Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Адны памятаюць яго па мітынгах канца 1980-х. Другія - па вандроўках на хвалях “Радыё Свабода”. Ну,
Сяржук Сокалаў-Воюш нарадзіўся 16 кастрычніка 1957 года у вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну. Скончыў філфак БДУ (1985). Працаваў слесарам, настаўнікам наваполацкай СШ №5, навуковым супрацоўнікам філіялу музея Якуба Коласа (вёска Мікалаеўшчына). Загадваў літаратурнай часткай лялечнай трупы Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск, з 1988 па 1990 год).

З 1991 года — у ЗША. Працаваў на “Радыё Свабода”.

Сябра Саюзу беларускіх пісьменнікаў. Аўтар зборніка паэзіі "Кроў на сумётах" (1989), кнігі "Крывавы памол" (2004). Запісаў музычныя альбомы "Нефармальны беларус ды іншыя песьні" (2001) і "Песьні Лісоўчыкаў" (2006).

Жанаты. Мае трох сыноў.
і амаль усе знаёмыя з ягоным тэкстам “Паланезу”Агінскага “Развітанне з Радзімай”. Сяржук Сокалаў-Воюш, які вось ужо два дзесяцігоддзі жыве ў Амерыцы, разважаў у эфіры TUT.BY-ТВ пра апошняе Адраджэнне, беларусізацыю, памылкі апазіцыі ды перспектывы нацыі. 

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць аудыя (14.43 МБ)


"Там, дзе з’яўляецца 200 беларусаў, паўстае Беларусь у мініяцюры"

 
- Сяржук, якая вясна табе падабаецца больш - у Нью-Ёрку ці ў Беларусі?
 
- У Штатах - чужая вясна, і людзі там застаюцца чужыя. Тут усё сваё: народ, снег, лёд і нават бруд на вуліцах Наваполацка…
 
- 20 год ты жывеш за мяжой. Аб чым думалася, калі гэтым разам ехаў з аэрапорту ў Мінск?
 
- Цяпер хварэе мая сястра. Таму думаў найперш пра яе, пра сваю сям’ю. Думаў пра тое, што трэба выступіць і данесці да беларускага слухача хоць некаторыя новыя песні...
 
- Папярэдні раз ты быў на радзіме тры гады назад. Ці змянілася штосьці за гэты час?
 
- Мне часта задаюць гэтае пытанне, і я прыйшоў да высновы, што не ведаю адказу. Я ствараю вакол сябе зручную і звычную атмасферу дабра, цеплыні і сяброўства. Тую атмасферу, якая, на маю думку, павінна панаваць у Беларусі. Пад уплывам гэтага людзі мяняюцца, і табе складана ацаніць, як яно насамрэч.
 
- Як на тваіх вачах змяніўся беларускі эмігранцкі асяродак у ЗША?
 
- Думаю, ён мяняецца ў горшы бок. Паўсюль, дзе з’яўляецца пэўная колькасць беларусаў - скажам, чалавек 200-300 - ствараецца сітуацыя, як у Беларусі. Такая сабе Беларусь у мініацюры. Пачынаюць працаваць падобныя спосабы адносінаў, працы і супрацы. Напэўна, гэта перадаецца на генетычным узроўні.
 
- За савецкім часам менавіта эміграцыя захоўвала і развівала сваю Беларусь на чужыне. Цяпер гэтае пакаленне адыходзіць. Ці бачная змена?
 
- У сэнсе нацыянальнай свядомасці там сітуацыя лепшая, чым на радзіме. Нават новыя людзі, якія прыязджаюць і не размаўляюць па-беларуску, з цягам часу становяцца беларускамоўнымі. Чаму? Бо трапляюць у беларускамоўнае асяроддзе, у якім, нават ведаючы два-тры словы, чалавек імкнецца быць не горшым за іншых. Наступны крок - зразумець, чаму ты так павінен рабіць.

Цешыць, што на 29-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбылася ўвосень у Нью-Джэрсі, большасць удзельнікаў складала беларускамоўная моладзь.
 
Вядома, перыядычна з’яўляюцца і выпадковыя людзі, мэта якіх, напрыклад, атрымаць палітычны прытулак. Для гэтага трэба пакруціцца вакол эміграцыі, сфатаграфавацца з вядомымі дзеячамі...
 
Наагул жа, колькасць нацыянальных свядомых беларусаў за акіянам паступова расце.

 
- Большасць гэтых людзей не разглядаюць мажлівасць вяртання ў Беларусь?
 
- Два мае сыны нарадзіліся ў Штатах (Жонка С. Сокалава-Воюша Ганна Бартуль нарадзілася ў сям’і беларускіх эмігрантаў у Вялікабрытаніі і вырасла ў ЗША. - TUT.BY). Старэйшы з іх цяпер скончыў школу ды паступіў ва ўніверсітэт. Ён вывучае палітыку з эканомікай і ўжо цяпер думае, як пасля атрымання адукацыі быць карысным Беларусі, якую ўспрымае як сваю краіну. Гэта таксама форма вяртання.
 
Некаторыя, пажыўшы ў Амерыцы, вяртаюцца на Беларусь. Аднак калі супастаўляеш узровень жыцця тут і там, параўнання няма. Чалавек найчасцей выбірае, дзе лепш. Гэта нармальна. Важна толькі, каб ён не забываўся на радзіму і так ці інакш удзельнічаў у яе жыцці. 
 

"Ёсць народ - і ён маленькі, а ёсць насельніцтва - і яго шмат"
 

- Падзяліся, як ты на побытавым узроўні прышчапляў сынам беларушчыну, вучыў іх мове?
 
- Усё вельмі проста. Беларуская - мова нашай сям’і. Дома мы размаўляем толькі па-беларуску. Калі хлопцы пайшлі ў дзіцячы садок, па-ангельску не гаварылі. Выхавацелька сказала жонцы: “Ты павінна размаўляць з імі па-ангельску!”. На што жонка адказала: “Не, гэта ты павінна па-ангельску. Я буду па-беларуску, бо ніхто іншы іх роднай мове не навучыць”.
 
Потым былі беларускія казкі, дзіцячыя кніжкі і нашы прыезды на Беларусь. Па дарозе вывучалі гісторыю, культуру. На радзіме сустракаліся з маім сябрамі - мастакамі, літаратарам, музыкамі, што таксама моцна пашырыла кругагляд сыноў.
 
Кожны раз мы таксама стараемся з’ездзіць у Мір альбо ў Нясвіж. Сёння Светавіт і Славамір ведаюць цэлую галерэю нацыянальных герояў Беларусі і часам знаходзяць у інтэрнэце па-ангельску такія звесткі, пра якія я і не ведаў.
 
Гэта нават не выхаванне, а натуральнае жыццё.
 
- Што тваіх хлопцаў найбольш здзівіла ў Беларусі?
 
- Старэйшы Светавіт першы раз наведаў Беларусь, калі яшчэ не хадзіў. У Мінску праходзіў першы З’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня 1993 г. - TUT.BY). Я сустрэў жонку ў аэрапорце, і мы паехалі ў Наваполацк. Па дарозе спыніў машыну, паставіў сына пасярод шашы і сказаў: “Тупні як след! Гэта твая зямля!”
 
У пазнейшыя прыезды ў іх узнікала багата пытанняў, бо розніца ва ўзроўнях жыцця велізарная. Яны хацелі ведаць, чаму ў Беларусі людзі не жывуць так, як у Амерыцы. Мы многа на гэтыя тэмы гаворым, ім цікава.

 
- Ці здзівіла іх тое, што Беларусь не размаўляе па-беларуску, як ваша сям’я?
 
- У нас у хаце склалася такая думка: ёсць народ - і ён маленькі, а ёсць насельніцтва - і яго шмат. Народ размаўляе па-беларуску, ведае гісторыю. Гэта тыя, хто ёсць беларусам у поўным сэнсе. Насельніцтва не народ, але можа ім стаць.
 
Мы ў сваю чаргу таксама можам станавіцца большымі беларусамі. Мяжы дасканаласці тут няма. Ты набіраеш жыццёвы досвед і новыя веды, лепей разумееш свет, а свет лепей разумее цябе.
 
Часам здараліся і канфліктныя сітуацыі. Сыны ведаюць тры мовы: беларускую, ангельскую і іспанскую. Па-расійску не гавораць. Прычым, я толькі тады зразумеў, наколькі розныя беларуская і расійская мовы, калі пабачыў, што дзеці амаль нічога не разумеюць па-расійску. Аднойчы нешта хацелі купіць на вакзале ў Мінску, а ўсе цэннікі на расійскай. Яны і кажуць: не разумеем, што напісана. Прадавачка адказвае: “У нас дзве дзяржаўныя мовы”. “Ну, так, мы адну з іх вывучылі. Ці трэба ведаць дзве!?”
 
У такіх выпадках ім дапамагаю я ці мой самы старэйшы сын ад першага шлюбу Стась, які жыве ў Беларусі.
 

"Мы не да канца адрадзіліся"

 
- Ты стаяў у першых шэрагах нацыянальнага адраджэння яшчэ ў 1980-х. Самае важнае, што, на тваю думку, не адбылася з нашым народам і  краінай за прамінулыя дзесяцігоддзі?
 
- Мы не да канца адрадзіліся. Не вырасла самасвядомасць. У многіх маладых людзей, з якімi я сустракаюся, ёсць пачуццё патрыятызму, але яно не звязана з асноўнымі складнікамі нацыянальнай ідэнтычнасці - мовай, глыбокім веданнем гісторыі, літаратуры, адчуваннем сябе прадстаўніком гэтай зямлі і гэтага народу. Кожны, а не толькі лідары, павінен адчуваць сябе ў гэта ролі. Вось я прыйшоў з сынамі ў лес і сказаў: “Гэта ваш лес, вы не можаце тут пакідаць смецце. Гэта ваша поле, зямля, горад”. У людзей не вырасла пачуццё ўласнасці, адчуванне сябе гаспадаром гэтай зямлі.
 
- Ці не падаецца табе, што час для гэтага ўпушчаны?
 
- Пакуль жывыя мае сыны, якія гавораць па-беларуску, нічога не позна. Як не стане беларускамоўных, будзе складана. Але, думаю, гэтага ніколі не будзе. Цяпер у мяне ў Беларусі ёсць унук і ўнучка, і іхняя мова, спадзяюся, беларуская. 
 

"Загразлі ў сваіх памылках і не можам з іх вылезці"
 


- Азіраючыся сёння на падзеі канца 1980-х - пачатку 1990-х, якія асноўныя памылкі зрабілі адраджэнцы, дэмакраты?
 
- Можа быць, трэба было быць больш актыўнымі, але і больш акуратнымі. У некаторых пытаннях, як з мовай, мы ішлі напралом. Гісторыя паказала, што гэта не было кепска, бо вырасла цэлае пакаленне, што скончыла беларускую школу, дакранулася да мовы. Але, магчыма, калі б мы дзейнічалі больш акуратна, дык і выйгралі б больш.
 
У канцы 1980-х Сокалаў-Воюш часта выступаў на мітынгах. Фота: Svaboda.org
У канцы 1980-х Сокалаў-Воюш часта выступаў на мітынгах. Фота: Svaboda.org
 
Былі і памылкі палітыкаў. Але ў здаровым грамадстве такія рэчы проста вырашаюцца. Памылкі прызнаюцца, папраўляюцца, і ўсё ідзе далей. Найгорш, што мы загразлі ў гэтых памылках і не можам з іх вылезці.
 
Напэўна, не дабралі і ў пытаннях адукацыі людзей. Тады былі большыя магчымасці дайсці да чалавека, а мы замкнуліся ў сваім апазіцыйным коле. Разумееш гэта, як пачынаеш сёння гаварыць з людзьмі, якія паняцця не маюць, што адбывалася ў тыя часы. Гэта значыць, пра тое, што рабілася ў сталіцы, у правінцыі не ведаюць і не памятаюць. Яны проста перайшлі з камуністычнай фармацыі ў невядома якую, і стараюцца выжыць.
 
Мы не навучылі людзей жыць, як мы гэта разумеем, і ім засталося выжываць. Канечне, мы можам памыляцца, але ў любым разе гэта быў бы іншы шлях.
 
- Ты ўпэўнены, што з улікам гістарычнага мінулага ў нас мог быць гэты іншы шлях?
 
- Безумоўна. Некаторым палітыкам не хапіла волі, сілы і жадання. Калі б тыя, хто тады вырашаў лёс Беларусі, былі больш упартымі, мэтанакіраванымі перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі, у нас была б іншая сітуацыя. Хутка пасля выбараў шэрагі апазіцыі пачалі папаўняцца тымі, хто ад пачатку стаяў з іншага боку. Хіба яны не бачылі, што адбываецца? Хіба ім не гаварылі? Аднак спачатку яны выбралі адну дарогу, а потым вырашылі яе змяніць, але было ўжо позна.
 
- На твой сённяшні розум, ці ёсць ў незалежнай Беларусі будучыня без беларускай мовы?
 
- Наўрад ці гэта будзе беларуская нацыя і краіна. У свеце, канечне, ёсць адваротныя прыклады, але нават ірландцы адраджаюць мову, заахвочваюць да яе вывучэння. Хоць у іх і эканамічная сітуацыя лепшая, чым у нас, і большасць гаворыць на галоўнай сусветнай мове - ангельскай.
 

"Яны мелі ўсё і ахвяравалі гэтым для Бацькаўшчыны!"
 

- Шэсць год назад ты прэзентаваў у Мінску новы альбом - акапэльныя спевы коннікаў часоў ВКЛ - “Песні лісоўчыкаў”. Над чым працуеш цяпер?
 
- У прынцыпе над працягам таго, пра што мы казалі вышэй. Надышоў час паглядзець на саміх сябе, ці ўсё мы слушна рабілі і робім. Мы гаворым пра кансалідацыю, з’яднанасць, але ёсць людзі, якія гэтаму перашкаджаюць. Я паглядзеў на нас, вылучыў самыя характэрныя тыпажы ды напісаў пра іх песні, кожная з якіх мае свайго прататыпа. Новая кружэлка будзе называцца “Граблі”. Пра тыя самыя граблі, на якія мы наступаем да самай перамогі.
 
Таксама я шмат перакладаю.У хуткім часе мусіць выйсці кружэлка перакладзеных мной песень з ангельскай і расійскай мовы ў выкананні Таццяны Грыневіч і Адася Матафонава.
 
Апроч таго, заняўся і яшчэ адной неверагодна цікавай справай. У мяне апынуўся спіс з 8 тысяч паўстанцаў Каліноўскага. Пачаў складаць біяграфічны слоўнік, адпаведніка якому не маюць ні палякі, ні расійцы. Чытаю біяграфіі гэтых людзей, гляджу на фотаздымкі канфіскаваных у іх маёнткаў і не перастаю захапляцца. Яны мелі ўсе і ахвяравалі гэтым ўсім для Бацькаўшчыны!
 
- У кожны прыезд у Беларусь ты даеш канцэрты. Тое, што праз 20 год адсутнасці людзі па-ранейшаму ідуць на твае выступы, слухаюць твае запісы - аб чым гэта сведчыць?
 
- Аб тым, што ў мяне многа сяброў, і мы трымаемся разам. Ні адлегласць, ні час не могуць нас разбіць. Гэта прыклад для ўсяго народу. Мы адна сям’я, у нас адна генетычная памяць. У нас няма выбару: толькі разам.

Внимание! У вас отключен JavaScript, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Загрузите последнюю версию флэш-проигрывателя.

Спампаваць вiдэа