Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


18-га студзеня ва Ўправе БНФ "Адраджэньне" адбылася сустрэча кіраўніцтва Маладога Фронту з прадстаўніком Дэмакратычнай Асацыяцыі Сэрбіі Аляксандрам Міларадавічам і адным зь лідэраў моладзёвага руху "Отпор" Слабаданам Джынавічам, якія прыехалі ў Беларусь з мэтай абмену досьведам правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў. На сустрэчы прысутнічаў таксама міжнародны сакратар Камітэту выбарнікаў Украіны Олэксі Лычковах.

Дэмакратычная Асацыяцыя Сэрбіі й моладзевы рух "Отпор" былі галоўнымі сіламі, якія дамагліся перамогі дэмакратычнага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі ў Югаславіі й звалілі рэжым Слабадана Мілошавіча ўвосень дзьвюхтысячнага году. Удзельнікі сустрэчы, паводле словаў лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, параўналі сытуацыю, якая склалася ў Югаславіі напярэдадні "аксамітнае рэвалюцыі", зь сёньняшняй сытуацыяй у Беларусі.

П. СЕВЯРЫНЕЦ: Мы параўноўвалі становішча, якое было ў тыя восеньскія дні ў Югаславіі, зь сёньняшняй сытуацыяй у Беларусі. Мяне проста ўразіла храналягічнае падабенства таго, што адбывалася там і зараз адбываецца тут. Гэта й масавыя выступленьні ў 1996 годзе, гэта й спад грамадзянскай актыўнасьці пасьля 1997-га году, гэта й абвастрэньне палітычнае сытуацыі на прыканцы 2000 году, перад прэзыдэнцкімі выбарамі.

Паводле словаў Паўла Севярынца, сэрбы ў часе восеньскіх падзеяў дзьвюхтысячнага году вельмі спадзяваліся на моладзь, што ў выніку й прывяло да ўпэўненай перамогі дэмакратычных сілаў.

П. СЕВЯРЫНЕЦ: Яны рабілі стратэгічную стаўку на моладзь. У нас падабенства ў тым, што і ў Югаславіі, і ў Беларусі жывуць па паўтары-два мільёны моладзі, бо нашыя краіны па колькасьці насельніцтва амаль роўныя - прыкладна па 10 мільёнаў насельніцтва. У тыя дні ў Югаславіі менавіта моладзь была ў першых шэрагах дэманстрантаў, менавіта моладзь забясьпечыла галасы Каштуніцы й менавіта моладзь абараняла перамогу дэмакратыі.

У часе сустрэчы сэрбскіх дэмакратаў з кіраўніцтвам Маладога Фронту на ёй прысутнічаў міжнародны сакратар Камітэту Выбарнікаў Украіны Олэксі Лычковах. Як паведаміў Павал Севярынец, спадар Лычковах мае намер застацца ў нашай краіне працяглы час, каб таксама аказаць дапамогу дэмакратычным сілам у падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў.

П. СЕВЯРЫНЕЦ: Ён прабудзе ў нас у Беларусі даволі працяглы час. Ён будзе дапамагаць беларускім дэмакратычным структурам, бо мае добры досьвед удзелу ў прэзыдэнцкіх кампаніях. У нас будзе зь ім яшчэ шэраг сустрэчаў, у часе якіх мы маем намер абмеркаваць усялякія падрабязнасьці нашага ўдзелу ў выбарчай кампаніі.

Паводле словаў лідэра Маладога Фронту, ягоная арганізацыя блізкім часам наладзіць шчыльныя стасункі з тымі краінамі Ўсходняе Эўропы, якія апошнімі гадамі мелі тыя ж, альбо падобныя, праблемы, як і сёньняшняя Беларусь. Гэта Чэхія, Харватыя, Славакія. Маладафронтаўцы робяць стаўку й на супрацоўніцтва з хрысьціянска-дэмакратычнымі, народніцкімі арганізацыямі Заходняе Эўропы, арганізацыямі эўрапейскіх кансэрватараў і дэмакратаў. Зь іхнаю дапамогаю - упэўнены Павал Севярынец - Маладому Фронту ўдасца падысьці да прэзыдэнцкіх выбараў усяляк падрыхтаванымі, як тэхналягічна, гэтак і інфармацыйна. А што тычыцца сымпатыяў гэтай моладзевай структуры ў часе прэзыдэнцкае кампаніі, то лідэр маладафронтаўцаў сказаў.

П. СЕВЯРЫНЕЦ: Я магу з упэўненасьцю сказаць, што і Ўправа, і Рада Маладога Фронту падтрымаюць на прэзыдэнцкіх выбарах Сямёна Домаша.

Тым часам, Малады Фронт разам зь іншымі моладзевымі арганізацыямі працягваюць падрыхтоўку да масавага сьвяткаваньня Дня Сьвятога Валянціна, якое адбудзецца ў Менску 14-га лютага.

Генадзь Кесьнер

Радыё Рацыя