Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Настасся Занько,

Адказ будзе — пачынаючы ад 10 млн руб. Прычым гэта не цана платнай адукацыі, не сродкі бюджэту, выдаткаваныя на вашу адукацыю. Гэта кошт усіх вашых студэнцкіх прац, экзаменаў і залікаў за ўвесь час навучання. 

Рынак беларускіх ведаў месціцца зазвычай у інтэрнэце. Сёння на запыт "заказаць дыпломную працу" вы атрымаеце сотні тысяч спасылак байнэтаўскіх сайтаў з прапановамі заказаць самыя розныя студэнцкія работы: ад "шпор" да ўжо гатовых "корак".

Філолагі таннейшыя за фізікаў

Традыцыйна найбольш "хадавымі" і дарагімі з'яўляюцца курсавыя працы і дыпломы.

Кошт адной курсавой для гуманітарных дысцыплін — каля 130-150 тысяч. Гэта тычыцца таксама правазнаўчых і эканамічных дысцыплін. Тыя ж курсавыя працы, але ўжо з практыкай па эканоміцы і прыродазнаўстве, абыдуцца ў 150—170 тысяч. І прыкладна столькі ж давядзецца "выкласці" за працу па "царыцы навук" — матэматыцы.

Самай дарагой (ад 260 тыс.) будзе курсавая праца па тэхнічных дысцыплінах.

Затое курсавую працу па гуманітарных навуках патрэбна будзе чакаць мінімум сем дзён, а па тэхнічных — 10.

— Ведаю, што "курсач" па гуманітарных навуках можна заказаць нават за 10-30 долараў, а вось па тэхнічных — у залежнасці ад складанасці і наяўнасці дадатковай працы накшталт чарцяжоў, дзесьці 30—100 долараў, — расказвае Аляксей, студэнт Мінскага інстытута кіравання.

Дыплом за 200 баксаў

Калі забіць у пашукавік фразу "заказаць дыпломную працу Беларусь", то ён выдасць вам каля паўмільёна спасылак на разнастайныя сайты. Дыплом стаіць не толькі першым у рэйтынгу па пошуках, але і ў рэйтынгу па цэнах.

Для таго, каб без асаблівых праблем выпусціцца з "любімай" аlmа mаtеr, варта запасціся дастатковай колькасцю фінансаў. Таму што мінімальны кошт дыпломнай працы — 380-390 тысяч бел. руб. Гуманітарыі застаюцца ў хвасце, у той час як дыпломныя працы па дакладных і тэхнічных навуках "заважаць" ад 600 тыс. руб.

— Сярод нашых пастаянных кліентаў — студэнты з вядучых ВНУ Рэспублікі Беларусь (такіх як БДУ, БДЭУ, БНТУ, БДУФК, БДПУ, МІУ, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт і г.д.), — пераконваюць на адным з такіх сайтаў. — Мы прапаноўваем вам прафесійнае напісанне беларускіх дыпломных прац, дысертацый на заказ і г.д. па гуманітарных, эканамічных, юрыдычных і прыродазнаўча-навуковых дысцыплінах.

У інтэрнэце можна таксама заказаць і ўступны спіч да абароны дыплома. 10 долараў — і вы зачаруеце экзаменатараў сваімі ведамі.

30 тысяч — і рэферат за тры дні

Просценькі рэферат ад 5 да 30 старонак са спісам літаратуры і правільным афармленнем будзе каштаваць ад 30 тысяч беларускіх рублёў. І тры дні чакання.

Мінімальны кошт кантрольных па гуманітарных і эканамічных дысцыплінах — 60 тысяч "зайчыкаў". Прававыя дысцыпліны ў гэтай лінейцы "тавараў" даражэюць на 15 тысяч, тэхнічныя дысцыпліны займаюць першы радок з лікам 90 тысяч рублёў за адну кантрольную. А вось на дзіва па прымальных коштах ідуць кантрольныя па дакладных навуках (вышэйшая матэматыка і г.д.) — ад 8 тысяч.

— Самае цікавае, што некаторыя выкладчыкі займаюцца напісаннем падобных прац для іншага ВНУ, — кажа Вольга Кароль, студэнтка БДУ. — Чула пра гэта ад студэнтаў, якія заказвалі працы.

Экзамены — 50 баксаў, залікі — 6...

За грошы ў некаторых ВНУ можна здаць і экзамены, і залікі. Напрыклад, у 2008-м годзе ва ўніверсітэце ім. Куляшова за залік па дысцыпліне "Ахова працы" выкладчык браў па 20 тыс. Масштабы яго "рынку" дасягалі часам цэлых груп. Праваахоўнікі спынілі яго дзейнасць.

А вось экзамены, згодна з "таксай" аднаго з выкладчыкаў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, чатыры гады таму каштавалі ад 50 да 80 долараў.

— Я вось вучуся ў Санкт-Пецярбургу. У нас без грашовых адносін у навучальным працэсе ніяк не абыдзешся, — кажа расіянін Андрэй Дварадкін, студэнт Паўночна-заходняга тэхнічнага ўніверсітэта. — У нас ёсць выкладчыкі прынцыповыя, якія не бяруць зусім. А ёсць і такія, хто, прыходзячы на экзамен, пускае канверт па аўдыторыі, а пасля параўноўвае колькасць наяўных з колькасцю прысутных студэнтаў. І ўжо тады ставіць адзнаку.

"Шпоры" — ад 2500 за пытанне

З новых відаў паслуг аўтары шматлікіх сайтаў адзначаюць падрыхтоўку сацыялагічнай анкеты (20 тыс. руб.), мультымедыйнай прэзентацыі (40 тыс.), напісанне справаздачы па практыцы (150—180 тыс.) і нават падрыхтоўку "шпор" (ад 2500 рублёў за адно пытанне).

— У нас рэдка заказваюць шпаргалкі, таму што многім іх кошт (каля 5000 руб. за 1 пытанне) падаецца завышаным. Аднак ці так гэта? — пытаюцца арганізатары сайта kursоvіе.bу. — Вядома, не, калі вы заказваеце шпаргалкі на некалькі чалавек. Індывідуальны заказ шпаргалак — лёс толькі багатых студэнтаў.

Як сведчыць тэкст на сайце, шпаргалкі гэтых хлопцаў адрозніваюцца тым, што яны "даюць тэзісныя адказы на пытанні і сапраўды раскрываюць сутнасць пытання білета".

— Вам ніхто не скажа, што вы "льяце ваду", — пераконваюць на сайце.

Грошы = мазгі?

Студэнты Інстытута журналістыкі БДУ за сваё навучанне здаюць чатыры курсавыя работы (4х130 тыс. бел. руб.), пяць справаздач аб практыцы (5х150 тыс. бел. руб.), 45 экзаменаў (45х50 долараў), 90 залікаў (90х20 тыс. бел. руб.), безліч рэфератаў і адну дыпломную працу (380 тыс. бел. руб). Такім чынам атрымліваецца каля 10 млн бел. руб.

Студэнты энергетычнага факультэта БНТУ за пяць год здаюць каля 50 экзаменаў (бяром кошт па 50 долараў за адзін), 35 залікаў (па 20 тыс. кожны), 20 курсавых прац (памнажаем на 260 тыс), пяць-шэсць рэфератаў, тры практыкі і адну дыпломную працу. Агулам, калі перавесці ў беларускія рублі, атрымліваецца больш за 15 млн.

Нядрэнны пачатковы капітал?

0058648