Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Аляксандар Лукашэнка правёў выязную нараду з кіраўнікамі прадпрыемстваў піўной галіны. Яна адбылася на менскім бровары "Крыніца", які, дэкляруючы сваё жаданьне захаваць лідэрства ў вытворчасьці піва, ніяк ня можа прыцягнуць замежныя інвэстыцыі. Лукашэнка заявіў, што Беларусь мае ўсе магчымасьці дзеля мадэрнізацыі сваіх бровараў і безь фінансавай падтрымкі звонку.

Яшчэ 1 красавіка ў часе сустрэчы з кіраўніком кампаніі "Detroit-Belarus Brewing Company LLC" Юджынам Кашпэрам Лукашэнка наўпрост заявіў: "Беларускае кіраўніцтва ніколі ня пойдзе на бандыцкую прыватызацыю на карысьць чыіхсьці інтарэсаў". Сёньня сваю думку Лукашэнка яшчэ раз пацьвердзіў, сказаўшы, што Беларусь сама здольная правесьці мадэрнізацыю піваварнай галіны.

(Лукашэнка: ) "Я ня з тых, хто зьвязвае разьвіцьцё нашай эканомікі выключна з замежным капіталам. Гэта чарговы распаўсюджаны падман, падкінуты звонку — перш за ўсё, з Захаду, і падхоплены кніжнымі рэфарматарамі-лібэраламі. Ён прымаецца імі напавер без рэальных эканамічных падставаў. Альбо — камусьці гэта выгадна. Можа быць, камусьці з вас. У гэтым яшчэ давядзецца разабрацца".

Нядаўна Савет міністраў прыняў рашэньне: усе інвэстыцыі ў піўную прамысловасьць маюць ажыцьцяўляцца праз "Приорбанк". Дэпартамэнт інвэстыцыяў Міністэрства эканомікі тлумачыць, што такі падыход зьяўляецца часткай урадавай праграмы ў захаваньні дзяржаўнага кантролю за піўной галіной. Але ці стане ад гэтага беларускае піва якасным і канкурэнтаздатным нават на ўнутраным рынку?

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба мяркуе: калі б грошы ішлі наўпрост броварам, то інвэстыцыі былі бы істотна большымі. Да таго ж, у якасьці своеасаблівых інвэстыцыяў маглі б пастаўляцца з-за мяжы сучаснае абсталяваньне і якасная сыравіна, якой няма ў Беларусі.

(Жаліба: ) "Ёсьць патрабаваньне: у абавязковым парадку набываць сыравіну (ячмень) выключна ў беларускіх калгасах. А сыравіна няякасная, зь яе ня зварыш сапраўднага піва. Урэшце маем тое, што маем: больш якаснае і амаль такое ж паводле кошту расейскае піва пасьпяхова выцясьняе з нашага рынку беларускае, і мясцовыя вытворцы знаходзяцца ў заняпадзе. Вось і будуе ўлада рознага кшталту платы — то на мытні, то пагрозамі зьліквідаваць піўны гандаль у шапіках. Натуральна, гэта дрэнны прыклад для іншых інвэстараў, якія зьбіраюцца набываць прадпрыемствы нафтахімічнага комплексу: улезеш, а потым ня будзеш ведаць, як ногі зьнесьці".

Цягам апошніх гадоў замежныя кампаніі зрабілі некалькі спробаў патрапіць на беларускі рынак піва. Усіх іх напаткала няўдача; розьніца толькі ў суме стратаў, якія панесьлі патэнцыйныя інвэстары. Санкт-пецярбурская "Балтыка" больш за год змагаецца за вяртаньне ўжо ўкладзеных у "Крыніцу" 10,5 мільёнаў даляраў. Маскоўскае "Ачакава" пасьля шэрагу спробаў пусьціць карані ў Слуцку, Берасьці й Віцебску заняло пазыцыю чаканьня.

Неакрэсьлены лёс укладаньняў расейска-амэрыканскай кампаніі "Detroit-Belarus Brewing Company LLC" у бабруйскую піваварню "Дзеднава". Паўгоду зацікаўленыя бакі дзеляць акцыі, паўгоду рабочыя бяз працы і заробкаў.

Людзі ж тым часам п’юць піва, вырабленае ў Пецярбургу, Яраслаўлі, Калінінградзе, Чарнігаве, у тым ліку згатаванае паводле ліцэнзіяў знакамітых заходнеэўрапейскіх фірмаў. І тым самым падтрымліваюць расейскія і ўкраінскія бровары.

Ігар Карней, Менск