Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Учора ў цэнтры Менску міліцыя гвалтоўна разагнала актывістаў апазыцыі, якія спрабавалі адзначыць 85-я ўгодкі БНР. У акцыі ўзялі ўдзел каля 200 чалавек. Былі затрыманыя каля 50 чалавек, у тым ліку лідэры апазыцыі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык, Юры Беленькі, назіральнік ад праваабарончай арганізацыі "Вясна" Віталь Кошалеў і журналіст агенцтва БелаПАН Аляксей Шэін.

Усе падыходы да плошчы Незалежнасьці, дзе зьбіраліся ўдзельнікі акцыі, кантраляваліся АМОНам і апэратыўнікамі ў цывільным. Яны прэвэнтыўна затрымлівалі лідэраў і арганізатараў акцыі. Першым пацярпеў граф Аляксандар Прушынскі, які раздаваў сваю кніжку "Эўрарамонт для Беларусі", апэратыўнікі яго павялі далей ад плошчы Незалежнасьці. Міліцыя заклікала ўдзельнікаў акцыі разысьціся:

(Голас з гукаўзмацняльніка: ) "Збор удзельнікаў мітынгу, прысьвечанага 85-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці БНР, дазволены на аўтастанцыі "Кульман".

На аўтобусным прыпынку ля паштамту затрымалі лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца. Ля Чырвонага касьцёлу таксама прэвэнтыўна затрымалі больш дзясятка актывістаў апазыцыі, у тым ліку жонку Вячаслава Сіўчыка Ганну і сына Вітаўта. Гаворыць маці Вячаслава Сіўчыка Галіна:

(Галіна: ) "Забралі жонку Слававу і малога сямігадовага Вітаўта. Што — ужо зараз пайшлі сямейныя зачысткі? Яны, дарэчы, былі ў касьцёле і прычашчаліся. І малое ня сьнедала, я чакала яго тут, каб яго узяць, і каб ён у мяне пасьнедаў".

Сам Вячаслаў Сіўчык, які быў арганізатарам акцыі, здолеў прыйсьці да паштамту, некалькі разоў яго спрабавалі затрымаць, але людзі адбівалі. Дзеяньні міліцыі спадар Сіўчык ацаніў як гвалт:

(Сіўчык: ) "Гэта звычайнае парушэньне ўсіх законаў, і тут ужо камэнтаваць няма чаго. Сапраўды, у гэтым годзе была пастаўленая Масквой перад лукашэнкаўскім рэжымам задача, каб сьвяткаваньне Беларускай Народнай Рэспублікі адбывалася ў абмежаваным фармаце. Але ж вы бачыце, што людзі ўжо прыйшлі, я думаю, што яны яшчэ будуць падыходзіць. Усё роўна беларусы маюць права на сваю гісторыю, нягледзячы на Лукашэнку. Канстытуцыя, яшчэ раз падкрэсьлю, гарантуе нам права на шэсьці, мітынгі й сходы, мы не вінаватыя ў тым, што сёньняшнія ўлады ня могуць забясьпечыць гэты канстытуцыйны артыкул сваімі падзаконнымі актамі".

На думку Вячаслава Сіўчыка ўлада баіцца, што людзі выйдуць ў Менску пад беларускімі сьцягамі, каб адзначыць сваё найвялікшае сьвята.

Удзельнікі акцыі тым часам узьнялі бела-чырвона-белыя сьцягі, засьпявалі патрыятычныя песьні й рушылі па ходніках праспэкту.

(Галасы: ) "Жыве Беларусь! Жыве!"

Аднак некалькі шэрагаў АМОНу перагарадзілі ім шлях, пачалі выціскаць удзельнікаў шэсьця на вуліцу Валадарскага, дзясяткамі затрымліваць і адводзіць у аўтобусы і "аўтазакі".

(Галасы: ) "Нашто ж вы іх душыце! Вы азьвярэлі! Нельга так! Адпусьціце яго! Фашысты!"

Вячаслава Сіўчыка затрымалі адным з апошніх — людзі ў цывільным занесьлі яго ў аўтобус на руках.

Валер Каліноўскі, Менск