Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У зьвязку з мажлівай вайной у Іраку будынак амбасады ЗША ў Менску будзе ўзяты пад узмоцненую ахову беларускай міліцыяй.

У сераду раніцай адбылася сустрэча кіраўніцтва аб’яднаньня "Ахова" беларускага Міністэрства ўнутраных справаў з прадстаўнікамі амэрыканскае амбасады ў Менску. Паводле прэсавай службы аб’яднаньня "Ахова", гэтая сустрэча адбылася з ініцыятывы дыпляматаў ЗША. Як паведаміла прэсавая сакратарка "Аховы" Марына Эвэрсман, будзе ўзмоцненая ахова ня толькі амэрыканскай, але таксама ўсіх іншых амбасадаў у Менску.

Пасьля таго, як з амэрыканцамі сустрэўся начальнік управы па ахове дыпляматычных прадстаўніцтваў і консульскіх установаў палкоўнік Віктар Сьвірыдзенка, я наведаў раён вуліцы Старавіленскай, дзе разьмешчаныя амбасады ЗША, Расеі ды Ўкраіны. Ніякіх узмоцненых захадаў бясьпекі я ня ўбачыў — проста пяць міліцыянтаў стаялі каля агароджаў, якімі абнесеныя амбасады.

Адзін зь міліцыянтаў сказаў мне, што за апошнія дні нічога не зьмянілася. Сапраўды, нягледзячы на дарожны знак, які забараняе праезд па вуліцы Старавіленскай, аўтамабіль са звычайнымі беларускімі нумарамі спакойна праехаў ля амэрыканскай амбасады й павярнуў на Камуністычную. Ніхто кіроўцу не спыніў. Раней у асаблівых выпадках праезд па Старавіленскай перагароджвалі вялікімі джыпамі з дыпляматычнымі нумарамі — цяпер гэтага няма.

Супрацоўнік інфармацыйнае службы амбасады ЗША Аляксей Саламаха заявіў, што пытаньні, зьвязаныя з працэдурамі й мэханізмамі бясьпекі, амбасада не камэнтуе.

Не камэнтуе пытаньні бясьпекі сваёй амбасады ў Іраку й Міністэрства замежных справаў Беларусі. Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных заявіў, што беларускія дыпляматы ў Іраку зрабілі ўсё, што трэба.

(Савіных: ) "Яны выконвалі інструкцыі МЗС і пасьля адпраўкі нашых грамадзянаў ажыцьцяўлялі мерапрыемствы па перамяшчэньні архіваў, дакумэнтацыі, працягваючы свае дыпляматычныя функцыі ў Багдадзе. Ад сёньняшняга дня яны разьмяшчаюцца ў Дамаску".

Андрэй Савіных дадаў, што афіцыйная фармулёўка ад’езду беларускіх дыпляматаў з Іраку наступная: "У зьвязку з абвастрэньнем сытуацыі ў рэгіёне й пагрозай ваеннага канфлікту яны будуць часова знаходзіцца на тэрыторыі Сырыі". Нагадаю, што яшчэ на мінулым тыдні я знайшоў па тэлефоне ў сырыйскай сталіцы Дамаску кіраўніка беларускай амбасады ў Іраку Юрыя Оранжа, які паведаміў, што зьехаў з Багдаду адразу пасьля адпраўкі самалёту ў Менск зь беларускімі грамадзянамі.

Юры Сьвірко, Менск