Нямеччына і Польшча, па пашырэньні Эўразьвязу не забудуцца на Беларусь, перакананы Фальк Альтэнбэргэр – кіраўнік фундацыі імя Конрада Адэнаўэра, якая ёсьць адным з галоўных арганізатараў канфэрэнцыі.

(Альтэнбэргэр: ) "Пашырэньне Эўразьвязу ўжо блізка. У такой сытуацыі мы ня можам пакінуць Беларусь сам-насам са сваімі праблемамі. Але для нас важна, каб самі беларусы сказалі, чаго яны чакаюць ад новага Эўрапейскага Зьвязу і як бачаць супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу пасьля пашырэньня".

"Gazeta Wyborcza" піша, што прадстаўнікі Беларусі занепакоеныя і тым, што пасьля далучэньня Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу цяжкія часы надыдуць для дробнага бізнэсу – тысячаў чаўнакоў з Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны, якія могуць згубіць адзіную крыніцу прыбыткаў.

У сувязі з гэтым варта адзначыць, што шэраг польскіх экспэртаў упэўненыя – увядзеньне недарагіх і доўгатэрміновых візаў у значнай ступені не паўплывае на магчымасьці звычайных беларусаў падарожнічаць у Польшчу. Гаворыць вядромы польскі адмысловец у справах Усходу Аляксандар Гузы:

(Гузы: ) "На маю думку, усе гэтыя візы ня зробяць вялікай практычнай розьніцы для тых дробных прадпрымальнікаў, якія прыяжджаюць у Польшчу, прыкладам, цягніком зь Берасьця".

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава