Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Варшаве працягваецца міжнародная канфэрэнцыя "Эўрапейская паліцыя ХХІ стагоддзя", у якой бяруць удзел кіраўнікі паліцыяў большасьці краінаў Эўропы. На канфэрэнцыі прысутнічае і беларуская дэлегацыя. У размове з кіраўніком дэлегацыі – міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым, наш карэспандэнт закрануў і тэму выкарыстаньня сыстэмы Інтэрполу для пошуку зьніклых беларускіх палітыкаў.

Яшчэ ў першы дзень працы канфэрэнцыі, адначасова зь якой у Варшаве адбываецца і кірмаш паліцэйскай амуніцыі, прадстаўнікі беларускай дэлегацыі асабліва цікавіліся апаратурай для здыманьня адбіткаў пальцаў ды машынамі да разьмінаваньня.

Аднак, як адзначалі ўдзельнікі канфэрэнцыі, акрамя добрай падрыхтоўкі і сучаснай амуніцыі, адной з галоўных задачаў паліцыі ёсьць пабудова супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю, трэцім сэктарам, бо інакш, лічаць заходнія адмыслоўцы, грамадзяне ня будуць верыць людзям ва ўніформе.

А што робіцца ў гэтай справе ў Беларусі? Мяркуючы па адказе міністра ўнутраных справаў, у нашай краіне супрацоўніцтва праваахоўчых органаў з грамадзянскай супольнасьцю дагэтуль атаесамляецца з працай участковага міліцыянта з насельнікамі ягонага ўчастку.

(Навумаў: ) "На мой погляд, дачыненьні з грамадзянскай супольнасьцю будуюцца дастаткова дынамічна і мы, таксама як і нашыя польскія калегі, пэрыядычна замаўляем апытаньні грамадзкай думкі наконт нашай працы. Іх вынікі не такія дрэнныя і маюць тэндэнцыю да паляпшэньня. Але ўсяго адразу ня зробіш. Мы маем некаторыя традыцыйныя формы працы, якія не задавальняюць грамадзянаў, і таму мы ад гэтых формаў пазбаўляемся. Думаю, што дачыненьні паміж грамадзянскай супольнасьцю і міліцыяй будуць паляпшацца, і нашая прысутнасьць на гэтай канфэрэнцыі таксама сьведчыць пра тое, што мы хочам пераймаць у сваіх калегаў найноўшы досьвед у гэтай справе".

На канфэрэнцыі і сёньня шмат гаворыцца і пра неабходнасьць паглыбленьня ўсебаковага супрацоўніцтва паміж праваахоўчымі органамі розных краінаў, у тым ліку у межах Інтэрполу. Я запытаўся ва Ўладзімера Навумава, ці выкарыстоўвае беларуская міліцыя магчымасьці Інтэрполу ў справе пошуку зьніклых палітыкаў. Працягвае Ўладзімер Навумаў:

(Навумаў: ) "Канечне, у гэтых справах мы атрымалі каля дзьвюхсот адказаў праз Інтэрпол. Ёсьць адказы, якія мы нават яшчэ ня спраўдзілі, як, прыкладам, адказ зь Нямеччыны. Вы можаце даведацца ў прадстаўнікоў Інтэрполу розных краінаў – там паўсюль ёсьць нашыя запыты".

(Карэспандэнт: ) "А з прозьвішчамі якіх канкрэтна палітыкаў гэтыя адказы зьвязаныя?"

(Навумаў: ) "Усіх. Скажу так, што ўсе грамадзяне, якія зьніклі, якіх мы доўга шукаем і ня можам знайсьці самастойна, абавязкова трапляюць у нашыя запыты у Інтэрпол".

На дарэчнае з нагоды такой канфэрэнцыі пытаньне, як выглядае беларуская міліцыя ў параўнаньні з праваахоўчымі органамі суседніх краінаў, Уладзімер Навумаў адказаў, што, на ягоную думку, беларуская міліцыя нічым ня горшая ад, прыкладам, польскай паліцыі.

Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава