Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Канфэрэнц-заля сталічнага Палаца мастацтва да траўня пераўтвораная ў рэзыдэнцыю прэзыдэнтаў. Два дзясяткі васковых кіраўнікоў розных эпохаў суседзяць на сцэне, пазіраючы на правадыра ўсясьветнага пралетарыяту, які на ўзвышэньні ляжыць пасярод залі ў труне. Упершыню ў выставе "Правадыры і прэзыдэнты" зьявіўся васковы Аляксандар Лукашэнка.

Брыгаду рабочых, якая абслугоўвае выставу васковых фігураў з Санкт-Пецярбургу, я засьпеў у той момант, калі хлопцы даволі бесцырымонна цягнулі на плячах Міхаіла Гарбачова і Фідэля Кастра. У першага ўжо не хапала паўвуха: рабочыя сьпісваюць гэта на выдаткі качэўніцкага жыцьця. За пераездам "высокіх асобаў" назіраў дырэктар Палацу Леанід Хобатаў. Запытваю: як нарадзілася супрацоўніцтва?

(Хобатаў: ) "Прапанова ёсьць — мы яе разглядаем. І каля яна нам прыносіць рэальныя грошы, навошта адмаўляцца. Тым больш, тут ёсьць пэўная інтрыга: прэзыдэнты, палітыка — гэта заўсёды актуальныя тэмы. Іншая справа — у якой форме гэта падаецца. Я не скажу, што ў даденым выпадку гэта блізка да мастацтва, гэта хутчэй, бліжэй да кітчу. А што да майго ўражаньня, то я скажу, калі б тут папрацаваў мастак, то можна было б зрабіць адметную канцэптуальную зьяву. І калі яны закладуць ад пачатку ўзровень значна вышэйшы, і падыдуць да справы з большымі патрабаваньнямі, то мне падаецца, і сэнсу ва ўсім гэтым будзе таксама больш".

Спадар Хобатаў удакладняе, што камэрцыйныя праекты, няхай і невысокага мастацкага ўзроўню выкананьня — амаль адзіны цяпер шанец на выжываньне.

А вось піцерцы супрацоўніцтвам задаволеныя. Мэнэджэр выставы Дзьмітры Малей ахвотна дэманструе экспазыцыю. Сам разумее, што бальшыня наведнікаў ідзе паглядзець на кіраўніка Беларусі. Гатовы і да таго, што будуць прэтэнзіі да якасьці выкананьня, але прычыну аргумэнтуе так:

(Малей: ) "У прэзыдэнцкую адміністрацыю мы двойчы накіроўвалі запыт, бо неабходная дакладная інфармацыя — рост, памеры і г.д. Адказу ніякага не атрымалі. Таму ўсё рабілі паводле фотаздымкаў, на падставе відэаматэрыялаў. З астатнімі прэзыдэнтамі, трэба адзначыць, такіх праблемаў не было. Нягледзячы на рознасьць падыходаў, сабекошт прэзыдэнтаў аднолькавы — прыблізна тры тысячы даляраў. Тыя ж валасы купляем, вочы набываем у клініцы, зубы".

Дзьмітры Малей запэўнівае, што Лукашэнка выкананы ў адзіным экзэмпляры і адмыслова для Беларусі, паколькі вялікага попыту на Лукашэнку ў Расеі няма. Кажа, што там запатрабаваныя іншыя асобы — Усама бін Лядэн, Садам Хусэйн, Кім Чэн Ір.

Наведнікі глядзяць на васковага Лукашэнку даволі скептычна.

(Наведніца: ) "Пэўна, лепшы, чым у жыцьці... Але ўвогуле не падобны, абсалютна. Мне наагул такія выставы ня вельмі падабаюцца. Непрыемныя асацыяцыі. Можа, камусьці цікава паглядзець, але я калі зайшла ў залю — не па сабе зрабілася. Не жывое ўсё; зялёныя яны нейкія..."

(Дзьве дзяўчыны: ) "Натуральна, наш спадабаўся... Сэкс-сымбаль. Але першае ўражаньне ад усяго — "чарнушны" бізнэс".

Хто сапраўды не хавае абурэньня, дык гэта мастак-графік Анатоль Рыбчынскі: васковыя прэзыдэнты сарвалі ягоную юбілейную выставу.

(Рыбчынскі: ) "З-за іх мне абрэзалі маю пэрсанальную выставу. Павінен быў яе адкрыць яшчэ 1 красавіка, а вымушаны толькі 8-га. Як пасьля гэтага я магу казаць: падабаецца мне выстава альбо не? Але што тычыцца падабенства, то больш за ўсё пытаньняў да фігуры Лукашэнкі. На азіята ён падобны, на казаха. Круглы, пухлы твар, тыпова азіяцкія рысы. Я запытаў у хлопцаў: чаму такім зрабілі? Кажуць, ён не хацеў, каб яго рабілі ўвогуле, а ў майстроў былі абы-якія здымкі, і вось па гэтых здымках такі і атрымаўся. Трэба ў такіх выпадках падыходзіць больш адказна, яшчэ жывы чалавек. Усе там астатнія — гэта ўжо куды ні йшло..."

Як абяцаюць арганізатары выставы "Правадыры і прэзыдэнты", васковага Лукашэнку цягам гэтага году пабачаць жыхары бальшыні рэгіёнаў Беларусі.

Ігар Карней, Менск