Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кіраўнік новага офісу АБСЭ ў Менску Эбэргарт Гайкен накіраваў ліст у газэту "Народная воля" ў адказ на артыкул "Якая місія ў місіі АБСЭ". Журналіст Алесь Сіліч крытыкаваў новае кіраўніцтва місіі — у прыватнасьці, за нежаданьне назіраць за акцыяй "За лепшае жыцьцё".

Спадар Гайкен не пагадзіўся з прэтэнзіямі й выказаў сваё неўразуменьне ў зьвязку з тым, што выданьне не паспрабавала абмеркаваць свае крытычныя заўвагі непасрэдна з прадстаўнікамі місіі. Якія функцыі насамрэч мае місія АБСЭ — удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у акцыях апазыцыі, уступаць ці не ўступаць у канфрантацыю з уладамі, і якім чынам спрыяць дэмакратыі?

У тэлефоннай размове доктар Гайкен быў ветлівым і ляканічным. Адносна публікацыі ў "Народнай волі" ён паведаміў, што звычайна не камэнтуе падобны ўзровень журналістыкі, а тым больш неабгрунтаваныя высновы адносна нямэтазгоднасьці працы місіі. Кіраўніка офісу зьдзіўляе, што такія высновы робяцца літаральна празь месяц ад пачатку ягонай дзейнасьці ў Менску.

Што да іншых пытаньняў, то спадар Гайкен паабяцаў адказаць на іх у наступным месяцы.

Аднак, наколькі насамрэч зараз марнуюцца ў Менску грошы эўрапейскіх падаткаплатнікаў, ці ў кампэтэнцыі місіі ўдзельнічаць ў акцыях апазыцыі, ці робіць менскі офіс увогуле што-небудзь карыснае дзеля беларускай дэмакратыі? — такія пытаньні мы паспрабавалі высьветліць у папярэдніка доктара Гайкена — доктара Віка, на адрас якога і дагэтуль чуецца крытыка як з боку беларускіх уладаў, так і з боку іх апанэнтаў.

(Вік: ) "Я не магу рабіць тлумачэньні паводле канкрэтнага факту, аднак ведаю, што місія выконвае сваю справу ў адпаведнасьці з мандатам і тым, як гэта ўзгоднена з кіраўніцтвам АБСЭ ў Вене. Аналізуючы цяперашнюю працу офісу, трэба зыходзіць з таго, што беларускі ўрад на працягу 2002 году літаральна заблякаваў дзейнасьць прадстаўніцтва АБСЭ, а таксама з таго, што цяперашняя місія мае іншую канструкцыю, чым папярэдняя.

Аднак мушу заўважыць, што маю чатырохгадовую працу ў Менску ў рамках іншага мандату пастаянна крытыкавалі то ўрад, то апазыцыя. Прыводзіліся самыя розныя аргумэнты, у тым ліку вельмі падобныя на гэтыя. У любым выпадку, мяне вельмі часта крытыкавалі.

Як былы кіраўнік я не хацеў бы рабіць нейкія параўнаньні, каб ня быць недакладна зразуметым. Нашая група ўдзельнічала ў розных імпрэзах — дзяржаўных, апазыцыйных. Але гэта было ў наш час. Зараз час іншы, і ўсё вырашае цяперашняе кіраўніцтва. Я перакананы, што цяперашняя каманда дзейнічае вельмі добрасумленна і прафэсійна на шляху будаўніцтва грамадзянскай супольнасьці. Рабіць нейкія меркаваньні пра вынікі працы зарана. Гэта пытаньне, на якое адкажа час".