Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На памежным пераходзе "Казловiчы" каля Берасьця мытнiкi затрымалi аўтамабiль, у якiм знаходзiлiся запасныя часткi да расейскiх самалётаў-зьнiшчальнiкаў МiГ-29. Адмыслоўцы не выключаюць, што гэтыя запчасткi транзытам празь Беларусь накiроўвалiся ў "гарачыя кропкi".

Афiцыйная iнфармацыя пра затрыманьне на беларуска-польскай мяжы запчастак да самалётаў-зьнiшчальнiкаў вельмi абмежаваная. Прэсавы сакратар берасьцейскай мытнi "Заходнi Буг" Сяргей Максiмаў пацьвердзiў сам факт затрыманьня грузу, але адмовiўся распавесьцi пра падрабязнасьцi гэтага здарэньня. Паводле ягоных словаў, камэнтаваць сытуацыю нельга, паколькi зараз працягваюцца апэратыўныя мерапрыемствы. Яны распачатыя ў сувязi з заведзенай крымiнальнай справай — "за незаконны экспарт аб’ектаў экспартнага кантролю".

Займаюцца гэтай справай i ва ўпраўленьнi КГБ Берасьцейскай вобласьцi, але тамтэйшая прэсавая служба таксама не дае нiякiх камэнтароў.

Паводле неафiцыйных зьвестак, затрыманьне згаданага грузу, якi накiроўваўся з Расеi ў Польшчу, адбылося выпадкова. Мытнiкi зьвярнулi ўвагу, што ў дакумэнтах выкарыстаная пячатка старога ўзору, i вырашылi ўважлiва дагледзець аўтамабiль. Замест задэкляраванага чорнага мэталу ў машыне знаходзiлiся палiўныя бакi й запасныя часткi для расейскiх самалётаў-зьнiшчальнiкаў МiГ-29. Зьвяртае на сябе ўвагу, што ўсе запчасткi былi новыя, а зьнiшчальнiкi гэтай мадыфiкацыi выкарыстоўваюцца выключна ў вайсковых апэрацыях.

Хто насамрэч ёсьць гаспадаром грузу i каму ён быў прызначаны, застаецца пакуль невядомым. Але адмыслоўцы, якiя маюць дачыненьне да берасьцейскай мытнi, гавораць, што наўрад цi гэтыя запчасткi засталiся б у Польшчы. Ёсьць вялiкая верагоднасьць таго, што прылады для самалётаў-зьнiшчальнiкаў павiнны былi трапiць у краiны, якiя маюць на ўзбраеньнi расейскiя зьнiшчальнiкi i ўдзельнiчаюць у вайсковых канфлiктах.

Адмыслоўцы таксама не выключаюць, што падобным чынам адпаведны груз перавозiўся i раней. Гэта таксама можа сьведчыць пра невыпадковасьць цяперашняга нежаданьня iнфармаваць грамадзкасьць, спасылаючыся на таямнiцу сьледзтва.

Алег Супрунюк, Берасьце
,