Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Польская прэса гэтымі днямі зьмясьціла шэраг новых зьвестак у справе крывавай бойні паміж паліцыяй і злачынцамі ў прымесьці Варшавы Магдаленка, што адбылася ў пачатку сакавіка. Адным са злачынцаў быў грамадзянін Беларусі Ігар Пікус, які, як цяпер аказалася, супрацоўнічаў з польскімі сьледчымі органамі.

У пачатку сакавіка польская паліцыя атрымала інфармацыю, што ў адным з дамоў ў прымесьці Варшавы Магдаленка хаваюцца двое небясьпечных злачынцаў. На месцы, аднак, аказалася, што падворак гэтага дому замінаваны, а злачынцы маюць сапраўдны арсэнал зброі. У часе беспрэцэдэнтнага ў гісторыі польскай паліцыі штурму будынку загінулі 2 паліцыянты, а каля 15 былі парненыя. Загінулі і злачынцы. Адным зь іх быў беларус Ігар Пікус.

У сувязі з гэтым аўтарытэтны польскі тыднёвік "Polityka" ў апошнім нумары паведамляе, што Ігар Пікус меў сувязі з паліцыяй польскага гораду Слубіцы.

Яшчэ ў 1997 ён быў затрыманы паліцыяй за тое, што кіраваў скрадзеным аўтамабілем ды акрамя гэтага меў два пашпарты – другі на імя Аляксандра Валодзіна. Аднак празь некалькі дзён Пікус, ён жа Валодзін, выйшаў на волю.

Больш за тое, грамадзянін Беларусі атрымаў ад польскай пракуратуры даведку, у якой гаварылася, што ён праходзіць па пэўнай справе і таму можа свабодна знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Гэта быў своеасаблівы дакумэнт недатыкальнасьці.

Тыднёвік "Polityka" шукае адказу на пытаньне: як мог чалавек, якога за сур’ёзныя злачынствы шукае Інтэрпол, супрацоўнічаць з польскай паліцыяй? Чаму яго не арыштавалі?

Цяпер ідзе сьледзтва ў справе Магдаленкі, але акурат гэтага моманту яно ня тычыцца, таму на пытаньні пра папярэднюю дзейнасьць беларуса Ігара Пікуса ў Польшчы наўрад ці хутка зьявяцца адказы.

Што да інфармацыі пра тое, што Ігар Пікус быў калісьці супрацоўнікам КГБ, дык цяпер польскія сьледчыя органы ўжываюць словазлучэньне "жаўнер КГБ", а гэта значыць, што ён мог папросту праходзіць тэрміновую службу ў войсках КГБ і як шараговец.

Некалькі тыдняў таму адзін з супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Варшаве неафіцыйна паведаміў нашаму радыё, што сярод афіцэраў беларускага КГБ прозьвішча Пікус няма.

Але, як сьведчаць апошнія паведамленьні ў гэтай справе, Ігар Пікус мог насамрэч быць і Аляксандрам Валодзіным, так што цяпер супрацоўнікам беларускага КГБ варта пашукаць гэтае прозьвішча ў сьпісах сваіх былых калегаў.

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава
0059072