Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Яўген ВАЛОШЫН,

У "Звязду" прыйшоў ліст з Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама: усе пытанні будуць вырашаны. Некаторыя бацькі скардзяцца, што іх адгаворваюць аддаваць дзетак у беларускамоўную групу: "Мова не запатрабаваная, шафак на ўсіх можа не хапіць"...

У сакавіку на старонках "Звязды" выйшаў артыкул пра тое, як 24 сям'і з Мінска спрабуюць уладкаваць сваіх дзяцей у беларускамоўную групу дзіцячага садка (нумар за 11 сакавіка г.г.).

У артыкуле распавядалася, што Фрунзенскі раён сталіцы, які па насельніцтве роўны некаторым абласным цэнтрам Беларусі, мае толькі адзін (!) беларускамоўны садок. А бацькі, якія хочуць, каб дзеці атрымлівалі адукацыю на роднай мове, вымушаны прайсці праз тузін бюракратычных перашкод. Быццам яны не беларусы, а нейкія бежанцы...

Пачалося з таго, што сёлета мінскі сталяр Уладзімір Сярко паспрабаваў уладкаваць свайго малодшага сына Усевалада ў беларускую групу дзіцячага садка. Але вось што пачуў у адказ: "Апроч вас ахвотных няма". Тады спадар Уладзімір расклеіў у сваім раёне аб'явы ў пошуку аднадумцаў. І за тыдзень-другі на мабільнік мужчыны патэлефанавалі з 24 маладых сем'яў, якія, аказваецца, таксама хочуць беларускай будучыні для сваіх карапузаў (сёння спіс ахвотных — больш за 30 такіх сем'яў). Гэтыя людзі сталі ўдзельнікамі так званага "сухараўскага спіса". Цікава, што многія бацькі аказаліся рускамоўнымі, якія, аднак, разумеюць, што будучыня краіны — за родным словам.

Бацькі расказалі і пра тое, што спробы арганізоўваць беларускамоўныя групкі былі і раней, паспяховыя і няўдалыя. Але найчасцей пазіцыя чыноўнікаў прыводзіла да таго, што патэнцыйныя беларускамоўныя групкі рассыпаліся.

І вось пасля выхаду крытычнага артыкула ў рэдакцыю прыйшоў ліст "Аб разглядзе артыкула "У дзіцячым садку сын адвучваецца ад беларускай мовы" з Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. Дакумент падпісаны старшынёй Уладзімірам Шчэрбам (копія даслана і ў прэс-цэнтр Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта).

"Камітэт па адукацыі, Упраўленне адукацыі адміністрацыі Фрунзенскага раёна падтрымліваюць пажаданне бацькоў аб адкрыцці груп з беларускай мовай навучання і выхавання ў адным альбо двух садках Фрунзенскага раёна. Бацькі атрымалі адказ аб тым, што згодна з іх пажаданнямі групы, будуць адкрыты, — напісана ў дакуменце. — У 2010—2011 навучальным годзе ў Мінску працуюць два беларускамоўныя садкі і 135 дашкольных груп з беларускай мовай навучання. Камітэт выказвае надзею, што згодна з вынікамі сустрэчы, якая адбылася з ініцыятыўнай групай бацькоў, усе пытанні будуць вырашаны ў канструктыўным супрацоўніцтве на карысць дзяцей".

У дакуменце было пазначана, што "запыты бацькоў вывучаюцца", а канчатковыя рашэнні будуць прымацца ў пачатку красавіка.

Тэрмін мінуў, і журналіст "Звязды" распытаў у бацькоў з "сухараўскага спіса", ці задаволены яны вынікам.

— Мы ўжо было ўсцешыліся, што нам дадуць беларускамоўную групку. Хоць з 25 дзяцей семярых (2007 года нараджэння) накіравалі ў садок № 570, — падзялілася Ганна Сярко, маці з "сухараўскага спіса". — Па маёй інфармацыі, аддаваць дзяцей у гэты садок захацелі не ўсе сем'і... Астатнім прапанавалі іншую дашкольную ўстанову — № 565 па вуліцы Чайлыткі. Я і яшчэ адна матуля, Вераніка Лебедзь, усцешыліся і пабеглі пісаць заявы ў гэты садок. Хоць пазней мы зразумелі, што гэта была памылка, трэба было ісці ўсім разам. Бо некаторыя матулі, схадзіўшы ў гэты садок, вырашылі не рызыкаваць, не падаваць туды заяву. І засталіся ў звычайных рускамоўных дашкольных установах побач са сваім домам...

Чаму так атрымалася? Журналіст "Звязды" датэлефанаваўся да некалькіх матуляў, якія вырашылі "не рызыкаваць" (прозвішчы людзей не будзем пазначаць на старонках газеты, каб ім не нашкодзіць).

Матулі расказалі, што ў садку № 565 іх актыўна адгаворвалі ад ідэй запісваць дзіця ў беларускамоўную групу: "Сказалі, што група будзе перапоўненая, дзяцей будуць вазіць з усяго раёна ў аўтобусах, малыя будуць хварэць, шафак на ўсіх можа не хапіць..."

Такім чынам, па інфармацыі ініцыятыўнай групы "сухараўскага спіса", толькі 10 сем'яў з 17-і напісалі заявы ў дашкольную ўстанову № 565. А іншым бацькам, якія хацелі б аддаць дзяцей сюды, у беларускамоўную групу, гэтага зрабіць не дазваляюць.

— Бацькі скардзяцца, што як толькі яны заяўляюць пра жаданне трапіць у беларускамоўную групу садка № 565, да іх пачынаюць ставіцца прадузята, патрабуюць стос дакументаў. Таму ёсць падставы думаць, што жаданая беларускамоўная групка так і не арганізуецца, — падсумавалі бацькі з "сухараўскага спіса".

Журналіст "Звязды" пад выглядам маладога бацькі патэлефанаваў у садок № 565: "Хачу аддаць да вас сваё беларускамоўнае дзіця". Адгаворваць мяне не сталі і адправілі ў раённае ўпраўленне адукацыі паразмаўляць на гэту тэму. Але не давяраць словам бацькоў падстаў таксама няма.

Нагадаем, што беларуская мова ўнесена "ЮНЕСКА" ў спіс моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення. І ў такой сітуацыі любыя беларускамоўныя ініцыятывы павінны вітацца і заахвочвацца.

"Звязда" будзе сачыць за лёсам дзяцей з "сухараўскага спіса".

Ад аўтара

На першы погляд, сітуацыя, апісаная ў гэтым артыкуле, дробязная. Ну што такое адна беларускамоўная групка ў межах цэлай дзяржавы?

Аднак гэта сітуацыя ілюструе дзве істотныя праблемы.

Першая: калі ў райвыканкаме арганізоўваецца чарга ў дзіцячыя садкі, моўную прыналежнасць дзяцей фіксаваць не прынята. І чыноўнікі не маюць аб'ектыўнай карцінкі, колькі беларускамоўных садкоў павінна быць. Да таго ж, калі дзіця з цяжкасцю трапіла ў перапоўнены садок, бацькі часта баяцца нават заікнуцца пра беларускую мову.

Другая праблема — тое, што ў Беларусі бацькі павінны ў літаральным сэнсе біцца за права сваіх дзяцей атрымліваць адукацыю на роднай мове. Пра "сухараўскі спіс" напісала газета "Звязда", найбуйнейшы інтэрнэт-партал краіны TUT.BY, яшчэ некалькі газет, перадало адно з інфармацыйных агенцтваў. А ці будзе арганізавана групка, дагэтуль незразумела.

А чаму так атрымліваецца?

Таму што для некаторых чыноўнікаў, якія павінны сёння займацца рэанімаваннем беларускай мовы, бацькі з "сухараўскага спіса" і журналісты, як я, — хто заўгодна (назойлівыя мухі і г.д.), але не патрыёты і не эліта.

І ў выніку нашы стандартныя прадстаўнікі маладога пакалення, якія выхоўваюцца як давядзецца, і растуць нярэдка адпаведна...

І карані праблемы пачынаюць віцца ад самых дзіцячых садкоў... 
0058648