Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У прыватнасьці, такую думку выказаў старшыня Каардынацыйнай рады Беларускіх фабрык думкі Алег Манаеў:

(Манаеў: ) "Вядома, што за апошнія месяцы беларускае кіраўніцтва на чале з прэзыдэнтам выказвала падтрымку Іраку наагул — так бы мовіць, супраціў, адстойваньне сваіх інтарэсаў, стабільнасьць і г.д. Плюс вядомая інфармацыя пра пэўныя намеры запрасіць пэўных людзей. У прыватнасьці, сына Садама Удэя, па лініі Алімпійскага камітэту.

Я абсалютна ўпэўнены, што ў сёньняшнім кантэксьце, калі пачалася вайна, а асабліва калі мы зазірнем у будучыню, як зьменіцца геапалітычны расклад пасьля вайны, гэта бясспрэчна пагоршыць становішча Беларусі. Бо большая частка Ўсходняй Эўропы выказвае падтрымку амэрыканскаму курсу ў адносінах да Іраку. Таму тут альбо кіраўніцтва Беларусі зразумее, да чаго прывядзе такі курс і яго неяк скарэктуе. Калі ж не, то, я думаю, беларусаў будуць чакаць вялікія непрыемнасьці".

Алег Манаеў, аднак, мяркуе, што падобная атака на Беларусь з боку ЗША ў найбліжэйшай будучыні малаверагодная.

А вось меркаваньне намесьніка старшыні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандра Саснова:

(Сасноў: ) "Нейкага вялікага ўплыву на беларускія ўлады, да іх адносінаў да іншых краінаў ня будзе. Што тычыцца самога Лукашэнкі, яму прыйдзецца задумацца пра лёс Садама. Бо ён наступны, і калі ён будзе паводзіць сябе такім чынам, як ён гэта зараз робіць, як Моська на слана гаўкае, на ЗША, на НАТО. Я думаю, Лукашэнка паслабіць гэты націск. Што тычыцца прытулку для Садама... Я ня думаю, што ён абярэ Беларусь. Ён усё ж араб і будзе жыць у нейкай арабскай краіне".

Кіраўнік Цэнтру дасьледаваньняў будучыні Аляксандар Патупа лічыць, што Беларусь сапраўды можа стаць наступным аб’ектам у плянах ЗША па навядзеньні парадку ў сьвеце:

(Патупа: ) "На мой погляд, гэта не вайна, гэта праваахоўчая апэрацыя часткі міжнароднай супольнасьці. І таму Беларусі трэба мець рацыянальны погляд на гэтую сытуацыю. І рабіць вельмі прадуманыя крокі, каб заняць больш нэўтральную пазыцыю. Каб сытуацыя не пагоршылася для Беларусі. У Вашынгтону ёсьць наступныя аб’екты ўвагі: Блізкаўсходні чатырохкутнік — Ірак, Іран, Саудаўская Арабія й Палестына, Паўночная Карэя і праблемы Эўропы. А праблемы Эўропы — гэта беларуская праблема. І думаю, ціск будзе нарастаць, калі блізкаўсходняя апэрацыя пройдзе паводле амэрыканскага сцэнару".

Альгерд Невяроўскі, Менск
,